У архівах «Штазі» ёсьць дырэктывы, якімі, магчыма, дагэтуль кіруюцца ў Беларусі. Піша Алесь Кудрыцкі.

Мірная рэвалюцыя 1989 г. у ГДР разбурыла ня толькі бэрлінскую сьцяну, але і іншага монстра – сакрэтную службу «Штазі» (так у народзе называлі Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі). Арыгіналы дакумэнтаў, спрадукаваных гэтай службай за сваю амаль соракагадовую гісторыю, чытаюцца як гісторыя псыхічнай хваробы істоты, якая пакутуе на маніякальную нянавісьць да свабоды. Праглядаючы іх, міжволі праводзіш паралелі з беларускай рэчаіснасьцю.

Наколькі агульнымі і дубовымі мэтады «Штазі» былі спачатку, і якімі рафінаванымі яны зрабіліся напрыканцы існаваньня ГДР! Калі ў 50-я гады гэта былі банальныя арышты, то ад 70-х гадоў у практыцы «Штазі» шырока пачалася ўжывацца псыхалёгія. З краіны турмаў ГДР ператварылася ў краіну-турму, а кожны грамадзянін – у вязьня, скаванага ў камэры сваёй уласнай чарапной каробкі.

Страхам былі ахопленыя ўсе. «Масавая шызафрэнія» – так можна акрэсьліць стан ГДРаўскага грамадзтва, якое звонку выражала шчырую еднасьць з курсам партыі, падсьвядома ня верачы ва ўсё гэта.

«Апэратыўная псыхалёгія» – так на жаргоне Штазі называлася дысцыпліна, якая мусіла дапамагчы трымаць пад кантролем кожнага паасобку і ўсіх разам. Галоўная яе мэта – так званае «разлажэньне», падаўленьне ў асобах і групах здольнасьці да супраціўленьня і імкненьня да свабоды. Сваё лягічнае афармленьне «захады, скіраваныя на разлажэньне» атрымалі ў Дырэктыве нумар 1/76, зацьверджанай «Штазі» ў 1976 г.

Нэгатывы апэратыўных здымак «Штазі».

Зьнішчэньне асобы

Велізарная колькасьць супрацоўнікаў «Штазі» (91 000 штатных і больш за 100 000 «інфарматараў» па стане на 1989 г.) дазваляла весьці працу з 16-мільённым насельніцтвам ГДР ледзь не тэт-а-тэт. З вальнадумцамі працавалі на трох узроўнях: спачатку стваралі ім псыхалягічную няўпэўненасьць, потым абмяжоўвалі волю, а ў скрайнім выпадку – ліквідавалі.

«Разлажэньне варожых элемэнтаў» пачыналася з забароны на працу, на вышэйшую адукацыю, на выезд за мяжу. Мэта – пазбавіць патэнцыйнага апазыцыянэра веры ў сябе. А яшчэ – пасяліць у душы страх. Звычайнай практыкай былі маўклівыя начныя тэлефанаваньні дахаты ды перасоўваньне мэблі і асабістых рэчаў у хаце, калі гаспадара не было дома. Як рэагаваць, калі кожны раз увечары пасьля працы ты знаходзш тэлевізар у лазенцы? Ці калі ў кватэры рэгулярна нехта пераводзіць стрэлкі гадзіньнікаў? Ці калі пошта з газэтамі штораніцы ляжыць не ў паштовай скрыні, а на шафе ў калідоры, хоць уваходныя дзьверы замкнёныя?

Калі гэта ня дзейнічала, апазыцыянэр рана ці позна трапляў у турму, дзе рабіўся аб’ектам псыхалягічных катаваньняў. Усё – ад грубага абыходжаньня (да вязьняў зьвярталіся па нумарах іх камэраў-адзіночак), антыгігіенічных умоваў утрыманьня да катаваньня шумам ці сьветлавымі эфэктамі, прымусовага гіпнозу і пазбаўленьня сну мелі на мэце прынізіць чалавека, зламіць яго волю, прымусіць яго адмовіцца ня толькі ад сваіх перакананьняў, але і ад сваёй годнасьці. Калі ж і гэта не дапамагала... Што ж, у дакумэнтах «Штазі» давядзеньне да самагубства нярэдка падаецца як лягічны вынік захадаў па «разлажэньні».

