Вольга Саломенік, падазраваная ў шпіянажы і вярбоўцы супрацоўніка польскай Службы ўнутранай бяспекі (ABW), з’яўляецца адным з чальцоў Саюзу палякаў Беларусі, лаяльнага да рэжыму Лукашэнкі.

Гэта новы віток шпіёнскага скандалу. Вольга Саломенік 25 жніўня 2000 г. уступіла ў Саюз палякаў. Яе прыняў тагачасны старшыня Саюза ў Гродне Тадэвуш Кручкоўскі. Цяпер яму забаронены ўезд у Польшчу: ён падазраецца ў супрацоўніцтве з беларускім КДБ.

Першую візу Саломенік атрымала ў 2001 годзе. Ці рэкамендавала яе арганізацыя Кручкоўскага? Невядома. Консульства Польшчы ў Гродне паведамляе, што ў іх ёсць дастаткова доказаў выкарыстання расколу Саюза палякаў беларускімі спецслужбамі з мэтай збору інфармацыі ў Польшчы.

У 2005 годзе польская меншасць у Беларусі захацела вызваліцца ад залежнасці ад уладаў. На месца Кручкоўскага была абраная Анжаліка Борыс. З таго часу ў Саюзе пануе раскол. Рэжым не прызнае Борыс, абедзве арганізацыі носяць адну назву.

Гісторыя Вольгі Саломенік і Роберта Р., капітана Беластоцкага прадстаўніцтва ABW, які з ёй супрацоўнічаў, здаецца, пацвярджае асцярогі польскіх уладаў. Два гады ABW і пракуратура трымаюць гэтую справу ў сакрэце.

Роберт Р. працаваў аналітыкам, правяраў від на жыхарства замежнікаў. Так ён сустрэўся з Вольгай. Тое, што іх стасункі становяцца небяспечнымі, Служба бяспекі зразумела лёгка: ён пачаў цікавіцца тым, што не ўваходзіла ў сферу яго абавязкаў. Раз ці два ён скапіяваў дадзеныя, што не датычылі пытанняў, па якіх ён працаваў. «Хутка мы даведаліся, каму ён іх аддаў, — тлумачыць афіцэр штаба ABW. — Што гэта дадзеныя — не хачу казаць».

Роберт Р. затрыманы ў лютым 2008 году і да гэтага часу сядзіць у турме. Яго таемны працэс цягнецца са снежня 2009 году, яму пагражае да 15 гадоў. Яго абвінавачваюць і ў супрацоўніцтве з замежнай выведкай, але з усіх можа застацца толькі абвінавачанне ў раскрыцці дзяржаўнай таямніцы, — кажа адзін з супрацоўнікаў штаб‑кватэры ABW.

Ці значыць гэта, што, перадаючы дадзеныя Саломенік, ён мог не ведаць пра яе супрацоўніцтва з беларускімі службамі?

А чаму контрвыведка не паспрабавала перавербаваць Вольгу, выкарыстоўваючы афіцэра ABW? Занадта высокая рызыка. Р. Ведаў даволі шмат, а Вольга была дробнай сошкай. Падобна да таго, што яна спакушала прадпрымальнікаў і чальцоў мясцовых органаў улады, выцягваючы з іх інфармацыю.

Гэта першы выяўлены выпадак супрацоўніцтва афіцэра ABW з замежнымі выведкамі. Яшчэ адна прычына, з якой ніхто не кажа аб гэтым пытанні, — ABW хоча добрых адносінаў з КДБ Беларусі. «Афіцыйна мы не маем добрых адносінаў з Беларуссю. Аднак нам неабходнае супрацоўніцтва з КДБ, якое ў Беларусі прысутнічае паўсюль. Мы павінныя сачыць за перамяшчэннем праз мяжу, як таго патрабуе ЕС. Для яго важна абараніць сябе ад прытоку нелегальных імігрантаў і тавараў з Усходу, — тлумачыць прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў.

Пасля арышту капітана Вольга Саломенік знікла з Польшчы. Яе фотаздымкі знайшлі на аўстрыйскім сайце знаёмстваў, але ніхто не ведае, ці цяперашнія яны. У мінулую сераду, пасля публікацыі ў «Газеце Выборчай», у рэдакцыю патэлефанавала жанчына, што прадставілася Вольгай Саломенік. Яна адмаўляла, што збегла з Польшчы. Прапанавала сустрэцца, каб расказаць усё. Падчас сустрэчы не апавяла нічога, кажучы, што не будзе гаварыць без адваката. Калі яе спыталі, што звязвала яе з Робертам Р. — каханне або шпіянаж, — яна адказала: «Я не ведаю гэтага чалавека».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?