Прамова на святкаваньні Дня Волі перад беларусамі Канады 28 сакавіка 2010 года.

Я вельмі ўдзячны арганізатарам сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці ў Канадзе за магчымасьць павіншаваць Вас з гэтым сьвятам... Амаль стагодзьдзе ўспыхвае на Беларускім небасьхіле Зорка Волі. Яна ніколі ня гасла. Часам затуманіцца, закрыецца хмарамі нягодаў, войнаў, рэпрэсыяў, часам зьменшыцца, сьцішыцца, нібыта хоча схавацца ад суроку ці лютай нядолі. Але гэта толькі мроя, міраж, які насамрэч ня больш чым сьляза ў вачох неабыякававых. Змахнеш тую сьлязу, і зноў вось яна – Зорка. Гарыць, мігціць, вабіць. Абуджае самыя сьветлыя думкі й пачуцьці. Яна адзіная, супольная і ў той самы час у кожнага свая, як Беларусь.

Здавалася б, за стагодзьдзе свайго йснаваньня яна мусіла б пастарэць, зазнаўшы столькі крыві, гора, болю. А вось жа – не. І ўсё гэта дзякуючы тым, хто не шкадаваў сябе дзеля Айчыны. І тое зусім не залежала ад мейсца, у якім апыналіся патрыёты. Часам гэта была блізкая Эўропа, часам – далейшая Афрыка, далёкія Аўстралія ці абедзьве Амэрыкі.

Седзячы ў аўстрыйскай вязьніцы, беларускі скульптар і паўстанец ХІХ стагодзьдзя Генрык Дмахоўскі вырабляў фігуркі сьвятых, зьбіраючы грошы на новае паўстаньне, а вялікі Адам Міцкевіч спрабаваў сфармаваць у Турэччыне паўстанцкі легіён для Беларусі. Ня менш вялікі Касьцюшка, паміраючы, пакінуў свае грошы для будаўніцтва лякарні ў Магілёве, падкрэсьліўшы, што тое будаўніцтва мусіць спраўдзіцца тады, калі нашая краіна стане сапраўды вольнай. А колькі самаахвярнай працы зрабілі шматлікія сябры Рады БНР, несучы ў сваіх сэрцах ідэю нашай дзяржаўнасьці... Прыклады можна множыць, але сутнасьць у іх адна: дзе б мы ні апынуліся, кім бы ні сталі, як бы ні пайшло нашае жыцьцё – Беларусь перад усім.

Я не хачу, каб нашыя дзеці першымі ўбачылі нашую краіну сапраўды вольнай, незалежнай і цывілізаванай. Я хачу, каб першымі сапраўды такой яе ўбачылі мы, а ўбачыўшы, перадалі яе ў надзейныя рукі нашчадкаў. Няма такога месца й такіх умоваў, у якіх можна забыцца на тое, адкуль ты й хто ты, няма такога месца й умоваў, у якіх мы не маглі б навучыць гэтаму сваіх дзяцей. Вось толькі не хацеў бы я бачыць у іхных рукох сьцягу змаганьня, не хацеў бы, каб яны, хаваючы вочы, казалі сустрэчным, што іхная краіна – апошняя дыктатарская краіна Эўропы, ды з мапай у рукох паказвалі, дзе яна. Давайце ня будзем перакладаць адказнасьць за Беларускую волю на іхныя плечы або на плечы тых, хто толькі яшчэ падрастае дома. Давайце перакладзём на іхныя плечы адказнасьць за разьвіцьцё Беларусі ў сям’і цывілізаваных краінаў і атрымаем ад іх за гэта сапраўды шчыры чалавечы дзякуй. Давайце будзем вартымі. Годнымі й шляхетнымі, працавітымі ў сваёй адданасьці й адказнасьці. Давайце не забывацца на тое, у якіх умовах жыве наш народ, і што ад кожнага з нас пэрсанальна залежыць, якім доўгім будзе такое ягонае жыцьцё. Давайце працаваць і змагацца, і тады Зорка Незалежнасьці стане рэальнай, як ніколі.

Жыве Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0