У Палаце прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi рыхтуецца да разгляду ў першым чытаннi законапраект «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублiкi Беларусь па пытаннях правядзення выбараў i рэферэндумаў». Карэкцiравацца будуць Выбарчы Кодэкс, законы «Аб Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь» i «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублiцы Беларусь». Па некаторых даных, законапраект дэпутаты будуць разглядаць ужо на першым пленарным пасяджэннi восеньскай сесii, якая пачнецца першымi днямi кастрычнiка.

Як паведамiла «Звяздзе» намеснiк старшынi камiсii па дзяржаўным будаўнiцтве, мясцовым самакiраванні i рэгламенце нiжняй палаты беларускага парламента Галiна Мазуркевiч, дакумент утрымлiвае змяненнi i дапаўненнi ў больш чым 60 артыкулаў законаў па пытаннях правядзення выбараў i рэферэндумаў. Большая частка паправак носяць тэхнiчны характар або прыводзяць законы ў адпаведнасць з iншымi заканадаўчымi актамi. У прыватнасцi, змяняецца 8 артыкул закона «Аб Прэзiдэнце РБ». Ён становiцца больш кароткi: «Тэрмiн паўнамоцтваў Прэзiдэнта – пяць гадоў», а словы «адна i тая ж асоба можа быць Прэзiдэнтам не больш двух тэрмiнаў» выкрэслiваюцца.

У той жа час частка змяненняў i дапаўненняў мае дастаткова важнае значэнне. Адна з такiх паправак датычыцца адмены другога тура галасавання пры выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Адпаведны 90 артыкул Выбарчага кодэкса, адзначыла Г. Мазуркевiч, у прапанаваным дэпутатам законапраекце выключаны. У адпаведнасцi з гэтым уносяцца змены i ў 89 артыкул. Яго цяперашняя рэдакцыя: «Выбраным у першым туры выбараў па выбарчай акрузе лiчыцца кандыдат у дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў, якi атрымаў на выбарах больш паловы галасоў выбаршчыкаў, што прынялi ўдзел у галасаваннi, калi выбары былi прызнаны адбыўшымiся». Новая рэдакцыя артыкула выглядае наступным чынам: «Выбраным лiчыцца кандыдат у дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў, якi атрымаў найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў, што прынялi ўдзел у галасаваннi, калi выбары былi прызнаны адбыўшымiся. Пры правядзеннi галасавання па адной кандыдатуры кандыдат лiчыцца выбраным, калi ён атрымаў больш паловы галасоў выбаршчыкаў, што прынялi ўдзел у галасаваннi».

Уносяцца змяненнi i ў 46 артыкул Выбарчага кодэкса. У адпаведнасцi з iмi змяняецца тэрмiн магчымасцi апублiкавання вынiкаў апытанняў грамадскай думкi, звязанай з выбарамi, рэферэндумам, прагнозам iх вынiкаў. Калi ў цяперашняй рэдакцыi кодэкса ён складаў 10 дзён, то папраўкi скарачаюць гэты тэрмiн удвая – да 5 дзён. Змяненнi ў тэрмiнах датычацца i 88 артыкула, якi прапiсвае правядзенне новых выбараў у выпадку адклiкання дэпутата Палаты прадстаўнiкоў або датэрмiновага заканчэння дэпутацкiх паўнамоцтваў. У цяперашнiм выглядзе новыя выбары прызначаюцца ў чатырохмесячны тэрмiн з моманту выбыцця дэпутата, у новым законапраекце – за тры месяцы.

А вось артыкул 48 дапаўняецца новай часткай: «Выкарыстанне асобай, што вылучаецца кандыдатам у Прэзiдэнты, у дэпутаты, або кандыдатам у Прэзiдэнты, у дэпутаты грашовых сродкаў або iншай матэрыяльнай дапамогi ў парушэнне патрабаванняў часткi 10 гэтага артыкула цягне адпаведна адмову ў рэгiстрацыi кандыдата або адмену рашэння аб яго рэгiстрацыi». Нагадаем, што да такiх вынiкаў можа прывесцi прамы або ўскосны ўдзел у такой дапамозе замежнай дзяржавы, прадпрыемства, арганiзацыi, мiжнароднай арганiзацыi, замежнага грамадзянiна, прадпрыемства РБ з замежнымi iнвестыцыямi.

Закранае, а дакладней удакладняе, законапраект, якi знаходзiцца ў беларускiм парламенце, i статус назiральнiка (155 артыкул Выбарчага кодэкса). Замест часткi паняцця назiральнiк – «асоба, упаўнаважаная палiтычнай партыяй, iншым грамадскiм аб’яднаннем, працоўным калектывам, грамадзянамi» прапаноўваецца новая – «член палiтычнай партыi, iншага грамадскага аб’яднання, працоўнага калектыву, прадстаўнiк грамадзян».

