У дачыненьні да 22-гадовага Паўла Красоўскага з Жодзіна заведзена крымінальная справа паводле арт.369 Крымінальнага кодэксу - абраза прадстаўнікоў улады. Абражаныя - чыноўнікі гарвыканкаму. Увечары 12 студзеня ў Паўла правялі ператрус. Паводле заканадаўства хлопцу пагражае штраф альбо абмежаваньне волі да трох гадоў. З Жодзіна - Аркадзь Шанскі.

Паўлу затэлефанавалі па заведзенай раней справе: бабулька аплявала ўдзельнікаў падпіснога пікету - і справу завялі на яе. Красоўскі адказаў, што ён пры інцыдэнце не прысутнічаў. "Добра, мы ўдакладнім і ператэлефануем", - запэўнілі яго. Празь пяць хвілінаў шасьцёра міліцыянтаў стаялі пад дзьвярыма кватэры. Яны паказалі пастанову аб распачатай у дачыненьні да хлопца крымінальнай справе. У дакумэнце гаворыцца, што Павал "рэдагаваў публічна дэманстраваны твор "Назіральнік", у якім публічна абразіў прадстаўнікоў улады, а менавіта кіраўніцтва Жодзінскага гарвыканкаму".

"Справу завялі з-за карыкатураў, што мне даслалі электроннай поштай. У іх адлюстраваныя чыноўнікі гарвыканкаму. Я вырашыў надрукаваць карыкатуры. Гэта проста гумар, у голым выглядзе чыноўнікаў ніхто не паказваў, але там былі твары", - тлумачыць Павал.

Хлопец згадвае, што міліцыянты моцна хваляваліся - першая такая справа ў Жодзіне. У Паўла захоўвалася 300 нумароў "Народнай Волі", аднак выданьне міліцыянтаў не зацікавіла. Яны забралі 32 асобнікі самвыдатаўскага "Назіральніка". Потым агледзелі шафы, паднялі матрасы на ложку, абшукалі кніжныя паліцы, спадзеючыся знайсьці як мінімум міні-друкарню. Але ў Красоўскіх дома няма нават кампутара. Усяго канфіскавалі 36 прадметаў. Сярод іх - налепкі з украінскай рэвалюцыі, налепкі кампаніі-2001 "Нацягні яго" ("у цэнтры налепкі мужчынскі твар з вусамі", - пазначана ў пратаколе), налепкі "Час прыбіраць" ("у цэнтры налепкі - мятла, што вымятае партрэты дзейнага прэзыдэнта"), брашуры. Пры ператрусе прысутнічаў бацька Паўла. Ён толькі іранічна зазначыў, што сухароў для сына ўжо насушыў. Пагатоў досьвед ёсьць: 10 сутак у менскім СІЗА Павал ужо сядзеў. Бацькі хвалююцца за сына, але падтрымліваюць.

У ролі панятых выступілі суседзі. Павал згадвае, што суседзі пачуваліся ніякавата: "Міліцыянты накручвалі панятых: зьвярніце ўвагу, як яны ставяцца да прэзыдэнта! Зьвярніце ўвагу, як яны ставяцца да дзяржаўнай арганізацыі - БРСМ!"

Перасьлед Красоўскага за выхад газэты "Назіральнік" пачаўся пры канцы году - калі выйшаў першы нумар. Каб аддаць позву, участковы адшукаў Паўла ў тэатры на спэктаклі. Пасьля Новага году яго запрасіў на размову загадчык аддзелу грамадзкай бясьпекі гарадзкой міліцыі Вячаслаў Ільліч. Яго цікавіла, калі выдадзена газэта, сродкі, адкуль зьяўляюцца артыкулы ў газэту, хто аўтары. Потым у прысутнасьці Паўла сабралі спэцыялістаў, якія разглядалі, якім чынам можна распачынаць справу - першы выпадак у Жодзіне. "Ільліч увесь час казаў: адмоўся ад выданьня газэты, тады справу пачынаць ня будзем. Потым пазвалі маё-ра Кузьняцова - начальніка папярэдняга расьсьледаваньня Жодзінскага ГАУС, які заявіў, што ня бачыць падстаў, каб распачаць справу".

У апошнім нумары, які Павал выдаў ужо ў якасьці кіраўніка Жодзінскага штабу Мілінкевіча, была зьмешчана інфармацыя пра месцы, дзе можна падпісацца за адзінага. Актывізацыю міліцыянтаў Красоўскі зьвязвае акурат з выбарчай кампаніяй: "Гэтым хочуць паралізаваць маю дзейнасьць, узяць падпіску аб нявыезьдзе, цягаць на допыты".

Апускаць рукі жодзінскі актывіст не зьбіраецца, пагатоў што мае падтрымку аднадумцаў: "Мы плянуем правесьці актыўную прэзыдэнцкую кампанію. Міліцыя вельмі баіцца агалоскі. Газэту чыталі, было нават 15 падпісчыкаў. Мяне як выдаўца ведаюць". Чытаюць газэту нават у міліцыі. "Быў выпадак, калі мы раскідвалі па скрынях "Назіральніка" і нарваліся на міліцыянта. Ён паглядзеў карыкатуры, пасьмяяўся, узяў у нас некалькі асобнікаў газэты", - кажа Павал.

Цяпер Красоўскі мае рабіць "Назіральніка" ў 10 варыянтах - асобныя варыянты (па 299 асобнікаў) на кожную гарадзкую выбарчую акругу. Кожны выпуск будзе мець рэдактара і выдаўца. "299 асобнікаў дастаткова, каб ахапіць вялікую частку выбарцаў у акрузе, дзе ёсьць прыкладна па 600 кватэраў. У кожным нумары будзе аднолькавая гарадзкая інфармацыя, але адрозная па гэтай акрузе: недзе вады няма, недзе з ацяпленьнем праблемы..."

На кухні жодзінскага выбарчага штабу абстаноўка спартанская: пліта, нізкі столік, канапа. Аб ногі трэцца котка Фрося. На пытаньне пра магчымую эміграцыю Павал адказвае катэгарычна: "За мяжу я не зьбіраюся. Я размаўляў з эмігрантамі ў Польшчы, бачыўся ў Варшаве з журналісткай Вольгай Класкоўскай. Яна трымаецца, але я не хацеў бы трапіць у такую складаную жыцьцёвую сытуацыю".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0