Старшыня Цэнтральнага савета БФСТ «Дынама» Юрый Бародзіч раскрытыкаваў выказванні галоўнага трэнера хакейнай зборнай Беларусі Міхаіла Захарава ў адрас арганізатараў Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы.

«Мы не павінны ганьбіць краіну паспешнымі заявамі», — сказаў Бародзіч, выступаючы 18 сакавіка на пазачарговай канферэнцыі Федэрацыі хакея. На яго думку, Захараў не меў права даваць ацэнку арганізатарам Алімпіяды. Выказванні трэнера выклікалі негатыўны рэзананс, адзначыў Бародзіч.

«Кажу як ёсць, няхай Міхаіл крыўдзіцца ці не крыўдзіцца», — сказаў кіраўнік БФСТ.

На яго думку, такія сітуацыі неабходна прадугледзець у кантракце федэрацыі з галоўным трэнерам зборнай, каб апошні не меў права рабіць падобныя заявы.

Сам Захараў лічыць, што зрабіў правільна, бо арганізатары не забяспечылі належныя ўмовы хакеістам падчас матчу Беларусь — Швейцарыя. «У раздзявальні не было ні шафаў, ні крэслаў, хакеісты хадзілі ў агульную прыбіральню, да якой было метраў 50», — сказаў трэнер. Паводле яго слоў, побач пераапраналася жаночая зборная Фінляндыі,

«голых дзяўчат» аддзяляла толькі шырма. Абурэнне хакеістаў, паводле слоў Захарава, было вялікае, ад злосці яны ламалі клюшкі.

«Я ўпершыню ўбачыў такую арганізацыю. У Японіі і Італіі, не хакейных краінах, такога не было», — заявіў ён.

Як лічыць Захараў, гэтая сітуацыя ўзнікла таму, што арганізатары Алімпіяды не меркавалі, што зборнай Канады давядзецца праводзіць стыкавы матч, каб трапіць у чвэрцьфінал. Захараў перакананы, што ў гэтым выпадку маўчаць было нельга. «Заўсёды трэба заступацца за хакеістаў і радзіму», — сказаў трэнер.

На гэта Бародзіч адказаў, што «ёсць агульнапрынятая форма прынясення пратэсту». «Па сутнасці было правільна, але па форме няправільна», — рэзюмаваў ён.

Падчас Алімпіяды ў інтэрв’ю «Советскому спорту» Захараў, у прыватнасці, заявіў: «Трэба паказаць гэтым пешчаным заморцам, што расійскі хакей — лепшы ў свеце. А то ў нас любяць канадскі стыль прышчэпліваць… У канадцаў наогул галава не працуе. Яны не цямяць на лёдзе. Дагуляліся да ручкі. Зрабілі пад сябе класны расклад.

Думалі, у чацвёрку мацнейшых без праблем пройдуць, сябровак у вёску прывезлі…

Я стану самым шчаслівым чалавекам на планеце, як толькі яны закончаць з Алімпіядай» [Хакеісты Канады ўрэшце перамаглі ў алімпійскім турніры, а ў 1/4 фіналу вынеслі Расію 7:3 - НН].

Пасля вяртання ў Мінск Захараў патлумачыў журналістам, што яго выказванні выкліканыя нездавальняючымі ўмовамі падрыхтоўкі да матчу са Швейцарыяй:

«Яны намудрылі да такой ступені, што мы ў такія ўмовы трапілі, што яны ні пра каго не падумалі. Яны думалі, што будуць канадцы не ўдзельнічаць у гэтай сітуацыі [стыкавым матчы]. Там усе раздзявальні былі занятыя. Мы пераходзілі, раздзявальняў не было. Як мы пераапраналіся ў апошніх матчах, канешне, так нельга было ставіцца. Там усе лаяліся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?