Аргкамітэт па стварэнні Партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) будзе браць удзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў прынамсі да датэрміновага галасавання. Такое рашэнне прынята 28 сакавіка на пасяджэнні Нацыянальнай рады БХД.

За далейшы ўдзел у выбарах прагаласаваў 21 чалавек, трое — супраць, сямёра — устрымаліся.

Абгрунтоўваючы гэтую пазіцыю, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Павел Севярынец растлумачыў: рашэнне ісці на выбарах да канца, без якіх-небудзь умоў, адштурхнула б ад БХД тых, хто лічыць, што вынікі выбарчай кампаніі ўсё роўна будуць сфальсіфікаваныя, што справядлівых выбараў у Беларусі быць не можа, і што ўдзел у іх азначае легітымізацыю ўлады.

«Сваім рашэннем браць удзел да датэрміновага галасавання мы паказваем фальшывасць гэтых выбараў і самога датэрміновага галасавання. Тым не менш ніхто не перашкаджае нашым кандыдатам у дэпутаты ў індывідуальным парадку браць удзел у выбарах да канца. Такое партыйнае рашэнне гэта ім дазваляе», — сказаў Севярынец.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што для 90% кандыдатаў у дэпутаты ад БХД гэта першая выбарчая кампанія, у выніку якой яны атрымаюць вопыт для ўдзелу ў наступных выбарах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?