У Беларусі павінна быць выбудавана эфектыўная сістэма падрыхтоўкі хакейных кадраў і трэнерскага складу, заявіў 12 сакавіка Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця айчыннага хакея з шайбай.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка падкрэсліў, што на нарадзе размова ідзе аб хакеі «не таму, што, як прынята лічыць, гэта любімы від спорту прэзідэнта, а таму, што для гэтага ёсць некалькі важкіх падстаў». Першая — выступленне хакейнай зборнай Беларусі на Алімпіядзе ў Ванкуверы. «У мяне гэтае выступленне выклікае не толькі заклапочанасць, але і незадаволенасць з-за адсутнасці выверанай стратэгіі развіцця хакея напярэдадні чэмпіянату свету 2014 года ў Мінску», — сказаў Лукашэнка. Па-другое, наперадзе чэмпіянат свету па хакеі ў Германіі.

«Калі мы будзем так гуляць, як у Ванкуверы, то лепш нікуды наогул не ехаць і сядзець дома», — адзначыў ён.

Акрамя таго, паводле слоў прэзідэнта, неабходна сур'ёзна разгледзець пытанні далейшага функцыянавання клуба «Дынама». «Калі мы будзем і ў наступным годзе гуляць так, як гулялі сёлета ў КХЛ, то лепш гэтыя грошы патраціць на развіццё хакея ўнутры краіны, чым падарожнічаць ад Уладзівастока да Брэста па прасторах былога СССР», — заявіў беларускі кіраўнік.

Ён лічыць, што «Дынама» здольнае гуляць значна лепш, аб чым сведчаць асобныя матчы, аднак гуляла вельмі няроўна.

Гэта гаворыць аб безадказнасці як кіраўніцтва Федэрацыі хакея, так і трэнера каманды і саміх гульцоў, сказаў Лукашэнка.

Каментуючы прапановы аб уваходжанні ў КХЛ «Юнацтва» і, магчыма, трэцяй каманды, ён адзначыў, што не супраць, але толькі тады, калі першая каманда заваюе хаця б бронзавыя медалі. Таму, прадоўжыў Лукашэнка, размовы аб тым, каб накіраваць яшчэ адну каманду, трэба спыніць. «Калі ў кагосьці ёсць грошы, то, калі ласка, плаціце і гуляйце», — сказаў ён.

«Што датычыцца зарплат, то дай бог кожнаму ў нашай краіне мець такую зарплату, якую маюць у сярэднім нашы хакеісты», — адзначыў беларускі кіраўнік. Ён заклікаў вызначыцца з колькасцю легіянераў. «Але канцэптуальна і непахісна адно: свой хакей трэба развіваць», — падкрэсліў Лукашэнка. Гэта тычыцца не толькі спартсменаў. «Не паспелі даручыць Бародзічу [кіраўнік БФСТ «Дынама»] прадаставіць канцэпцыю клуба «Дынама» (Мінск), як ён мне прывёз нейкага чыноўніка з Расіі (былы дырэктар тальяцінскай «Лады» Сяргей Каткоў.

Быццам у нас усе дурні і не могуць быць менеджэрам або выканаўчым дырэктарам гэтага клуба», — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што хакеем павінны займацца спецыялісты:

«А не шарлатанствам займацца, як гэта было ў Федэрацыі хакея: разагналі кіраўніцтва клуба «Дынама», са зборнай павыганялі ўсіх.

Вось і вынік. Гэта галавацяпства Федэрацыі хакея пры патуранні памочніка прэзідэнта і міністра спорту».

Лукашэнка заявіў таксама аб «яўных упушчэннях» у развіцці дзіцяча-юнацкага хакея.

Міністр спорту і турызму Алег Качан, які выступіў на нарадзе, прадставіў некалькі прапаноў па развіцці хакея. У прыватнасці, прапаноўваецца распрацаваць і зацвердзіць у першым паўгоддзі канцэпцыю развіцця хакея на 2011—2014 гады, а ў другім паўгоддзі на яе аснове — праграму развіцця хакея. Гэтая праграма будзе прадугледжваць меры па стварэнні дакладнай тыпавой структуры хакейнага клуба (ён павінен утрымліваць прафесійную каманду, спартыўную школу і спарткомплекс). Акрамя таго, неабходна стварыць цэнтр зборных каманд ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў для цэнтралізаванай падрыхтоўкі да юнацкіх Алімпійскіх гульняў і пяршынстваў свету.

