На працэсе па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, які праходзіць у Вярхоўным судзе Беларусі, былы фігурант гэтай справы Юрый Лявонаў заявіў, што следства з самага пачатку прапаноўвала яму пацвердзіць версію аб тэракце.

Пра гэта паведаміў праваабаронца Алег Волчак.

Паводле яго слоў, Лявонаў, які быў дапытаны 5 красавіка ў Вярхоўным судзе, з’яўляецца адным з асноўных сведак па справе Аўтуховіча і Асіпенкі. Ён быў затрыманы разам з імі ў Ваўкавыску 8 лютага 2009 года. 8 жніўня Лявонаў быў вызвалены са следчага ізалятара, 24 верасня крымінальная справа ў дачыненні да яго была спынена і з яго былі зняты ўсе абвінавачанні.

Зараз Лявонаў часова жыве ў Маскве, дзе даглядае хворую маці.

«Лявонаў падчас допыту заявіў, што з першага дня арышту следчыя патрабавалі ад яго прызнання, што Аўтуховіч рыхтаваў замахі на былога старшыню Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанку і намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко.

Лявонаў таксама заявіў, што на яго націскалі псіхалагічна, каб ён даў патрэбныя паказанні. Патрабавалі, каб ён прызнаў сваю віну, пагражаючы, што інакш ён апынецца ў глыбоцкай турме сярод самых небяспечных злачынцаў», — сказаў Волчак.

Лявонаў абверг паказанні Аляксандра Ларына, згодна з якімі той нібыта размаўляў з ім аб замаху на Саўчанку ў кватэры Лявонава. «Лявонаў заявіў, што не чуў ад Аўтуховіча аб планах замаху ці помсце чыноўнікам за знішчэнне бізнесу Аўтуховіча. Ён заявіў, што

было шмат лаянкі на адрас чыноўнікаў, у тым ліку і з яго боку, але лічыць такое становішча натуральным, бо з 2003 года фірма «Ніка‑транс», у якой ён працаваў дырэктарам, была пад пастаянным прэсінгам падатковых структур»,

— паведаміў Волчак.

Волчак сказаў, што ў судзе былі дапытаны два міліцыянеры, якія ажыццяўлялі патруляванне ў раёне дома Саўчанкі. Паводле іх слоў, ніякага сачэння за домам яны не выявілі і нічога падазронага не заўважалі.

Нагадаем, у Вярхоўным судзе разглядаецца крымінальная справа, па якой праходзяць Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Аляксандр Ларын і Міхаіл Казлоў. Першых трох абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Аўтуховіч і Асіпенка таксама абвінавачваюцца ў арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе.

Падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў, былы кіраўнік УБЭЗ па Гродзенскай вобласці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў аб планах падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта, але не прыняў мер для яго прадухілення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?