"Уладар буры": 6 "Оскраў"

Ваенная драма пра дзеянні амерыканскіх салдат у Іраку «Уладар буры» прызнаная найлепшым фільмам 2009 году. Джэф Брыджыс — найлепшы актор году, Сандра Балак — найлепшая акторка. У Лос-Анжэлесе адбылася 82-ая цырымоніі ўручэння прызоў амерыканскай кінаакадэміі «Оскар».

Цырымонію адкрылі 64-гадовы Стыў Мартын і 51-гадовы Алек Болдуін і адразу прайшліся па Мэрыл Стрып, адной з удзельніц цырымоніі, якая намінавалася на «Оскара» 16 разоў, а даставаўся ён ёй толькі двойчы.

Потым быў абвешчаны найлепшы актор другога плану. Гэтую намінацыю дастаў яшчэ зусім нядаўна невядомы аўстрыйскі актор Крыстаф Вальц, які гратэскна, але адгэтуль не менш бліскуча выявіў крыважэрнага нацысцкага палкоўніка, паляўнічага на габрэяў, у кінаманскай фантазіі Квенціна Таранціны «Бясслаўныя байструкі». Найлепшая акторка другога плану — актрыса Монік, якая грае жанчыну, жыхарку мурынскага гета, што за асабістыя няўдачы бэсціць і прыніжае сваю цяжарную дачку (драма «Выжыльвайся»).


Джэф Брыджыс

Найлепшым паўнаметражным мультфільмам на цырымоніі была прызнаная стужка вытворчасці канкурэнта «Дыснэю» кампаніі «Піксар» — «Угору», шчымлівая гісторыя для дзяцей і дарослых пра тое, як важна спраўджваць мары. Адзін са стваральнікаў гэтага мультфільма, кампазітар Майкл Джакіна, таксама атрымаў ганаровую статуэтку за найлепшую музычную дарожку да фільма.

Найлепшым дакументальным фільмам быў названы фільм Луі Сігойса «Бухта», якое выкрывае драпежнае паляванне на дэльфінаў у Японіі.

Беларускі след. У намінацыі «Найлепшы кораткаметражны мастацкі фільм» выйграла нямецкая стужка «Новыя жыхары». На гэтае званне таксама прэтэндаваў (і як мы бачылі беспаспяхова) ірландскі фільм Хуаніты Ўілсан «Дзверы», які зняты паводле апавядання Святланы Алексіевіч і расказвае пра наступства Чарнобыльскай трагедыі.

Джэф Брыджэс дастаў найлепшага актора за ролю сталага алкаголіка, выканаўцы кантры, які дзякуючы каханню вынаходзіць свой свет нанава (драма «Шалёнае сэрца»). Сандра Балак — найлепшая акторка паводле амерыканскай кінаакадэміі за ролю прыёмнай маці, якая змагаецца за свайго чорнаскурага пасынка (сацыяльная драма «Нябачны бок»).


Сандра Балак

Найлепшую рэжысёрку атрымала Кэтрын Бэгілоу за ваенную драму «Уладар буры». У дадатак яна зрабілася першай жанчынай у гісторыі Галівуду, якая дастала гэтае званне. Усяго стужка, якая сабрала ў пракаце ўсяго толькі 11 мільёнаў даляраў, атрымала 6 оскараўскіх узнагародаў, уключаючы самую прэстыжную «Найлепшая стужка». Падчас атрымання ўзнагародаў стваральнікі паабяцалі, што запусцяць свой фільм у пракат яшчэ раз.

А «Аватар»?! Стваральнікі «Аватар» атрымалі прыз за «найлепшую аператарскую працу» (Мауро Фіёры), «Найлепшыя адмысловыя эфекты», «Найлепшы праца мастака». І мільярды ў пракаце, вядома.

Цырымонію ўручэння ўпершыню ў жывым эфіры паказвала БТ з сінхронным перакладам на расійскую.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?