Таксама ўнесены ў парламент законапраект уносiць змяненнi ў парадак вылучэння кандыдатаў ад палiтычных партый.

Магчымыя змяненнi ў выбарчым заканадаўстве «Звязда» папрасiла пракаментаваць старшыню Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў Лiдзiю ЯРМОШЫНУ.

– Чаму было вырашана абмежавацца адным турам пры правядзеннi мясцовых выбараў, а таксама змянiць працэдуру вызначэння пераможцы?

– Справа ў тым, што мы iмкнёмся спрасцiць нашу выбарчую сiстэму. Пра гэта гаворыць i тое, што прынцып адноснай большасцi i паменшаная планка выбаршчыкаў па мясцовых выбарах ужо былi ўведзены ў Выбарчы кодэкс яшчэ ў 2000 годзе. Цяпер падставай для ўнясення змяненняў у выбарчае заканадаўства паслужыла ў тым лiку i крытыка, палiтычныя спекуляцыi, якiя прымянялiся канкурэнтамi Аляксандра Лукашэнкi падчас прэзiдэнцкiх выбараў гэтага года. Калi вы памятаеце, у 2004 годзе прайшоў рэферэндум, якiм з Канстытуцыi Беларусi было выключана палажэнне, якое забараняе выбiрацца адной i той жа асобе на пасаду прэзiдэнта больш двух тэрмiнаў. Тым не менш нi ў Выбарчы кодэкс, нi ў закон «Аб Прэзiдэнце РБ» змяненнi не ўносiлiся, бо Канстытуцыя з’яўляецца самым галоўным законам i яна павiнна прымяняцца ў першую чаргу. Аднак неўнясенне гэтых выключэнняў у закон «Аб Прэзiдэнце РБ» i ў Выбарчы кодэкс прывяло да таго, што каманды двух кандыдатаў, якiя канкурыравалi дзеючаму прэзiдэнту, патрабавалi, каб Цэнтрвыбаркам адмянiў рэгiстрацыю кандыдата ў прэзiдэнты А. Лукашэнку на гэтай падставе. Пасля прэзiдэнцкiх выбараў мы прыйшлi да высновы, што выбарчае заканадаўства павiнна быць упарадкавана i сталi распрацоўваць змяненнi, хоць i дастаткова неiстотныя.

Аднак, калi ўжо сталi ўносiць змяненнi, то вырашылi падправiць i iншыя палажэннi. Перш за ўсё – унесцi ў Выбарчы кодэкс тую правапрымяняльную практыку (па сутнасцi, легiтымiзаваць яе), якая намi прымянялася i ўстанаўлiвалася пастановамi Цэнтральнай камiсii. Таксама мы падумалi i аб спрашчэннi працэдуры падвядзення вынiкаў выбараў, аб пераходу да мажарытарнай сiстэмы адноснай большасцi ўжо ў першым туры. Такiя прапановы i былi распрацаваны, прычым яны былi з энтузiязмам падтрыманы ўсiмi выканаўчымi, распарадчымi i прадстаўнiчымi органамi (па меньшай меры абласнога ўзроўню), якiм яны былi накiраваны для заўваг i прапаноў. Па-першае, дадзеныя змяненнi зробяць выбары больш таннымi. Па-другое, дазволяць сфармiраваць паўнацэнныя мясцовыя органы ў самыя кароткiя тэрмiны. Падобныя меры ўжо актыўна прымяняюцца за межамi, другiя туры там вельмi рэдкiя. Дарэчы, магу сказаць, што праект закона аб выбарах дэпутатаў саюзнага парламента, якi ўжо прыняты ў першым чытаннi, прадугледжвае таксама такую сiстэму.

– А што ж выбары ў Палату прадстаўнiкоў?

– Пакуль што мы вырашылi апрабаваць такую сiстэму на мясцовых выбарах. Калi яна сябе добра зарэкамендуе, то цалкам магчыма, што з’явяцца заканадаўчыя прапановы аб яе прымяненнi i на парламенцкiх выбарах. Што ж датычыцца выбараў прэзiдэнта, то тут нiшто не падлягае змяненню, бо сiстэма гэтых выбараў устаноўлена Канстытуцыяй. Там змянiць што-небудзь, лiбералiзаваць немагчыма.

– Павышэнне адказнасцi за выкарыстанне замежных фiнансавых сродкаў сведчыць аб тым, што яны ў Беларусi шырока выкарыстоўваюцца?