Дарэчы псыхолягі сьцьвярджаюць, што наступствы псыхалягічных катаваньняў праяўляюцца ў ахвяры празь некалькі год – у выглядзе дэпрэсыяў, фобіяў і нэўрозаў. Але найбольшым выпрабаваньнем робіцца час пераменаў, калі людзі, якія адпакутвалі, разумеюць, што нават самы дэмакратычны лад ня здольны гарантаваць заслужанага пакараньня многім зь іх катаў.

Камэра-гузік, экспанат музэю «Штазі».

Падзяляй і ўладар

Мэтай «разлажэньня» апазыцыйных групаў было паралізаваць камунікацыйныя працэсы і ізаляваць іх ад грамадзтва. Дарэчы, не заўжды «Штазі» ставіла перад сабой «праграму-максымум». Часьцяком дастаткова было проста затлуміць людзям галаву, сапсаваць уражаньне ці настрой, каб прытармазіць справу супраціву. Прыклад: на паседжаньні апазыцыйнай царкоўнай групы падсадны агент гістэрычным голасам сьцьвярджае, што патрабаваньні вернікаў па дэмакратызацыі краіны... «заражаныя партыйнай мовай, а значыцца – заражаныя камунізмам». Пачынаюцца спрэчкі, якія адводзяць ад сутнасьці. Гэта зацягвае час, і ўрэшце грамада разыходзіцца, расчаравана хітаючы галовамі. Мэта «Штазі» дасягнута – людзі не змаглі дамовіцца.

Сакрэтная служба ГДР вельмі любіла інсьпіраваць скандалы ў мэдыях, рабіць гучныя выкрыцьці і часам нават «рассакрэчваць» сваіх агентаў – калі гэта магло стварыць супярэчнасьці ды сваркі ў колах вальнадумцаў. Хаця насамрэч змагацца з такім «разлажэньнем» было ня так і складана: варта толькі прааналізаваць, ці сапраўды праблема вартая спрэчкі і ці не адводзіць яна ад вырашэньня сапраўды важных пытаньняў. Аднак гэта ўдавалася не заўжды.

Каты-ахвяры

«Штазі» была гермэтычным апаратам, які выключаў у сваіх супрацоўнікаў нават найменшы сумнеў у правільнасьці і пачэснасьці сваёй справы. Усе сродкі апрадваліся «жорсткасьцю клясавай барацьбы». Найбольшы пласт афіцэраў Міністэрства дзяржбясьпекі ГДР належаў да пакаленьня «дзяцей вайны». Іх вэрбавалі яшчэ зь ліку піянэраў, пераконвалі, што тое, што яны перажылі – бамбёжкі, голад, сьмерць – не павінна паўтарыцца. Абы не было вайны, інакш кажучы. А для гэтага трэба абараняць сацыялістычную радзіму ад замежных і ўнутраных ворагаў, якія жадаюць рэваншу. Таму інструкцыі «Штазі» дазвалялі самыя нізкія сродкі, абгрунтоўваючы іх самымі высокімі мэтамі. Аднак паступіўшы на службу, чалавек трапляў у тую самую турму – падпісваючы заяву на ўступленьне ў шэрагі «Штазі», ён цалкам адмаўляўся ад свабоды ў асабістым жыцьці. Нават пра новых сяброў трэба паведамляць у справаздачах, а каханак адбіраць паводле «службовых установак».

Паталёгія мовы

Нямецкі псыхоляг Кляўс Бэнке, які адмыслова займаецца рэабілітацыяй ахвяраў «Штазі» кажа, што да яго раз-пораз зьвяртаюцца нават самі каты. Але хворымі яны сабе ня лічаць – афіцэры «Штазі» ў першую чаргу жадаюць «адмыць сумленьне» ці, дакладней, – апраўдаць сябе ва ўласных вачах. Зразумець, што служба ў «Штазі» ім самім нанесла псыхалягічную траўму, яны найчасьцей ня ў стане. А пераканацца ў гэтым лёгка – досыць хаця б наведаць «Круглы кут», былы цэнтар «Штазі» ў Ляйпцыгу, дзе сьцены абвешаныя порнапостэрамі, а на стале аднаго з афіцэраў ляжыць падзелка – драўляны чурбачок зь любоўна выпаленымі паяльнікам словамі «Кожнага трэцяга, хто будзе скардзіцца на жыцьцё, прыстрэлю. Двое ўжо былі».

