Кастуся Тарасава (1940-2010) ведаюць найперш як пісьменніка. Між тым, пераважна расійскамоўны, ён у сваю пару не абы‑як спрычыніўся да моўнай дыскусіі на старонках «ЛіМа». Піша Сяргей Запрудскі

Ліст выкладчыка беларускай мовы Франца Сіўка, апублікаваны ў газеце 19 верасня 1986 года, быў сціпла анансаваны на першай старонцы газеты як «пісьмо чытача з каментарыем». Пра што ішлося, з анонсу не вынікала.

А між тым гэта быў ліст пра вызваленне ад навучання беларускай мове беларускіх школьнікаў.

У допісе Ф. Сіўка быў апісаны шэраг непрыглядных фактаў.

Урокі беларускай мовы ў школе ўяўляюць сабой факультатыўныя заняткі. Вызваленне вучняў ад вывучэння беларускай мовы не кантралюецца органамі народнай асветы. Ёсць класы, дзе беларускую мову не вывучаюць больш за чвэрць вучняў. Гэтай практыцы спрыяе закон БССР ад 1973 года. Вызваляюць ад вывучэння беларускай мовы перадусім інтэлігенты; чым вышэйшая адукацыя бацькоў, тым часцей «вызваляюць»…

Артыкул Тарасава «Закон і вакол закона» не выглядаў на банальны газетны каментар.

Пісьменнік глыбока даследаваў праблему, у тым ліку вывучыў, на падставе якога закона бацькі пісалі заявы аб «вызваленні». І выявіў, што праблеме ўжо больш за 30 гадоў. Хоць міністэрскія патлумачылі пісьменніку, што дзейнічае школьны статут, згодна з якім «бацькі маюць права выбіраць школу з адпаведнай мовай»,

Тарасаў прыйшоў да высновы, што «ў Беларусі ў гарадах і гарадскіх пасёлках ніякога выбару не існуе».

Аўтар сцвердзіў, што заявы на беларускамоўныя школы органы асветы задаволіць не могуць, бо такіх школ няма. Тарасаў паставіў пытанне: што беларускага ёсць у нашай гарадской школе? Згодна з загадам Міністэрства аб навучальных планах беларуская мова і літаратура вывучаліся ў такіх жа памерах, як і замежная мова.

«План беларускамоўнай школы — гэта фактычна фармальнасць».

Адзіная беларускамоўная школа ў Мінску — 108‑я, але ў ёй няма адпаведнай візуальнай інфармацыі, і, па‑другое, з 800 вучняў па‑беларуску у ёй тады вучыліся толькі 90 чалавек. За тыдзень да 1 верасня для беларускамоўных шасцігодак не было яшчэ мэблі. У Мінску ў гэты час было больш за сто тысяч школьнікаў, з іх вучыліся па‑беларуску… 90 чалавек. У Цэнтральным і Першамайскім раёнах горада ад вывучэння беларускай мовы былі вызвалены 17 працэнтаў вучняў. Аўтар сцвердзіў, што

большасць «вызваліцеляў» — з інтэлігенцыі, у тым ліку настаўнікі і выкладчыкі ВНУ і нават гуманітарыі… На гэтыя публікацыі было вельмі многа водгукаў.

У газету напісалі С.Дубавец, біяхімік З.Санько, Л.Вашко, студэнт Гомельскага універсітэта А.Сыс, дацэнт П.Садоўскі, Т.Сапач, Г.Сагановіч, В.Вячорка, Г.Прыма, А.Трусаў, С.Лобач, У.Содаль, К.Шэрман, мастак А.Цыркуноў, настаўнік Я.Лапатка, В.Ярац, В.Жыбуль…

У снежні Тарасаў надрукаваў на старонках газеты агляд пошты з нагоды адказу Міністэрства адукацыі.

Колішні выпускнік мінскага палітэха здолеў так апісаць сітуацыю са становішчам беларускай мовы
ў сістэме адукацыі, што лімаўская дыскусія стала без перабольшання гістарычнай, вельмі шмат зрабіла для абуджэння прыспанага народа.

Вечная памяць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?