Міністр прапанаваў скараціць колькасць хакейных каманд, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянаце Беларусі, да 10. Аднак Лукашэнка выказаўся за 12. Акрамя таго, будзе створана маладзёжная ліга, дзе будуць гуляць вучні спартыўных школ.

Акрамя гэтага, прапаноўваецца паменшыць да шасці чалавек ліміт легіянераў у беларускіх камандах, прадстаўленых у КХЛ.

У праекце канцэпцыі прадугледжваюцца мерапрыемствы, накіраваныя на ўдзел каманд беларускіх клубаў у стваранай у Расіі Маладзёжнай хакейнай лізе (узрост гульцоў ад 17 да 21 года).

Прапановы Мінспорту падтрымаў віцэ-прэм'ер Уладзімір Патупчык.

Галоўны трэнер зборнай на Алімпіядзе ў Ванкуверы Міхаіл Захараў згадзіўся з крытыкай, выказанай Лукашэнкам у адрас каманды.

«Адзінае, у чым я з вамі не згаджуся: усё-такі на чэмпіянаце свету 2014 года Беларусь, маючы толькі адну каманду ў КХЛ, не зможа выступіць добра. Для паспяховага выніку хакеістаў, якія гуляюць у КХЛ, павінна быць 60—70, каб стварыць канкурэнцыю ў зборную», — сказаў Захараў.

Кіраўнік клуба «Гомель» Ігар Малчанаў сканцэнтраваўся на вельмі нізкіх зарплатах дзіцячых трэнераў, што выклікае недахоп трэнерскіх кадраў. Малчанаў прапанаваў аб'яднаць усе ступені падрыхтоўкі і трэніроўкі хакеістаў у цэласную сістэму пад адзіным пачаткам і дакладным кантролем. Акрамя таго, мэтазгодна стварыць інтэрнаты на базе дзіцяча-юнацкіх клубаў. Лукашэнка ўхваліў гэтыя прапановы, даручыўшы пачаць іх рэалізацыю на працягу месяца. «Пытанне аб дастойнай аплаце працы дзіцячых трэнераў павінна быць вырашана неадкладна», — сказаў ён.

Лукашэнка заявіў аб неабходнасці дакладна вызначыцца з пытаннямі аплаты працы хакеістаў, якія выступаюць ва ўнутраным чэмпіянаце краіны, каб яна адпавядала ўкладу гульцоў і стымулявала іх прафесійны рост. Цяпер адзначаецца рост утрыманскіх настрояў сярод гульцоў, адсутнічае сістэма стымулявання іх поспехаў.

«Урад, Мінспорту, Федэрацыя хакея абавязаны ўсё пералапаціць і выбудаваць нармальную сістэму. Калі ёсць з чаго скапіраваць — вазьміце скапіруйце. У хакеі патрэбна трывалая вертыкаль, эфектыўная школа. Усё павінна працаваць на трэнера, ён павінен быць у цэнтры ўсяго, каб яго слова было як закон», — сказаў Лукашэнка.

«Хакеісты, якія сёння ездзяць на шыкоўных іншамарках, павінны разумець, што за ўсё трэба разлічвацца. Гэта грошы народа, які ўкладвае ў вас велізарныя сродкі.

Вы атрымліваеце зарплату, якую сёння не атрымлівае ні хірург, ні прафесар універсітэта.

І трэба памятаць, што гэта не толькі ты зарабіў — табе далі магчымасць праявіць сябе», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

18 сакавіка адбудзецца пазачарговая канферэнцыя ФХРБ, на якой неабходна абраць новага старшыню. «Збярыцеся і максімальна сумленна, шчыра абмяркуйце ўсе пытанні. Ніякія адгаворкі і апраўданні няўдач мной прымацца не будуць — краіне патрэбен вынік», — сказаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?