У Магілёве ў раёне Фаціна, дзе 23 сакавіка знайшлі расчленены (раздзелены) труп жанчыны, знойдзена яшчэ адно разрэзанае на кавалкі цела. Абедзве крымінальныя справы ўжо аб'яднаныя ў адну вытворчасць, перадае тэлерадыёкампанія «Магілёў».

Нагадаем, 23 сакавіка гэтага года ў Магілёве ў раёне аўтамабільнай развязкі праз Дняпро паблізу вуліцы Фаціна быў знойдзены расчленены труп жанчыны. Як стала вядома пазней, ахвярай стала 35-гадовая магіляўчанка, што злоўжывала спіртнымі напоямі ды якая была пазбаўлена бацькоўскіх правоў.

Цела было літаральна выпатрашана, кроў выпушчаная, адсутнічала галава, рукі і ногі. Пазней міліцэйскія сабакі знайшлі і іх – яны былі адсечаныя па суставы.

Паводле словаў работнікаў УУС Магілёўскага аблвыканкама, забойства не было падобна на бытавое – вельмі прафесійна забойца «апрацаваў» целы. Да таго ж цела не ўтапілі ў Дняпры, а пакінулі ля праезнай часткі, нібы забойца хацеў пахваліцца сваёй працай.

Выяўленне другога трупа пакуль не каментуюць, каб не ствараць паніку.

Аднак інтэрнэт ужо стракаціць паведамленнямі пра «фацінскага маньяка», а Магілёў напоўнены чуткамі пра тое, што трупаў на самой справе значна больш.

Гэта першае падобнае злачынства ў Магілёўскай вобласці за апошнія 10 гадоў. Па фактах абодвух забойстваў заведзеныя крымінальныя справы паводле артыкула «Забойства пры абцяжарвальных абставінах». Артыкул прадугледжвае да 25 гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?