* * *

З Аляксандрам Лукашэнкам (старшынём саўгасу) і Зянонам Пазьняком (навукоўцам) я пазнаёміўся ў розны час, але ў адным месцы: на студыі тэлебачаньня. З Пазьняком - на праграме пра захаваньне старога Менску (пры будаўніцтве мэтро), з Лукашэнкам - на праграме пра вынікі Чарнобылю.

Мяркую, менавіта на тэлебачаньні пазнаёміліся мы ня столькі таму, што я там працаваў, колькі праз тое, што Пазьняк і Лукашэнка ўжо тады былі публічнымі асобамі - і шукалі публічнасьці.

У праграме з удзелам Пазьняка бралі ўдзел людзі казённыя (з гарвыканкаму, Саўміну), якія, як ні намагаўся я выправіць сытуацыю, Пазьняку амаль нічога не далі сказаць. І ён, адсунуўшы мікрафон, замаўчаў дэманстратыўна…

У праграме з удзелам Лукашэнкі таксама бралі ўдзел казённыя людзі (з Саўміну, з Акадэміі навук), якім, як ні намагаўся я выправіць сытуацыю, Лукашэнка амаль нічога ня даў сказаць. Захапіўшы мікрафон, ён гаварыў і гаварыў несупынна…

Пасьля праграмы пра вынікі Чарнобылю старшыня Дзяржтэлерадыё Генадзь Бураўкін сказаў мне: "Глядзі, каб гэтага (ненарматыўная лексыка) ані ў якай праграме болей не было, ён усё тэлебачаньне замудазвоніць…"

Неяк я напомніў пра тое Бураўкіну - ён запярэчыў: "Нешта ты блытаеш, не казаў я такога".

Магчыма, блытаю: ня ён казаў… Але ж нехта казаў… І не магу ўспомніць: хто гэта ўжо тады быў такі прадбачлівы?

* * *

Крымскія школы пераводзяцца на ўкраінскую мову. Пра гэта - па ўсіх расейскіх інфармацыйных каналах, і паралельна з гэтым - пра Севастопаль, Крым і валюнтарыста Хрушчова…

Хрушчоў працаваў ва Ўкраіне ў Юзаўцы (Данецку), Харкаве, Кіеве… У Кіеве я спытаўся ў функцыянэра зь ведамства культуры, які за манумэнтальнае мастацтва адказваў: "Чаму помнік Мікіту Сяргеевічу ні ў адным з украінскіх гарадоў не стаіць?.." Той зьдзівіўся: "А за што? Ён жа маскаль, камуняка…"

Такая во хахляцкая няўдзячнасьць… Расея колькі войнаў за Крым праваявала, насьмерць з туркамі білася, а Хрушчоў падпісаў паперу - і калі ласка: вось вам, друзі, Крым. Далучаю…

Да Беларусі, між іншым, таксама што-кольвечы магло далучыцца. Паводле баек, якія чуў я ў Маскве, Сталін напрыканцы вайны меў намер далучыць Кёнігсбэрг да БССР, каб пазьбегнуць памежнай пярэрвы ў камунікацыях - і наагул з эканамічнай мэтазгоднасьці. Але ў такім разе трэба было пакідаць за Беларусьсю і Беласточчыну. Таму ўмяшаўся ў сталінскія намеры паляк Ракасоўскі, які ўгаварыў пайсьці разам зь ім да Сталіна маршала Жукава: "По нашему мнению, товарищ Сталин, земля Пруссии, политая кровью русских солдат, должна быть только русской землей - и никакой другой".

Такая во пшэцкая сквапнасьць…

Калі ўявіць (каб палякам моташна стала), што Ракасоўскі Сталіна зь беларусамі не абдурыў і Беларусь - марская дзяржава, ці паўстаў бы сёньня ў Менску помнік правадыру? Ну хоць бы там, дзе ён некалі ўжо стаяў, - на Кастрычніцкай плошчы (колішняй плошчы імя Сталіна) - задам да Палацу Рэспублікі і перадам да рэзыдэнцыі Лукашэнкі…

Адным з аўтараў помніка (колішняга) таварышу Сталіну быў скульптар Заір Азгур. Неяк у майстэрні ягонай, забітай Ленінамі, Сталінамі і менш буйнымі правадырамі, крытык Рыгор Бярозкін, які паадпачываў у сталінскіх лягерах і да вайны, і пасьля яе, на Азгура, што называецца, наехаў. Якраз за тое, што той рабіў сталінскі помнік. "Кінь ты, Грыша, - адмахваўся Азгур. - Сталіна іншыя рабілі, я толькі гузікі на ім ляпіў".

Такая во жыдоўская хітрасьць…

"Сталінскі гузік!" - называў нейкі час Рыгор Саламонавіч Заіра Ісакавіча.

Байку ж пра тое, чаму і як з маскальскага Крым хахляцкім стаў, пачуў я ад украінскага літаратара, якога часова (і выключна за высокамастацкія заслугі, як раней яно і ў нас бывала) запісалі ў дыпляматы. І даводзіў ён мне ў Варшаве, што маскалі наўмысна (дзеля глыбіннай гістарычнай кансьпірацыі) брэшуць і брэшуць, нібыта Крым быў далучаны да Ўкраіны праз дурноту Хрушчова, празь нейкія хахляцкія ягоныя (якіх быць не магло!) сымпатыі і сувязі, і што наагул падаравана была Крымская паўвыспа ў імя братэрства савецкіх народаў ледзьве не па п'янцы. А насамрэч, у чым дасюль, маўляў, маскалям сорамна прызнацца, Крым быў закладзены пад каштоўныя савецкія паперы, якія толькі пад гэтую гарантыю на Захадзе, найперш у Амэрыцы, і купляліся. У 1960 г. настаў час абменьваць паперы на рэальныя грошы ды яшчэ плаціць працэнты. Ні першае, ні другое, зразумела, нават ня мелася на ўвазе, калі паперы выпускаліся. Але пазыка ёсьць пазыка, а пад ёю - Крым. Вось тады і прыдумалі перадаць паўвыспу Ўкраіне, на ўсялякі выпадак. Калі абыдзецца дык абыдзецца, а калі не, дык Украіна - самастойная дзяржава з прадстаўніцтвам у ААН, і яна вам нічога ня вінна.

Такое во яно ўсё, разам узятае…

З аднаго боку - абы-што. З другога боку, гісторыя ня тое, што было, а тое, што пра гэта набаяна, напісана, зьлеплена… Сталінскі гузік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?