Пяць дзён спатрэбілася міліцыянерам, каб вызначыць асобы школьнікаў, якія наклалі на рэйкі камянёў. Бацькам свавольства дзяцей можа выліцца ў 350 тысяч рублёў штрафу.

Па словах старшага ўчастковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Маладзечанскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце Ірыны Полаз, «партызанскую» вайну чыгуначнікам аб’явілі 11 сакавіка тры вучні Красненскай школы.

Барыкада, зробленая з камянёў, металічных пласцін і розных гаек, была ўдоўжкі прыкладна на два метры.

І калі б машыніст цягніка Вільня — Магілёў не заўважыў яе і не паведаміў у транспартную міліцыю, магла здарыцца трагедыя.

«На месца здарэння мы выехалі адразу ж, — расказвае Ірына Полаз, — аднак нікога ўжо не засталі. Завал разабраў памочнік машыніста электрычкі, якая рухалася па гэтым пуці, а свавольнікі разбегліся па дамах».

Іх знайшлі 16 сакавіка. Аказалася, што так «пажартавалі» тры мясцовыя падлеткі, аднаму з якіх 14 гадоў, двум — па 13.

Яны так і не змаглі сказаць, навошта гэта зрабілі. «А самае страшнае, — кажа Ірына Полаз, — што толькі два хлопчыкі прызналі сваю віну, зразумелі, што паступілі няправільна.

Трэці спакойна спытаў: «А што я зрабіў? Паклаў камяні ды і ўсё?»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?