Са свята эмансіпацыі 8 Cакавіка ператварылася ў яго процілегласць. Піша з Лондана Алесь Чайчыц.

8 Сакавіка адзначаецца ў некаторых краінах постсавецкай прасторы і Афрыкі як «Міжнародны жаночы дзень». Гэта, бадай што, найбольш «бяскрыўднае» з савецкіх святаў, што дагэтуль не зніклі з нашага календара.

23 лютага, якое ў апошняе гады рашуча навязваецца ў «пабрацімы» 8 Сакавіка, ці пагатоў 7 лістапада — святы выключна палітызаваныя і таму традыцыя іх святкавання адамрэ, як толькі дзяржаўная ўлада пачне рацыянальна глязець на тое, які дзень павінен быць святам беларускага войска і ці вартая Кастрычніцкая рэвалюцыя хоць якога святкавання.
8 Сакавіка — адзінае свята, на якім няма крыві і якое, зрэшты, не нясе на сабе ўсіх гэтых «але», што абцяжарваюць нават святы, звязаныя з вызваленнем Беларусі ад нацысцкай акупацыі і аднаўленнем савецкай дыктатуры пасля гэтага.

Тым не меней, сучасная традыцыя святкавання 8 Сакавіка — гэта найвыразны прыклад таго, як савецкая улада здолела індактрынаваць сацыялістычную ідэалогію і сістэму сімвалаў у побыт людзей. Барацьба з рэлігіяй плюс масавая ўрбанізацыя спрычыніліся да імклівай смерці шматлікіх народных традыцый. На замену культуры сялянскіх святаў прыйшла культура святаў гарадскіх, савецкіх: Новага года, Восьмага Сакавіка, Дваццаць Трэцяга Лютага, Сёмага Лістапада.

8 Сакавіка першапачаткова ўзнікла як дзень жаночай эмансіпацыі. Гэта было свята барацьбы жанчын за свае правы, супраць іх абмежавання традыцыйнай роляй у сям’і і грамадстве. Замест «Kinder, Küche, Kirche» жанчыны патрабавалі сабе рэчаў, якія сёння лічуцца відавочнымі — права ўдзельнічаць у выбарах, лепшыя ўмовы працы, лепшы заробак.

З іншага боку, за дзесяцігоддзя святкавання Восьмага сакавіка ў СССР народная культура і традыцыя перакавала гэта фемінісцкае свята ў патрыярхальнае, надала яму выразныя рысы, процілеглыя першапачатковаму зместу.

Вобраз жанчыны-аб’екта віншаванняў з 8 Сакавіка — гэта ніяк не вобраз эмансіпаванай мужнай бабы-пралетаркі. З 8 Сакавіка віншуюць пяшчотна, віншуюць маці ці каханую, а не баявога таварыша.

Паводле традыцыі, што склалася ў савецкія часы,

8 Сакавіка мужчыны абяцаюць бараніць жанчын і клапаціцца пра іх, а кабеты ў сваю чаргу павінны ласкава дазваляць ім гэта рабіць. Мужчыны праяўляюць рысы рыцараў і кавалераў, а жанчыны — рысы шляхетных дам. Завершаная патрыярхальная ідылія.

Са свята эмансіпацыі 8 Сакавіка ператварылася ў яго процілегласць — свята жаноцкасці і мацярынства. Вось якая іронія лёсу. Постсавецкае ж свята 8 Сакавіка пярэчыць устаноўкам як кансерватараў (як свята секулярнае і камуністычнае), так і феміністак (як дзень джэнтльмэнства і мужчынскага клопату).

Дзень 8 Сакавіка зрабіўся чымсь кшталту савецкай версіі Дня Святога Валянціна, а пасля распаду камуністычнай дыктатуры — яшчэ адным традыцыйным шопінг-забегам для чальцоў спажывецкага грамадства
і проста нагодай для добрых чалавечых эмоцый. Можа, так яно і лепей.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?