Як паведамлялася, у другой палове дня зь міліцэйскага пастарунку выпусьцілі затрыманых журналістаў і Алеся Чыгіра.
Аднак празь некалькі хвілін пасьля таго як Алесь вярнуўся дахаты, міліцыя зьвязла яго з дому. Грамадзкага актывіста і настаўніка адвезьлі ў суд. Праўда, празь некаторы час яго адпусьцілі – Алесь зьяўляецца дэпутатам гарсавету.
Затое ў пятніцу, 1 верасьня, будуць судзіць грамадзкага актывіста Максіма Буйніцкага, які таксама ўдзельнічаў у акцыі.
Нагадаем, што з Алесем Чыгіром, настаўнікам гісторыі з Бабруйску, бацькам траіх малых дзяцей, 10 жніўня не падоўжылі кантракту. Сярод прычын – удзел у Дні Волі і кіраўніцтва штабам А. Мілінкевіча ў Бабруйску падчас прэзыдэнцкіх выбараў.
Тры тыдні таму ў інтэрвію “«Нашай Ніве» Алесь заявіў, што знайсьці яму працу ў Бабруйску фактычна немажліва. Ён фактычна паставіў ультыматум раённаму аддзелу адукацыі: альбо падаўжаеце кантракт, альбо ён ладзіць акцыю.
У чацьвер з раніцы Алесь скіраваўся ў школу забраць працоўную кніжку, пасьля чаго прыйшоў на галоўнай плошчы Бабруйску, да будынку гарвыканкаму, дзе прыкуў сябе да ліхтара на агароджы. У руках ён трымаў плякат з вытрымкай з 41-га артыкула Канстытуцыі пра права на працу.
Яго ў грубай форме затрымала брыгада міліцыянтаў на чале з намесьнікам начальніка Бабруйскага ГУУС, падпалкоўнікам Сяргеем Глушком. Былі таксама затрыманыя і 11 журналістаў, што асьвятлялі акцыю, у тым ліку фотакарэспандэнт «Нашай Нівы» Юлія Дарашкевіч.
Журналістаў некалькі гадзін пратрымалі ў пастарунку і пасьля «прафіляктычных гутарак» адпусьцілі. У фотакарэпандэнтаў пасьціралі з флэш-касэтаў здымкі.