25 жніўня Аляксандар Лукашэнка за зачыненымі дзьвярыма сустрэўся зь міністрам адукацыі Аляксандрам Радзьковым. Кіраўнік дзяржавы даручыў чыноўніку распрацаваць новыя правілы правапісу. Мяркуецца, што зьмены Лукашэнка зможа зацьвердзіць ужо праз два тыдні.

Як аказалася, праект рэдакцыі новага правапісу быў даўно гатовы. Пра гэта ў аўторак паведаміла газэта «Советская Белоруссия – Беларусь сегодня». Працоўную групу ў распрацоўцы зьменаў у правапіс узначальвалі доктар філялягічных навук Віктар Іўчанкаў і дырэктар інстытуту мовазнаўства Аляксан- дар Лукашанец (гутарку з апошнім можна прачытаць на старонцы 35.).

Зьмены ў правапісе будуць мінімальныя. Усё зводзіцца да больш пашыранага ўжытку літары «ў» і спрашчэньня правілаў пераносу. Дык тады дзеля чаго такі аўрал?

У незалежнага грамадзтва існуе меркаваньне, што ўпарадкаваньне правапісу беларускай мовы патрэбнае дзеля таго, каб забараніць ужываньне клясычнага, незрусіфікаванага правапісу. Гэта перакрэсьліла б рашэньне Найвышэйшага гаспадарчага суду ад 1998 году, якое выкарыстаньне такога правапісу дазваляла.

Мы апытылі выдаўцоў: яны ня маюць намеру адмаўляцца ад тарашкевіцы, а, наадварот, зьбіраюцца ўсякім чынам змагацца за яе ўжываньне (гл. ніжэй).

На беларускамоўных інтэрнэт-форумах і блогах праблема правапісу адразу выйшла на першае месца паводле папулярнасьці.

Ня выключана, што змаганьне за права беларусаў на правапіс ізноў кансалідуе грамадзтва, як гэта ўжо некалі было з Курапатамі, Ліцэем і «Нашай Нівай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?