Адзін з супрацоўнікаў польскага Агенцтва ўнутранай бясьпекі (скарочана — ABW, служба, якая займаецца ўнутранай бясьпекай, сярод іншага контрвыведкай і змаганьнем з тэрарызмам, аховай канстытуцыйнага ладу Польшчы) супрацоўнічаў зь беларускай выведкай.

Пра справу піша сёньня польская Gazeta Wyborcza. Паводле газэты, гэтая інфармацыя зьявілася ў штогадовай справаздачы ABW, якая трапіла ўчора ў парлямэнцкую камісію ў справе спэцслужбаў.

«У справаздачы гаворыцца, што ў Беластоку адбываецца працэс у справе былога супрацоўніка ABW, які працаваў на выведку іншай дзяржавы і быў затрыманы ў лютым 2008 году. Імя гэтага чалавека ў рапарце не падаецца. Ёсьць затое прозьвішча — Вольга Семянюк, гэта грамадзянка Беларусі, якая мелася быць сувязной у Польшчы і цяпер абвешчаная ў вышук», — піша Gazeta Wyborcza.

Штодзёньнік высьветліў, што

гаворка вядзецца пра Робэрта Р., які да моманту затрыманьня працаваў у беластоцкім аддзеле ABW, а працэс над ім паводле артыкулу 130 крымінальнага кодэксу Польшчы (шпіёнства) засакрэчаны.

Паводле газэты, спадарыня Семянюк цягам некалькіх гадоў мела ў Беластоку фірму, але пасьля арышту Робэрта Р. зьнікла.

Журналісты знайшлі яе ў зусім нечаканым месцы — на аўстрыйскай інтэрнэт-старонцы знаёмстваў у рубрыцы «Russische Frauen», дзе тая шукае «мужчыну да 60 гадоў».

ABW адмаўляецца падаваць болей інфармацыі пра «беларускага шпіёна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?