Раўбічы. Гэтае месца ведамае беларусам найперш дзякуючы купюрам у 5 000 рублёў, на якіх выяўлены алімпійскі спартыўны комплекс. Нядаўна тут выбухнуў канфлікт паміж Нацыянальным мастацкім музеем і вернікамі-каталікамі парафіі суседняй вёскі Аколіца. Прадметам спрэчкі стаў будынак Музея народнага мастацтва. Гэта былы касцёл Святога Мацея.

Айцец Ігар Лашук, галоўны ініцыятар вяртання касцёла вернікам, кажа, што для гэтае парафіі, у Раўбічах, ужо выраблены абраз Халяўшчыцкае Маці Божае, што некалі ўратвала тутэйшага шляхціца Лукаша Халяву, які стаў у 1640 годзе першым фундатарам тутэйшае святыні.

Але, як высветлілася падчас навуковай канферэнцыі «Праблемы аховы і інтэрпрэтацыі помнікаў гісторыі і культуры. Узаемадзеянне грамадскасці і дзяржавы», што прайшла ў Раўбічах у сакавіку,

пытанне аб вяртанні касцёла вернікам пакуль афіцыйна нават не ставілася.

Калі ў 1970-я аскабалкі колішняга касцёла апынуліся на тэрыторыі алімпійскага спарткомплексу «Раўбічы», храм удалося выратаваць цудам, размясціўшы тут Музей народнага мастацтва. Сёння тут зберагаюцца сапраўдныя скарбы — скульптуры і абразы, унікальныя царскія вароты, сплеценыя з саломы, адзіны ў Беларусі аўтэнтычны поўны Віцебскі народны строй…

Але выдатна складзеная і аформленая пры канцы 1970-х экспазіцыя з таго часу мала змянялася. Даўно не рабіліся экспедыцыі, не праводзіліся мэтавыя закупы.

Фонды папаўняюцца спарадычна і выпадкова. Напрыклад, ксёндз Ёзас Булька ў свой час падараваў музею колькі ўзораў народнага ганчарства… Музей не мае сваіх буклетаў, праспектаў, паштовак, нават старонкі ў інтэрнэце… Які б музей ні быў выдатны, на свой час, сёння ён выглядае анахранічна.

Можна зразумець клопат рупліўцаў старасвеччыны, якія баяцца, што і гэты музей можа напаткаць лёс музеяў у Заслаўі і Гродна, ліквідаваных у выніку перадачы іх будынкаў Царкве. Можна зразумець і непакой супрацоўнікаў за свае працоўныя месцы… Але, далібог, дзіўнавата глядзіцца музей, што месціцца ў касцёле пры могілках, у атачэнні спартовых канструкцыяў.

Дабірацца сваім ходам сюды няпроста. Развіваць музей няма як. Ладзіць там, напрыклад, фальклорныя фэсты, няма каму… Ізноў жа, сярод могілак. Месца Музею беларускага народнага мастацтва — у сталіцы. А там пазнаёміцца з традыцыйным, народным мастацтвам няма як. Камуністы ў свой час хавалі гэтыя скарбы далей ад новых пакаленняў беларусаў, зводзячы іх да турыстычнай забаўкі пры спарткомплексе… Гэты музей, як і многія іншыя нашыя найкаштоўнейшыя зборы, засеў у каляіне між часоў. Ні ўзад, ні ўперад.

Зрэшты, ніхто сёння і не збіраецца вырашаць лёс музея ў Раўбічах. Няма ані палітычнае волі, ані належных сродкаў, каб узняць яго статус і ўдыхнуць новае жыццё,. Роўна як ніхто ў агляднай перспектыве не верне гэты будынак Касцёлу. Але канфлікт падкрэслівае лішні раз недасканаласць нашага заканадаўства, дзе не прапісаны механізм вяртання/невяртання культавых будынкаў.

Што яшчэ турбуе — лёс такіх асяродкаў нацыянальнае культуры, як Музей народнага мастацтва, няпэўны пры адсутнасці на дзяржаўным узроўні ўцямнае нацыянальнае ідэалогіі… Ці мала што тут могуць зрабіць з мэтай падвышэння рэнтабельнасці. Таму варта скарыстацца магчымасцю ды пад’ехаць у Раўбічы.
Там вельмі прыгожа — горы, парослыя старым лесам, страсвецкі касцёл між крыжоў на гары, і ў ім — цудоўны музей.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?