У віцебскай Музычнай гасцёўні праходзіць грамадскае абмеркаванне эскізаў помніка князю Альгерду — дзяржаўнаму дзеячу Вялікага княства Літоўскага.

Наведнікі могуць прагаласаваць за ўпадабаны ім варыянт і пакінуць сваё меркаванне аб экспанатах у спецыяльным журнале.

У конкурсе на стварэнне помніка ўзялі ўдзел сем скульптараў з Віцебска і Мінска. Шэсць аўтараў прадставілі на суд публікі і прафесійнага журы конныя помнікі, на якіх Альгерд паказаны ў вобразе мужнага воіна і таленавітага палкаводца.

Розніца галоўным чынам у пастаменце. У некаторых скульптур ён нагадвае замкавую вежу, адна з мадэляў упрыгожана падсветкай, ёсць таксама варыянт з пастаментам з жалезабетоннай канструкцыі, якая з трох бакоў чытаецца як літара »А».

На фоне конных скульптур выдзяляецца работа пад назвай «Гонар роду Гедымінава — Альгерд і нашчадкі яго», дзе паказана скульптурная група з пяці фігур.

У цэнтры кампазіцыі, на ўзвышэнні з чорнага і чырвонага граніту, фігура князя, які трымае меч і шчыт з гербам ВКЛ. Побач фігуры дзвюх яго жонак — Марыі Яраславаўны і Юльяніі Аляксандраўны, а таксама сыноў ад першага і другога шлюбаў Андрэя Полацкага і Ягайлы. Пастамент гэтага помніка падобны на арку з прыступкамі для праходу, што, паводле задумы аўтара, дае гледачу магчымасць сімвалічна прайсці праз гістарычную эпоху.

Выставу мадэляў будучага помніка можна наведаць да канца сакавіка.

Манумент князю Альгерду плануецца ўстанавіць у цэнтры горада на вуліцы Талстога, на пляцоўцы насупраць Свята‑Уваскрасенскай царквы.

Раней у абласным цэнтры прайшлі конкурсы на лепшае скульптурнае ўвасабленне вобразаў яшчэ дзвюх славутых гістарычных асоб, лёс якіх таксама быў звязаны з Віцебскам, — легендарнай заснавальніцы горада княгіні Вольгі і князя Аляксандра Неўскага.

Чакаецца, што помнік Вользе будзе ўстаноўлены да чэрвеня на верхняй пляцоўцы Летняга амфітэатра, на скрыжаванні вуліцы Леніна і праспекта Фрунзэ. Манумент у гонар Аляксандра Неўскага павінен упрыгожыць плошчу Тысячагоддзя, дзе знаходзіцца драўляны Аляксандра‑Неўскі храм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?