Пра гэта паведаміла старшыня Віцебскай абласной арганізацыі аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», ініцыятар кампаніі па зборы подпісаў гараджан за перайменаванне вуліцы Таццяна Севярынец.

Паводле яе слоў, на Камуністычнай, якая да 1919 года складалася з дзвюх вуліц — Вялікай Багаслоўскай і Малой Багаслоўскай, размешчана віцебская Свята‑Успенская царква першай паловы XVIII стагоддзя, святар якой блаславіў збор подпісаў за вяртанне тапоніму гістарычнай назвы. Заява пра гэта з 31 подпісам жыхароў вуліцы Камуністычнай была пададзена ў мясцовы гарвыканкам 8 снежня, сказала Севярынец.

21 студзеня пытанне было разгледжанае на пасяджэнні гарадской тапанімічнай камісіі. «Прадстаўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска заявіў, што ў бліжэйшыя два‑тры гады горад не будзе займацца перайменаваннем вуліц, таму што «няма грошай нават на заробкі». Чыноўнік адзначыў, што райвыканкам «з вялікай цяжкасцю выплачвае заробкі бюджэтнікам». Перайменаванне вуліцы, паводле яго слоў, будзе каштаваць ад 5 да 7 мільёнаў рублёў», — адзначыла Севярынец.

Ёй было заяўлена, што ўлады пагадзіліся б з перайменаваннем Камуністычнай, калі б гэтыя расходы ўзялі на сябе жыхары вуліцы, якія падпісалі заяву.’

Аднак ужо 4 сакавіка Таццяна Севярынец атрымала ліст з вынікамі пасяджэння адміністрацыі Кастрычніцкага раёна з удзелам жыхароў вуліцы Камуністычнай.

З 77 чалавек, якія бралі ўдзел у абмеркаванні, толькі дзевяць выказаліся за вяртанне тапоніму яго гістарычнай назвы, а 55 — супраць.

Таму гарадскія ўлады палічылі немэтазгодным вяртаць у гарадскую тапаніміку вуліцы Вялікую і Малую Багаслоўскія.

На гэтае пасяджэнне Севярынец не запрасілі. Яна мяркуе, што пытанне жыхарам вуліцы падалі прыкладна такім чынам: «Вы ведаеце, што перайменаванне будзе каштаваць пяць‑сем мільёнаў рублёў? У горада грошай на гэта няма. Хочаце плаціць са сваёй кішэні?» «Вядома, людзі, для якіх вяртанне вуліцы яе гістарычнай назвы не з’яўляецца прынцыповым пытаннем, выказаліся супраць гэтай ідэі», — лічыць Таццяна Севярынец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?