23 жніўня

Каля Цэнтральнага РУУС у Менску затрымалі моладзевых актывістаў Юлію Гарачку, Яўгенію Ёкшу, Лілію Міхайлаву, Лілію Давыдоўскую, Міхаіла Субача, Уладзімера Лукшу іВіктара Дзенісовіча: яны раздавалі міліцыянтам улёткі з заклікам берагчы гонар мундзіра. Гарачку асудзілі на 4 сутак арышту, Міхайлавай, Ёкшы, Дзенісевічу і Лукшы прысудзілі штраф 20 базавых велічыняў (620 тыс. руб.), Давідоўскай – 29.

У віцебскім судзе апраўдалі актывіста ПБНФ Кастуся Смолікава: яго вінавацілі ў дастаўцы й распаўсюдзе нелегальнай друкаванай прадукцыі. Аднак суд улічыў, што актывіст нават не трымаў у руках пакунак, які загадзя пасьпелі канфіскаваць міліцыянты.

У Менску падчас распаўсюду запрашальнікаў на дазволены канцэрт «Песьні Свабоды» затрыманыя Віталь Стажараў, Ірына Анцілеўская з 7-гадовай дачкой, а таксама тры 16-гадовыя школьніцы.

ПалітвязьнюМікалаю Статкевічу падкінулі ў аўтамабіль шпрыц з рэшткамі бясколернай вадкасці й моцным пахам.

24 жніўня

На мяжы правялі надгляд аўтамабіля і асабістых рэчаў кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі й кіраўніка ПКБ Сяргея Калякіна, калі палітыкі ехалі ў Вільню.

У Вялейцы затрымалі моладзевага актывіста Юрася Палонскага: міліцыянты заявілі, што ў яго можа быць выбуховае прыстасаваньне. Пратакол на хлопца не складалі.

Сяргея Панамарова ў Клецку выклікалі ў пашпартны стол: міліцэйскае кіраўніцтва цікавілася ў яго плянамі апазыцыі ды прычынамі таго, чаму ён падаў заяўку на мітынг.

25 жніўня

У Менску перад канцэртам «Песьні Свабоды» міліцыянты папярэдзілі В.Стажарава, Аляксандра Спрагоўскага і Яўгена Навінскага, якія ішлі зь сьцягамі АГП.

Актывіста БСДП(Г) Алега Волчака 2 гадзіны трымалі на мяжы пры ўезьдзе ў Беларусь: памежнікі раіліся зь Менскам.

У офіс пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» прыйшлі пастановы апэляцыйнай камісіі гаспадарчага суду Менску з двух паседжаньняў, хаця прадстаўнікам суполкі паведамілі загадзя толькі пра адно зь іх.

27 жніўня

Падчас моладзевага футбольнага турніру «За свабоду і незалежнасьць» міліцыянт затрымаў Ільлю Богдана і Вольгу Гудкову, якая фатаграфавала затрыманьне. Таксама забраў расьцяжку з назвай турніру. Была спроба ўвогуле сарваць турнір: дамова на арэнду стадыёну была раптоўна скасаваная.

У Салігорску на Дзень гораду міліцыянты сарвалі нацыянальны сьцяг з гаўбца прыватнай кватэры над цэнтральнай плошчай. Моладзевага актывіста Андрэя Тычыну затрымалі двойчы: удзень ён узьняў бел-чырвона-белы сьцяг над плошчай, увечары – падчас вывешваньня транспаранту «Мы памятаем».

28 жніўня

На Ігара Кулея (пасынка Аляксандра Мілінкевіча і сына Іны Кулей) пачалі крымінальную справу: яго вінавацяць ва ўхіленьні ад войска, хаця хлопец ужо чацьверты год вучыцца ва ўнівэрсытэце ў польскім Ольштыне.

На газэту ПКБ «Товарищ» і прафсаюзнага актывіста суполкі таксоўцаў Паўла Паддубскага пададзены пазоў на 30 млн руб.: старшыня асацыяцыі «Сталічнае таксі» Ігар Верхавец палічыў абражаным свой гонар і годнасьць. У газэце распавядалася пра праблемы таксоўцаў і адзначалася, што асацыяцыя пазбаўляецца канкурэнтаў.

За «мінаваньне» офісу ПБНФ у аддзеле міліцыі Савецкага раёну распачалі крымінальную справу па факце хуліганства.

У Драгічыне зьбілі актывіста БНФ Васіля Пракопчыка: ягонаму земляку Аляксандру Бялкову не спадабалася, што той распаўсюджвае ў горадзе незалежную прэсу. Выкліканыя міліцыянты засьведчылі, што нападнік п’яны, але затрымліваць яго адмовіліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?