Напачатку палянэз Агінскага гучаў зусім іначай, унук князя Міхала Клеафаса адшукаў Трою, іншы нашчадак адкрываў Эўропе джаз... Якія яшчэ загадкі тоіць кампазытарская дынастыя Агінскіх? Зь Віктарам Скорабагатавым гутарыць Зьміцер Падбярэскі.

«Наша Ніва»: Ці ўся музыка, напісаная Агінскімі, адшуканая?

Віктар Скорабагатаў: Літаральна гадоў восем-дзесяць таму было даказана, што мэлёдыя «Ешчэ Польска не згінэла», то бок мазурка Дамброўскага, сучасны гімн Польшчы, напісаная Міхалам Клеафасам Агінскім. Яго нашчадак Анджэй Залускі знайшоў рукапіс твору, аўтограф. Таму гэтыя дыскі з спадчынай Агінскіх – толькі пачатак «раскопак». Ніхто ж дакладна ня можа сказаць, што бачыў і расчытаў усе рукапісы, якія зьберагаюцца, скажам, у маскоўскім архіве Агінскага. Уладзімер Шчасны дамогся атрымаць хаця б копіі дакумэнтаў. Але ж у Маскве ноты, напісаныя рукой Міхала Клеафаса, маюцца ня толькі ў дзяржаўным, але і ў нотным кансэрваторскім архіве. У прыватнасьці, скрыпічныя творы. Мы ведаем Міхала Клеафаса як кампазытара, які пісаў для фортэпіяна, але ж улюбёным ягоным інструмэнтам была скрыпка. Дык што, няўжо ж ён нічога для скрыпкі не напісаў?! Трэба проста шукаць, шукаць іх даўнюю маёмасьць ад Варшавы да Масквы. Ёсьць не да канца разабраныя архівы кляштараў, храмавыя, дзяржаўныя, гарадзкія архівы. Пошукавую працу трэба працягваць.

«НН»: Для князёў Агінскіх кампазытарства было хобі ці ўсё ж родам прафэсійнай дзейнасьці?

ВС: Правяду паралель з Антоніем Радзівілам. Ён быў сваяком прускага караля, дванаццатым ардынатам Нясьвіжу, адным з найбольш заможных на той час людзей у сьвеце, палітыкам... І ў той жа час Гётэ пра яго гэтак напісаў у сваім дзёньніку: «Геніяльная, парывістая кампазыцыя князя да «Фаўста»!» Геніяльная кампазыцыя! Гэтак выказаўся чалавек, які сябраваў з Бэтговэнам, да якога з пашанай зьвяртаўся Бэрліёз, які сам быў дырэктарам ці ня опэрнага тэатру. Дык хто ж тады Антоні Радзівіл? І хто такі Міхал Клеафас Агінскі? Ну, скажам, першы ў сьвеце міністар адукацыі. Паводле канстытуцыі, 3 траўня 1793 году ў Рэчы Паспалітай было ўтворана такое міністэрства, і першым ягоным міністрам быў менавіта ён. Такім чынам – міністар? Палкаводзец? Кампазытар? І тое, і другое, і трэцяе. Проста гэта былі такія маштабныя постаці, асобы рэнэсанснага тыпу, якія маглі выявіць сябе яскрава і таленавіта ў самых розных галінах жыцьця, літаральна ва ўсім, да чаго дакраналіся.

«НН»: А хто з нашчадкаў Міхала Клеафаса можа спрачацца зь ім у славе?

ВС: Бясспрэчна, яго унук Караль Бэрнард Залускі. Дастаткова паглядзець на ноты ягонага палянэзу. Гэта напісана па-мастацку проста калясальна! Караль Бэрнард быў вайскоўцам, дыпляматам, актыўна займаўся навукай, у прыватнасьці, разам са Шліманам раскопваў Трою, першы расшыфраваў старажытнагрэцкія мэлёдыі і рытмы. І гэта відаць у яго фортэпіянных творах, якія пазначаны надзвычай складанай рытмаарганізацыяй. Ён сябраваў зь Лістам. З нотаў відаць, што ён пісаў не для шараговых выканаўцаў, а для віртуозаў.

