Польскі гіт часоў «Салідарнасьці» стаў песьняй году ў Беларусі. Піша Алена Скарабагатава.

На апошнім этапе галасаваньня супраць у выніковым мэгатуры на «Тузіне гітоў» песьня «Аўтабіяграфія» ў выкананьні Ігара Варашкевіча і Лявона Вольскага спаборнічала са «Сьвятлом у цемры» здаровых ласей з «IQ48». У выніку песьняй году стала «Аўтабіяграфія», галоўны гіт польскага гурту «Perfect» у беларускім варыянце, а чалавекам году на «Тузіне» прызнаны Міхал Анемпадыстаў: абедзьве песьні, якія дайшлі да вырашальнага адчапленьня, напісаныя на тэксты аўтара «Народнага Альбому»!

Сам Міхал Анемпадыстаў на прысуджаны тытул рэагуе сьціпла: «Тое, што апошнія песьні, якія засталіся ў выніковым гіт-парадзе, напісаныя на мае тэксты, можа, і нагода, але не прычына, каб даваць мне «чалавека году». Я, канечне, малайчына, але ёсьць людзі, якія б больш пасавалі да «чалавека году».

Што датычыць «песьні году», якой на «Тузіне» стала «Аўтабіяграфія» ў выкананьні Варашкевіча і Вольскага, – гэта адна зь песьняў супольнага музычнага праекту «Solidarni z Bialorusią», які быў створаны гэтай вясной. Гэта быў адзіны канцэрт у Варшаве, у якім бралі ўдзел лепшыя беларускія музыкі і на якім гучалі песьні 80-х, што ў свой час натхнялі палякаў на змаганьне за сваю свабоду. Пераклады песень, на якіх ужо выгадавалася не адна генэрацыя ў Польшчы, амаль што ўсе былі зробленыя Міхалам Анемпадыставым: «Такая ідэя – прасьпяваць па-беларуску гэтыя вядомыя польскія песьні 80-х – узьнікла вельмі даўно. Калі не памыляюся, упершыню я сказаў пра гэта Робэрту Ляшчынскаму, які стаў «маторам» гэтага праекту з польскага боку, яшчэ ў 98-м годзе, калі ў нас быў канцэрт «Народнага Альбому» ў Беластоку. І ўвесь гэты час чакалася на тое, каб можна было рэалізаваць гэты праект».

Гэта падаецца нават знакавым, што менавіта песьня з супольнага праекту «Solidarni z Bialorusią» стала пераможцам гэтага «тузіноўскага» музычнага году. Але Міхал Анемпадыстаў падкрэсьлівае: «Усё не выпадкова, і нават не таму, што гэта песьня з таго сакавіцкага канцэрту – мала хто глядзеў або ведаў пра гэты канцэрт. Гэтая песьня гурту «Perfect» была ў Польшчы вялікім гітом! Першатвор, які мы выкарысталі, – варты таго, каб стаць песьняй году і ў Беларусі».

«Аўтабіяграфія», якую выконваюць Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі, – цалкам адаптаваная вэрсія ня толькі для Беларусі, але нават для саміх выканаўцаў. «Калі б мы проста пераклалі гэтую песьню, – распавядае Міхал, – гэта б была ня нашая аўтабіяграфія, а спадара Маркоўскага, які выконвае яе ў «Perfect». Мы паспрабавалі зрабіць нашую біяграфію, якая б адпавядала нашай рэчаіснасьці і нашаму жыцьцю. У першапачатковым варыянце быў радок пра «Beatles», але Ігар сказаў, што ён слухаў «Rolling Stones», – і перарабілі на «Rolling Stones».

На думку Міхала Анемпадыстава, тое, што песьню сьпяваюць дзьве культавыя асобы, Вольскі з Варашкевічам, – таксама сталася прычынай перамогі «Аўтабіяграфіі».

Што датыкае песьні «Сьвятло ў цемры», якая крышачку не дацягнула да перамогі, – Міхал лічыць, што гэта цікавы твор, ня менш варты перамогі.

Што «чалавек году» думае наконт формы выніковага туру, дзе наведвальнікі галасавалі супраць, як высьветлілася, часам самі таго ня ведаючы? «Любы гіт-парад – гэта крыху шоў, інтрыга, – кажа Міхал. – Гіт-парад робіцца не абавязкова, каб знайсьці пераможцу, а дзеля інтрыгі, спаборніцтва, каб весялей было жыць! Любыя вынікі ўмоўныя».

Дарэчы, калі б Міхалу Анемпадыставу далі магчымасьць аднаму вызначыць песьню году, перамагла б лявонавольская «Усё роўна мы пераможам»: «Гэтая песьня трапіла ў час, у сэнс, у настрой вялікай колькасьці людзей!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?