Тры з паловай гадзіны пратрымалі ў Ленінскім аддзеле міліцыі Магілёва дзвюх нямецкіх валанцёрак. Сюзане Пауль і Зольвай Шорыс пагражае дэпартацыя. Паводле слоў валанцёрак, іх спачатку вінавацілі ў тым, што яны без дазволу наведвалі навучальныя ўстановы ў Магілёве і гутарылі там з моладдзю, а потым абвінавачванне нечакана змянілі на парушэнне правілаў знаходжання замежных грамадзян у Беларусі.

У валанцёрак забралі пашпарты, на заўтра іх выклікалі на допыт.

Грамадзянкі Германіі пачалі знаёміцца з працай беларускіх сілавых структураў яшчэ 23 сакавіка, калі да іх у фонд прыйшлі двое супрацоўнікаў невядомай ім арганізацыі са здымачнай групай:

«Нас віталі адразу з мікрафонамі і камерай і казалі, што мы парушаем вашыя законы. Гэта быў першы беларускі канал. Нам пачалі задаваць пытанні. Мы сказалі, што адказваць на пытанні не будзем. Яны нас усё адно здымалі. Хвілін пятнаццаць, напэўна», — паведаміла Зольвай Шорыс.

24 сакавіка амаль дзве гадзіны супрацоўнікі аддзела па грамадзянстве і міграцыі дапытвалі валанцёрак без перакладчыка:

«Мы ўвесь час патрабавалі перакладчыка, казалі, што без перакладчыка не будзем нічога падпісваць.

Мы дасканала не валодаем рускай мовай. Адваката не было. Яны не прапанавалі яго нам. Яны прымушалі нас падпісаць пратакол, потым высветлілася, што там напісана зусім не тое. Ніхто не казаў, такім чынам, як там было напісана. Мы вырашылі адмовіцца яго падпісваць», — зазначае Сюзана Пауль.

У Магілёў валанцёркі прыехалі пяць месяцаў таму ад няўрадавай нямецкай арганізацыі «Нямецка‑рускі абмен» (DRA). Яны працуюць у дабрачынным фондзе «Блакітныя берагі». Ён апякуецца дзецьмі‑інвалідамі. У вольны час немкі насамрэч сустракаюцца са студэнтамі, сваімі магілёўскімі аднагодкамі. Сюзане Пауль 23 гады, Зольвай Шорыс — 20.

У чым жа віна грамадзянак Германіі?

«Яны казалі, што мы ходзім ва універсітэт і наведвалі адну школу, не запытаўшы ў дырэктара дазволу.

Яны сказалі, што мы нібыта аднойчы сказалі ў школе, што моладзь у Беларусі кантралюецца.

Яны пагражалі, што дэпартуюць нас з краіны, бо мы парушалі законы», — кажа Сюзана Пауль.

У пратаколе ж, які склалі міліцыянеры, валанцёркам інкрымінуецца іншае парушэнне — пражыванне не па месцы рэгістрацыі.

Паводле праваабаронцаў, якія знаходзіліся ў міліцыі, пакуль ішоў допыт валанцёрак, абвінавачванне змянілі, бо яно па сутнасці абсурднае і пра яго паспелі паведаміць незалежныя СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?