Лукашэнка запатрабаваў актывізаваць работу па развіццю супрацоўніцтва з краінамі розных рэгіёнаў свету. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па выніках афіцыйных візітаў у Венесуэлу і Бразілію.

Гаворачы аб поспехах у развіцці адносін з Венесуэлай, Аляксандр Лукашэнка назваў гэта паказальным прыкладам. «Аднак узнікае рэзоннае пытанне, чаму мы чакалі і не пачалі працаваць з Венесуэлай раней?

Чаму да гэтага часу не выходзім на іншыя дзяржавы гэтага рэгіёну, дзе нас чакаюць?»

— задаўся пытаннямі кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, вывад просты — недапушчальная пасіўнасць. «Таму цяпер нам трэба разгортвацца і арыентавацца як мага хутчэй і эфектыўней», — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што не пацерпіць ніякіх нараканняў на якасць беларускай прадукцыі, назваўшы гэта пытаннем прэстыжу краіны. Ва ўстаноўленыя тэрміны і пры высокай якасці павінны рэалізоўвацца і ўсе сумесныя праекты.

Разам з тым прэзідэнт звярнуў увагу, што на Венесуэле Лацінская Амерыка не заканчваецца і трэба ісці далей, у глыб кантынента, асвойваць новыя перспектыўныя рынкі.

У прыватнасці, гэта датычыцца Бразіліі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў яўныя недапрацоўкі ў наладжванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з гэтай краінай. «Забяспечылі экспарт двума‑трыма высокаліквіднымі таварамі і супакоіліся. Каліем і шынамі можна гандляваць, не выязджаючы за межы МКАД», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Пра недапрацоўкі ў гэтым плане сведчыць і адсутнасць у Бразіліі паўнацэннага прадстаўніцтва, без чаго немагчыма развіваць маштабныя адносіны. А дзе былі ўрады і МЗС усе гэтыя гады? «Я не бачу талковых прапаноў па развіццю бразільскага вектара знешняй палітыкі», — сказаў Прэзідэнт, назваўшы парадаксальнай сітуацыю, пры якой у Беларусі ёсць пасольства ў такой параўнальна невялікай па памерах краіне, як Куба, у Аргенціне, з якой у нас маленькі гандлёвы абарот, а ў Бразіліі дыппрадстаўніцтва адсутнічае.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць больш актыўна прасоўваць беларускія тавары ў рэгіёнах Бразіліі. Напрыклад, у штаце Гаяс не хапае сельскагаспадарчай тэхнікі, перш за ўсё трактароў. Аднак у гэтым напрамку доўгія гады да візіту прэзідэнта нічога не рабілася.

Зыходзячы з існуючай сітуацыі, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў вельмі сур’ёзна прааналізаваць усе магчымыя напрамкі супрацоўніцтва з Бразіліяй, выпрацаваць канкрэтныя і эфектыўныя падыходы да рэалізацыі намечаных планаў. «Не замацуемся мы на гэтым рынку сёння, заўтра ж нашы канкурэнты выкінуць нас, нічога не пакінуць ад нашых праектаў і ніякіх перспектыў.

Трэба проста закасаць рукавы і пачаць працаваць па‑сапраўднаму, як мы пачыналі ў Венесуэле», — заклікаў прэзідэнт.

Закранаючы супрацоўніцтва з такімі краінамі, як Бразілія і Аргенціна, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што там трэба «зачапіцца па 3‑4 напрамках, патрэбных для гэтых дзяржаў», каб не згубіцца на гэтых вялікіх прасторах. Трэба развіваць супрацоўніцтва і з іншымі дзяржавамі рэгіёну, такімі як Куба, Балівія, Нікарагуа, выкарыстоўваючы пры гэтым рынак Венесуэлы.

Такога ж падыходу, на думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна прытрымлівацца і ў развіцці кантактаў

з краінамі Паўднёва‑Усходняй Азіі, апіраючыся на ўжо існуючыя добрыя адносіны з В’етнамам і Кітаем.

Асобнай увагі патрабуе пытанне пашырэння супрацоўніцтва з Індыяй, узаемавыгаднымі павінны стаць кантакты з краінамі Персідскага заліва. Кіраўнік дзяржавы закрануў у тым ліку тэму развіцця адносін з афрыканскімі краінамі: «Я ўжо аб гэтым не раз гаварыў ураду і МЗС: у нас зусім чужая невядомая Афрыка».

На думку кіраўніка дзяржава, развіццё супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі вельмі перспектыўнае для Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?