– Я думаю, так. Па-меншай меры падчас выбараў прэзiдэнта. Тое, што большасць друкаванай прадукцыi, якую выкарыстоўваў для выдзялення бюджэтных сродкаў спадар Мiлiнкевiч, была выраблена ў Расiйскай Федэрацыi, можа сведчыць аб гэтым. А Выбарчы кодэкс прама гаворыць аб тым, што на правядзенне выбараў не могуць выкарыстоўвацца сродкi замежных структур i дзяржаў. Аднак атрымоўвалася так, што прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзiдэнты цi дэпутаты ўвогуле пазбягалi адказнасцi. Цяпер мы ўводзiм адказнасць ужо на стадыi вылучэння. Калi ты парушаеш закон i выкарыстоўваеш замежную дапамогу, то табе могуць адмовiць у рэгiстрацыi.

– Цi не паменшыцца колькасць нацыянальных назiральнiкаў у сувязi з карэктыроўкаў паняцця «назiральнiк»?

– Не паменшыцца. Мы не карэктуем гэта паняцце, а мяняем слова «прадстаўнiкi» на слова «члены». Гэта правапрымяняльная практыка, i без дапаўнення ў закон у нас назiралi толькi члены грамадскiх аб’яднанняў цi палiтычных партый. Такiмi былi пастановы Цэнтральнай камiсii, а яны з’яўляюцца абавязковымi для выканання.

– Якiя змены датычацца вылучэння кандыдатаў ад палiтычных партый?

– Тут хутчэй можна казаць аб упарадкаваннi. Больш дакладна прапiсваецца норма, якая прадугледжвае вылучэнне такiх кандыдатаў. Гэта чыста рэдакцыйныя праўкi.

– Якой, на ваш погляд, будзе рэакцыя мiжнародных арганiзацый, якiя самi настойвалi на неабходнасцi змянення беларускага выбарчага заканадаўства?

– Я думаю, што нешта яны ўспрымуць пазiтыўна. Па меншай меры, пераход да мажарытарнай сiстэмы адноснай большасцi ўжо ў першым туры. Я ўвогуле не магу знайсцi падстаў да крытыкi дадзенага законапраекта. Магчыма, што выклiкае крытыку норма, што ўсе перадвыбарныя сходы, якiя праходзяць па-за закрытымi памяшканнямi, павiнны атрымліваць дазвол мясцовых выканаўчых органаў, г. зн. будуць лiчыцца тымi ж самымi мiтынгамi i падпарадкоўвацца закону аб правядзеннi масавых мерапрыемстваў. Гэта было першапачатковае патрабаванне Цэнтрвыбаркама. Частка кандыдатаў гэтым патрабаванням падпарадкоўвалася, а частка лiчыла, што Цэнтральная камiсiя памяншае правы кандыдатаў. Лiчым, што апошняе цалкам няправiльна, бо любое вулiчнае мерапрыемства само па сабе вулiчнае незалежна ад таго, з якой мэтай яно праводзiцца. Атрыманне папярэдняй згоды – неабходнае абавязковае патрабаванне для таго, каб абаранiць правы i iнтарэсы асоб, якiя ўдзельнiчаюць у гэтым мерапрыемстве, а таксама тых, каму яно можа перашкодзiць. Адзiнае, што згода будзе давацца ў спрошчанай форме: можна будзе звярнуцца за пяць дзён да правядзення, а разгледзець выканкамы заяву павiнны на працягу 3 дзён з дня атрымання заявы.

– Мясцовыя выбары-2007 могуць прайсцi ўжо па новых правiлах?

— Я спадзяюся, што законапраект будзе прыняты да назначэння мясцовых выбараў, бо ўсё гэта затрымлiвае працу па выпрацоўцы намi метадычных рэкамендацый i бланкаў большасцi дакументаў. Справа ў тым, што вынiкi выбараў ужо будуць падводзiцца па-iншаму. У нас iстотна змяняецца выбарчы пратакол. Падчас прэзiдэнцкiх выбараў нас часта папракалi ў тым, што мы хаваем лiчбу, колькi грамадзян прагаласавала супраць усiх. Мы яе не хавалi, яна проста не падлiчвалася, бо гэтага не патрабавалi пратаколы аб падвядзеннi вынiкаў выбараў (там змяшчалася iнфармацыя толькi аб тым, колькi прагаласавала «за» i «супраць» кожнага кандыдата ў прэзiдэнты). Лiчба ж тых, хто прагаласаваў супраць усiх кандыдатаў у прэзiдэнты, кожны раз уключалася ў лiчбу, колькi прагаласавала супраць кожнага. Мы лiчым, што гэта няправiльна, бо выбарчы бюлетэнь не адпавядае пратаколу i ў бюлетэнi ёсць графа «за» i «галасую супраць усiх». Цяпер будуць лiчыць, колькi галасоў было аддана за кожнага з кандыдатаў i колькi было супраць усіх кандыдатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?