«НН»: Як выглядаюць Агінскія на фоне іншых знакамітых кампазытарскіх дынастыяў?

ВС: Бахаўская дынастыя – найбольш вядомая ў сьвеце. Пры жыцьці Ёган Сабастыян Бах быў больш-менш вядомы як музыка, але яго хутчэй прымалі як арганіста, чым як кампазытара: выдавецкая справа толькі разгортвалася, ягоныя творы амаль не друкаваліся. Нават пасьля яго сьмерці калі і ўжываўся выраз «вялікі кампазытар Бах», дык меўся на ўвазе ягоны старэйшы сын Карл Філіп Эмануіл. Дарэчы, Вольфганг Моцарт вучыўся і ў Карла Філіпа Эмануіла, і ў Ёгана Хрысьціяна, сыноў Ёгана Сабастыяна.

Але Агінскія – дык гэта сапраўды фэнамэнальны вынік, хаця б па часе. Кампазытар Караль Агінскі нам вядомы яшчэ з часу Баха. І да сёньня гэтая дынастыя мае кампазытараў, адпаведных стылю той эпохі, у якой жывуць і працуюць. Напрыклад, Войцех Астоя-Асташэўскі. Ён быў кампазытарам хутчэй джазавым, чым акадэмічным. У 30-я гады ХХ ст. у Эўропе з джазам толькі-толькі пачыналі знаёміцца. І адзін з нашчадкаў Агінскіх, якіх мы ведаем як кампазытараў-клясыкаў, спрычыніўся да папулярызацыі джазу. Дый сам Іва Залускі, і яго брат трымаюцца ў творчасьці клясычных кірункаў, хоць і не без экспэрымэнтаў. Іва Залускі нават напісаў фортэпіянны твор для левай рукі. Хоць першым тут быў Равэль, які напісаў канцэрт для фортэпіяна з аркестрам для левай рукі: ягоны сябра-піяніст падчас вайны страціў правую руку.

«НН»: Але ці можна казаць пра тое, што Іва Залускі выступае ня толькі як прафэсійны кампазытар, але і як прафэсійны піяніст?

ВС: Чым больш людзей выканалі тую ці іншую п’есу, тым больш варыянтаў яе прачытаньня. Мы ўсе нібыта выдатна ведаем ля-мінорны палянэз Міхала Клеафаса Агінскага «Разьвітаньне з Радзімай». Але нам гэта толькі здаецца. Па сутнасьці, Іва Залускі адкрыў нам гэты твор, бо адшукаў ня проста запісаны тэкст п’есы рукой Агінскага. Ён знайшоў яшчэ й першыя выданьні палянэзу, якія выходзілі пры жыцьці Агінскага ды яшчэ пры ягоным удзеле. Паміж рукапісам і выданьнем маюцца адрозьненьні ў нотным тэксьце. Вось Ігар Алоўнікаў і выконвае часта гэты твор на канцэртах, і запісаў яго. Маецца цяпер і запіс Івы Залускага. Канечне ж, параўноўваць іх як піяністаў немагчыма: Іва на фоне Ігара выглядае як аматар. Тым ня менш, яны ж выконваюць розныя рэдакцыі аднаго й таго ж твору. І тая, і другая рэдакцыі былі напісаныя ды выдадзеныя пры жыцьці Агінскага, таму і атрымліваецца, што абедзьве рэдакцыі маюць права на выкананьне. Гэта – аўтарскі тэкст. А дагэтуль мы ведалі, на жаль, толькі рэдакцыю Рагаль-Лявіцкага, паводле якой і была зроблена сымфанічная партытура. І вось яна наагул адрозьніваецца ад аўтарскай рэдакцыі!

Music of the Oginsky Dynasty. – «Каўчэг», 2006.

Музычная спадчына Агінскіх, Асташэўскіх і Залускіх, выдадзеная дбаньнямі Івы Залускага, нашчадка Міхала Клеафаса Агінскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0