Псыхолягі ўсур’ёз займаюцца аналізам мовы былога шэфа «Штазі» Эрыха Мільке. Яе галоўнай рысай была адсутнасьць мяжы паміж уяўным і рэальным. Няіснымі зьявамі ён апэраваў як фактамі, а сапраўдныя рэчы не заўважаў – прычым найбольш гэтая схільнасьць праяўлялася ў працоўных гутарках у цесным коле вышэйшых чыноў «Штазі». Нездарма Юрген Фукс, нямецкі псыхоляг і літаратар, якому давялося шмат пасядзець у засьценках ГДРаўскіх спэцслужбаў, сваёй галоўнай стратэгіяй лічыў не пераймаць мову катаў. Але і не маўчаць, бо слова дапамагае чалавеку застацца чалавекам.

Часы зьмяніліся, інструкцыі засталіся. На фота: 25 Сакавіка 2006 у Менску.

Фота Андрэя Лянкевіча

З дырэктывы Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі ГДР 1/76 па разьвіцьці і апрацоўцы апэратыўных захадаў (1976 г.)

...

Падмацаванымі пасьпяховай практыкай формамі правядзеньня працы па разлажэньні зьяўляюцца:

– сыстэматычная дыскрэдытацыя грамадзкай рэпутацыі, павагі і прэстыжу на падставе зьвязаных разам сапраўдных, правераных і дыскрэдытуючых фактаў, а таксама дадзеных, якія непраўдзівыя, але праўдападобныя ці не выклікаюць сумневу і такім чынам таксама дыскрэдытуюць;

– сыстэматычная арганізацыя працоўных і грамадзкіх няўдачаў для падрыву веры вызначаных асобаў у саміх сябе;

– мэтанакіраваны падкоп пад перакананьні ў сувязі з пэўнымі ідэаламі, прыкладамі, і інш. з мэтай выклікаць сумненьні ў асабістых пэрспэктывах;

– стварэньне недаверу і ўзаемных падазрэньняў у групах, групоўках і арганізацыях з дапамогай мэтанакіраванага выкарыстаньня асабістых слабасьцяў асобных сябраў гэтых груповак;

– канцэнтраваньне высілкаў групаў, груповак і арганізацыяў на іх унутраных праблемах з мэтай абмежаваньня іх варожа-нэгатыўных дзеяньняў;

– стварэньне перашкодаў у прасторы і часе для камунікацыяў у групах, групоўках і арганізацыях з выкарыстаньнем дзейных, дазволеных законам нормаў, напр. з дапамогай умоваў працы, вызначэньнем аддаленых працоўных месцаў, і г.д.

Пры правядзеньні захадаў па разлажэньні варта выкарыстоўваць высоканадзейных, правераных, адпаведных для такіх задачаў НІ ( «нефармальных інфарматараў» – то бок «стукачоў». – Заўв. Рэд.).

Праверанымі практыкай сродкамі і мэтадамі правядзеньня захадаў па разлажэньні зьяўляюцца:

– задзейнічаньне НІ у якасьці начальнікаў, давераных асобаў кіраўніка групы, упаўнаважаных прадстаўнікоў структураў, зьвязаных зь дзейнасьцю групы, сувязных асобаў і г. д.;

– выкарыстаньне ананімных ці псэўданімных лістоў, тэлеграмаў, тэлефанаваньняў, і інш.; выкарыстаньне кампрамэтуючых фота, у тым ліку як сапраўдных, так і інсцэнаваных сустрэчаў;

– мэтанакіраванае распаўсюджваньне чутак пра вызначаных асобаў, прыналежных да групы, групоўкі ці арганізацыі;

– наўмыснае рассакрэчваньне, напр. інсцэніроўка дэкансьпірацыі агентаў і апэратыўных захадаў Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі;

– выклік асобаў у дзяржаўныя службы ці грамадзкія арганізацыі з прычынаў, якія выклікаюць давер ці, наадварот, выклікаюць недавер.

У залежнасьці ад канкрэтных умоваў пэўнай апэрацыі гэтыя сродкі і мэтады павінны творча і дыфэрэнцыявана, выкарыстоўвацца, пашырацца і разьвівацца.

Паводле «Анатомія Штазі. Гісторыя, структура і мэтады» (Бэрлін, 2004): Anatomie der Staatssicherheit. Geschichte, Struktur und Methoden. – MfS-Handbuch –. Herausgegeben von Siegfried Suckut, Ehrhart Neubert, Walter Süß,

Roger Engelmann, Bernd Eisenfeld, Jens Gieseke. Berlin 2004

Кнігу ў электронным выглядзе і іншую інфармацыю можна знайсьці на сайце http://www.bstu.bund.de (Фэдэральны ўпаўнаважаны па матэрыялах службы дзяржаўнай бясьпекі былой ГДР)

Спасылка на кнігу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0