Прадпрыемствы па перапрацоўцы адкідаў адстаюць ад культуры народу.

Ужо два месяцы дзейнічае указ прэзыдэнта, паводле якога імпартэры і вытворцы плястыкавай прадукцыі альбо прадукцыі, запакаванай у гэтую тару, мусяць плаціць каля 240 тыс. з тоны гэтай сыравіны на яе перапрацоўку. Нешта падобнае існуе і ў Эўропе. Але там заканадаўствам замацаваны абавязак вытворцы і гандлёвай фірмы прымаць назад і перапрацоўваць упакоўку пасьля выкарыстаньня спажыўцом. Займацца гэтай справай паасобку немэтазгодна, таму з ініцыятывы гэтых фірмаў была створана прыватная схема ўтылізацыі – «дуальная сыстэма», якая ўзяла на сябе выкананьне гэтых задачаў. Тысячы фірмаў непрымусова прынялі рашэньне ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Сплаціўшы грошы за паслугу, яны атрымліваюць права пазначыць сваю ўпакоўку «зялёнай кропкай». Паводле гэтага сымбалю спажывец даведваецца пра перапрацоўку тары і вяртае яе назад. У Беларусі гэтую ролю на сябе ўзяла дзяржава.

Паводле зьвестак канцэрну «Белрэсурсы», штогод у Беларусі ўтвараецца 900 тыс. тон патэнцыйнай другаснай сыравіны, а перапрацоўваецца 240 тыс. на суму $20 млн.

У Магілёве быў пабудаваны перапрацоўчы завод плястыку магутнасьцю 7 тыс. тон, у краіне ўведзены асобны збор сыравіны, але на сёньня загружанасьць прадпрыемства – 2,5 тыс. тон пэт-бутэлек. Утвараецца ж штогод 13 тыс. (300 млн штук). «Арганізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы для збору пэт-бутэлек патрабуе вялікіх выдаткаў, – тлумачыць начальнік аддзелу другаснай сыравіны канцэрну «Белрэсурсы» Анатоль Яцук. – Цяпер у гэтай сыстэме працуе каля 150 аўтамабіляў і 20 прэсаў коштам 200 млн рублёў кожны. Абсталяваньне перапрацоўчага заводу абышлося ў 2 млн эўра. Але і з такім абсталяваньнем мы адстаём, можна сказаць, ад культуры народу. Спажыўцы гатовыя да асобнага збору, яны і перапаўняюць нашыя бакі, а мы не пасьпяваем за імі».

Зь перапрацоўкай паперы і шкла паўстаюць іншыя пытаньні. Прадпрыемствы напоўніцу загружаныя, але адкідаў утвараецца ў 2–3 разы болей. Востра адчуваецца патрэба павелічэньня вытворчых магутнасьцяў, а гэта таксама патрабуе вялікіх укладаньняў.

Паводле словаў Анатоля Яцука, айчынныя прадпрымальнікі таксама цікавяцца гэтым кірункам, а тыя, што ўжо займаюцца зборам ці перапрацоўкай, робяць гэта больш пасьпяхова, чым дзяржава. Але сур’ёзных інвэстыцыяў зь іх боку чакаць не даводзіцца. Падатковай сыстэмай ня ўлічаныя асаблівасьці работы з другаснай сыравінай. Тое, што сыравіна зьбіраецца, а не набываецца за грошы, уплывае на заліковы ПДВ. Урэшце, ад цаны продажу на падаткі пойдзе прыкладна 40%. З астатніх грошай бізнэсовец мусіць сабраць, перапрацаваць, сплаціць падатак на зямлю (патрэбна вялікая плошча для назапашваньня, дасартоўкі і г.д.), экалягічны збор, выплаціць заробкі.

«За 2005 год рэнтабэльнасьць прадпрыемства склала меней за 10%, – скардзіцца ўладальнік УП «Белзьнешпрадукт» Валеры Кот. – Калі я пачынаў займацца гэтым напрамкам у 1994 годзе, гэта лічба была 56%. Тады перапрацоўвалі галоўным чынам адкіды прадпрыемстваў, іх аддавалі за невялікія сродкі. Сёньня ў выніку розных пераўтварэньняў тону адкідаў прадпрыемства прадае прыкладна за $500. Каб атрымаць другасную сыравіну таньней, уздоўж галоўнага праспэкту Менску былі ўсталяваны нашыя кантэйнэры для адкідаў спажыўцоў. Але таньней не атрымалася».

Паводле словаў сп.Валера, больш пасьпяхова займацца гэтым напрамкам можна толькі пры наяўнасьці ільгот і магчымасьці іх ажыцьцяўленьня. Законам «Аб ахове навакольнага асяродзьдзя» і законам «Аб адкідах» прадугледжаныя ільготы ў падаткаабкладаньні юрыдычных асобаў і прыватных прадпрымальнікаў, крэдытаваньне мерапрыемстваў па ахове навакольнага асяродзьдзя з рэспубліканскіх і мясцовых бюджэтаў. Але грошы там знаходзяцца толькі для дзяржаўных праграмаў.

Акрамя гэтага, дзейнасьць такога прадпрыемства заўсёды пад пільным вокам пажарных ды санэпідэмстанцый. Папера і плястык – пажаранебясьпечныя, у бутэльках застаюцца рэшткі напояў, і летам на іх пах зьлятаюцца восы. «Да нас прыходзіць шмат энтузіястаў, многія спрабавалі працаваць, але безь дзяржаўных ільгот і разуменьня ўсімі гэтымі службамі нашых праблемаў хаця б на першапачатковым этапе выжыць прадпрыемству амаль не магчыма. Усё, чым я магу іх сёньня падтрымаць, гэта дамагчыся ад Мінпрыроды часовага вызваленьня ад экалягічнага падатку», – перажывае спадар Яцук.

За год у Беларусі

ўтвараецца 31 млн тон адкідаў. Зь іх 900 тыс. мусяць перарабляцца на другасную сыравіну. З 570 тыс. тон макулятуры перапрацоўваецца 240 тыс., з 27 тыс. тон плястмасаў – 2,5 тыс.

Магутнасьць шклоперапрацоўкі складае 60 тыс. тон у год пры ўтварэньні 150 тыс. У выніку пераходу шэрагу прадпрыемстваў на фірмовую тару дадаткова неабходна перапрацаваць 180 тыс. тон (500 млн. бутэлек).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?