Пачатку новага адборачнага цыклю заўсёды чакаеш зь нецярплівасьцю. А раптам гэтым разам беларусы пераадолеюць супернікаў, уласныя комплексы і яшчэ цэлы шэраг акалічнасьцяў і нарэшце праб’юцца на топ-спаборніцтва. Верыш у гэта пастаянна, але так атрымліваецца, што да сярэдзіны групавога турніру мары паціху расьсейваюцца.

Раўненьне на Альбанію

Сёлета зборная ў чарговы адборачны цыкль да чэмпіянату Эўропы уваходзіць з новым галоўным трэнэрам – Юр’ем Пунтусам, які адначасова зьяўляецца «коўчам» сталічнага МТЗ-РІПА. Шмат каму не даспадобы тое, што Пунтус сядзіць адразу на двух фатэлях, але АБФФ дало тэрмін да канца году. Праўда, з новым галоўным трэнэрам зборная пакуль не зьзяе. У пяці праведзеных матчах каманда атрымала толькі адну перамогу – у супрацьстаяньні зь нямоглай Андорай.

Першым супернікам зборнай у новым адборы сталі альбанцы. Альбанія – моцная, па-спартоваму злая зборная, гульцы якой замацаваліся ў моцных эўрапейскіх чэмпіянатах. Пару гадоў таму ў Тыране альбанцы перамаглі расейцаў. Нашыя каманды прыкладна аднога ўзроўню, хоць альбанцы і стаяць крыху вышэй у сусьветным рэйтынгу. Спадзявацца на перамогу ў гэтай сустрэчы можна было цалкам рэальна, але лёс склаўся так...

Журналістаў ня трэсьлі

На падыходзе да «Дынама» ўбачыў знаёмага хлопца. Пытаюся, што таксама ідзеш на футбол. Кажа, спачатку хацеў, але пасьля ўбачыў мора чырвона-зялёных кардонаў і перадумаў. Сьцягоў і сапраўды было многа, як і гледачоў, якія амаль цалкам запоўнілі стадыён. Свабодныя месцы былі толькі на бакавых сэктарах, дзе назіраць за футболам ня дужа зручна.

На подступах да стадыёна было безьліч міліцыянтаў, якія ўсялякім чынам правяралі, каб на трыбуны ня дай Бог не прынесьлі нейкія забароненыя рэчы. Міліцыя ўстроіла праверку ў чатыры шэрагі. Балазе кайстры акрэдэтаваных журналістаў не трасьлі і прайшоў больш-менш нармальна.

У ложы прэсы набілася журналістаў больш чым яна магла зьмясьціць, таму ўвесь матч давялося назіраць з прыступак.

Не пасьпелі мы зь сяброўкай як сьлед уладкавацца на стадыёне, як у брамы беларусаў быў прызначаны пэнальці. Вопытны Эрвін Скела, які цяпер аказаўся чамусьці бяз клюба, разьвёў Хамутоўскага і мяч па розных кутах брамы.

Толькі тады я зірнуў на таблё і ўбачыў, што лік быў адкрыты яшчэ раней – на 1-ай хвіліне гульні Цімохам Калачовым. Трэба раней выбірацца на стадыён. Падумалася, што 1:1 для сёмай хвіліны абсалютна нармальна. Яшчэ ўся сустрэча наперадзе.

Не хапіла арыгінальнасьці

Беларусы, як здалося, з патроеным імпэтам пабеглі забіваць другі гол у альбанскія брамы. Моманты ўзьнікалі адзін за другім, найперш дзякуючы стараньням нашых лідэраў – Рамашчанкі і Аляксандра Глеба. У колькіх эпізодах гасьцей выратоўвала толькі спадарыня фартуна. Пасьля ўдараў беларусаў здавалася, што мячу ўжо няма куды дзявацца, але ён усё адно адмаўляўся ісьці ў суперніцкія брамы.

Амаль на экватары другога тайма спрытны Калачоў закружыў каруселю на правым флянзе беларускай атакі, знайшоўшы забіўнога Рамашчанку. Падалося, што ў хаўбека маскоўскага «Дынама» ўдар не атрымаўся, але мяч шмыгануў у далёкі вугал альбанскіх брамаў – 2:1.

Настрой заўзятараў значна палепшыўся, на трыбунах пачаліся раскаты глядацкіх «хваляў». Хвалі ж беларускіх атакаў не зьмяншаліся. Яшчэ да перапынку лік павінен станавіцца большым, але стрэлам Кутузава, Рамашчанкі, Вячаслава Глеба, Карыцькі не ставала трапнасьці.

За такі беларускі футбол было сапраўды ня сорамна, але ў другім тайме нашу зборную было не пазнаць. Вострыня і сьвежасьць у атацы некуды зьніклі. Беларусы не спынілі атакаваць, але нападнікам не хапала ў завяршальнай стадыі арыгінальных думак.

Чаго з жыцьці не бывае

Альбанцы сталі больш пераканаўча агрызацца ля брамаў гаспадароў, а апошнія 15 хвілінаў бязвылазна гасьцявалі ў чужой штрафной пляцоўкі. За чатыры хвіліны да канца гульні і ўвогуле адбылася трагедыя. Абаронца брусэльскага «Андэрлехта» Бесьнік Хасі магутна ўдарыў з 25 мэтраў са штрафнога. Васіль Хамутоўскі, які за ўвесь матч ні разу ня выратаваў зборную ня змог дапамагчы ёй і на гэты раз – 2:2. На поле вылецелі задаволеныя альбанскія трэнэры, запасныя гульцы, пэрсанал. Тады ўжо стала зразумелым, што перамогу беларусы не атрымаюць. Канечне, было яшчэ некалькі вялых атакаў з кутнімі ўдарамі, але яны не хавалі небясьпекі.

Паядынак скончыўся нічыёй, якая і бачыцца самым справядлівым вынікам. Па сыходзе са стадыёна прыйшла sms-ка ад сябра: «Нічыя, але нашы ўсё адно малайцы». Калі падумаць, то зь ім можна будзе пагадзіцца, праўда толькі, калі ў сераду беларусы перамогуць галяндцаў, хто ведае у сьвеце шмат чаго бывае.

А што супернікі?

У суботу ў нашай адборачнай групе прайшлі дзьве сустрэчы:

У Люксэмбургу зборная Нідэрляндаў перамагла гаспадароў зь лікам 1:0 (Маційсэн). Румынія - Баўгарыя - 2:2 (Росу, Марыка - Петраў: 2).

У сераду пройдуць тры сустрэчы:

Нідэрлянды - Беларусь (пачатак а 21.30), Баўгарыя - Славенія, Альбанія - Румынія

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?