«Адкрыты чэмпіянат Берасьцейшчыны па рускіх шашках» – гучыць добра, «Шашачны фэстываль «Етвызь-2006» – гучыць яшчэ лепш. Ад пачатку 1990-х у гарадку на паўдарозе між Кобрынам і Пінскам штогод ладзяцца фэсты па клясычных шашках-64 ды бліцы. На іх завітваюць не адно землякі-палешукі, а і гульцы з Масквы ды Сібіры. Дзякуючы міжнароднаму майстру Васілю Нагурнаму, намесьніку дырэктара адной з драгічынскіх прафтэхвучэльняў, пры раньнім Лукашэнку гульні набылі афіцыйны статус. Аднак захаваўся і рамантычны назоў эпохі «адраджэнца яцьвягаў» Міколы Шаляговіча.

Сёлета ў галоўным турніры рэй вялі варагі, менскія майстры Вячаслаў Палянскі і Юры Файнберг. Трэцяе месца ўзяў драгічынец Зьміцер Гарматны. Для яго «бронза» – немалы посьпех: кандыдат у майстры абышоў шэраг майстроў, у тым ліку чэмпіёна Беларусі. Апошні выступіў слабавата (50%): як прызнаецца сам Яўген Кандрачэнка, галава яго занята выдавецкімі праектамі. Дарэчы, сп.Нагурны, экс-чэмпіён краіны ў гульні празь ліставаньне, які выхаваў плеяду палескіх разраднікаў, вядомы тым, што выдае адзіны ў Беларусі шашачны часопіс. Хоць і ня дужа рэгулярна: апошні, 4-ты, нумар зьявіўся два гады таму.

Ваш ход

В.Палянскі–Ю.Файнберг, 55-ты чэмпіянат Беларусі. Чорныя пачынаюць і выйграюць.

Адказ: 1…hg3! 2. fg5 hf4 3. eg5 ce3 4. hf4 ef6 5. ge7 eg5X. На 2. fe5 Файнберг згуляў бы 2…ef6! 3. hf4 ba5 4. db6 fb2 5. ab4 ac3 6. ca3 bc7 7. db4 cc3X.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0