Чытаючы аптымістычна-заклікальныя развагі Алеся Аркуша пад гучным назовам «Замежжа – наш саюзьнік і база» («НН» ад 1.09.2006), раптам адчуў, нягледзячы на сур’ёзнасьць тэмы, як у пакоі маім зьявіліся цені Астапа Бэндэра і яго нягеглага памагатага Кісы Вараб’янінава зь іх звонкім: «Заграніца нам дапаможа». Як вядома, літаратурныя героі няблага зарабілі на гэтым лёзунгу, таленавіта ўдаючы дзеяздольную і маральна сьпелую апазыцыю існаму рэжыму. Каб зразумець, нашто падобная тэза была рэактуалізаваная сп.Аркушам, давялося больш учэпіста перачытаць ягоную ўлётку, напісаную дзесь у дарозе паміж Беластокам і Полацкам.

Перадусім выявілася, што «іншы шлях», прапанаваны (беларусам? нацыянальна-сьвядомым? аўтарам «ARCHE»?) сп.Аркушам, – гэта «выхад за межы Беларусі, пашырэньне беларускага поля». Пры гэтым аўтар вельмі неабачліва чапляецца за глябалізацыю як за нібыта праўдзівы і аб’ектыўны аргумэнт на карысьць разьвітаньня з Радзімай: «У сёньняшні век глябалізацыі насамрэч неістотна, дзе чалавек фізычна жыве, ці ў самой Беларусі, ці па-за яе межамі: – галоўнае, каб ён знаходзіўся ў беларускім дыскурсе, удзельнічаў у беларускім жыцьці». Бясспрэчна, малоху глябалізацыі зусім няма розьніцы, дзе чалавек зарабляе сабе на жыцьцё: у Беластоку, Полацку ці Таронта. Але пры гэтым вір глябалізацыі, укручваючы сусьветную этнакультурную разнастайнасьць у мярцьвяна-гамагенную прастору ўсёабдымнага «вольнага рынку», прынцыпова ігнаруе такія загадкавыя словазлучэньні, як «беларускі дыскурс», «беларускае жыцьцё». І хай ня цешыць сябе ілюзіямі сп.Аркуш – «дэмакратыі», якая зацікаўлена ў бесьперастанных пастаўках газу й нафты з Расеі ў Заходнюю Эўропу, усё адно, на якой мове гаворыць насельніцтва транзытнай тэрыторыі ад Віцебску да Берасьця, якую каляровую гаму мае сьцяг над Домам ураду ў Менску. Такая «дэмакратыя» адсьвяткуе сваю перамогу разам са скасаваньнем сьмяротнага пакараньня і першым гей-парадам на сталічным праспэкце...

«Важна іншае, – бароніць «каліноўцаў» Алесь Аркуш, – каб яны засталіся ў Польшчы беларусамі і не згубіліся для Беларускай Справы, нават калі й ня вернуцца на радзіму». Такім чынам, аўтар спрытна разводзіць Беларускі Дом зь нейкай, спасьціжнай толькі яму, «Беларускай Справай». Нібыта мэханізатар з-пад Бегам’я, настаўніца з Мазыра і будаўнік з Капыля, не скарыстаўшы з парады «выносіць беларускую справу за межы самой краіны, туды, дзе ёсьць для яе спрыяльныя ўмовы, найлепш у суседнія краіны -- у Польшчу, у Літву, Украіну», расьпісваюцца ў тым, што ад рана да рана займаюцца справай выключна антыбеларускай.

Спасылкі на Севярынца ў тэксьце выглядаюць аблудна і недарэчна, хаця б таму, што Паўлу хапіла мужнасьці, веры й сумленьня не шукаць «спрыяльных умоваў» у суседніх краінах (хоць рэальных падставаў для палітычнае эміграцыі яму ставала ня менш, чым для ўсіх «каліноўцаў» разам узятых), а застацца ў Бацькоўскім Доме -- у Беларусі. Бо як, на заклік сп.Аркуша, можна пашыраць беларускае поле за мяжой, калі быльнягом парастаюць палеткі ля тваёй хаты? У гэтым сэнсе чыстай гістарычнай спэкуляцыяй у дні сёньняшнім ёсьць і такое сьцьверджаньне, што «і Польшча, і Літва, і Ўкраіна -- ніякае для нас не замежжа. Мы жылі сотні гадоў поруч, часам у супольных дзяржавах». Замежжа! Бо мы ад Багоў і Дзядоў маем Свой Дом. І, як на тое пайшло, чаму ў пераліку няма Расеі? Усё ж зьбягаецца. І сотні гадоў поруч, і часам у супольных дзяржавах. Няма там «спрыяльных умоваў»? Ёсьць! Да прыкладу, Іркуцкае Таварыства Беларускай культуры, што лучыць у сваіх шэрагах каля пяцісот чалавек, вольна карыстаецца нацыянальнай сымболікай і мае падтрымку мясцовых уладаў, ужо які год шукае настаўнікаў беларускай мовы для сваіх дзетак. Аклад гарантаваны. Хто хоча гартаваць «Беларускі Дух» на Байкале? Не чуваць. Усё выдае на тое, што займацца сьпірытычнымі сэансамі («Нам дапаможа Беларускі Дух»(!)) зручней у Варшаве, Празе ці Вільні. То й ня трэба гэтага саромецца ды шукаць прыгожых словаў на апраўданьне сваёй уласнай жыцьцёвай прагматыкі. Бо яна няздольная падмяніць адвечнае ісьціны: Беларускі Дух жыве (сілкуецца, сталее, гартуецца, змагаецца) толькі ў Беларускім Доме; у чужых кватэрах ён, у лепшым разе, ператвараецца зь цягам часу ў назольны пах.

Полацак

Загаловак ад Рэдакцыі. Аўтарскі загаловак: «Сьпірытычны сэанс па-за роднаю хатай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?