Наведаць палітвязьня Статкевіча паехала дэлегацыя БНФ, Мілінкевіч і журналісты.

Сітніцкая выпраўленчая ўстанова адкрытага тыпу №40 месьціцца ў былым дзіцячым садку. На двары няма ніводнай лавы, затое ёсьць дзіцячыя каруселькі і пафарбаваныя ў колеры вясёлкі камяні.

Міколу Статкевіча мы знайшлі за зборам рэчаў – за колькі часу да нашага прыезду яму паведамілі, што з Сітнікаў яго пераводзяць у вёску Блонь. Такім чынам, апошнія тры дні лідэр БСДП (НГ) адбывае пакараньне ажно ў трох месцах – у Пухавіцкі раён яго перакінулі ў панядзелак з Баранавічаў, дзе ён больш за год быў на «хатнім рэжыме».

У Блоні Статкевіча ўладкавалі на працу – на дзяржаўны племянны завод «Індустрыя». Сказалі, што будзе рамантаваць там сельскагаспадарчую тэхніку. Падчас уборачнай працоўны дзень будзе з 6.30 да 20.00 без перапынку на абед.

Пасялілі Статкевіча ў санаторый-прафілакторый (Блонь ёсьць адным з найстарэйшых беларускіх курортаў, напісала НН) . Там жывуць і хімікі, і маладыя спецыялісты (і спецыялісткі), што прыехалі працаваць на вёску па разьмеркаваньні, праводзяцца банкеты і вясельлі.

Пакой Статкевіча разьлічаны на тры чалавекі. Прыбіральня на калідоры. У будынку санаторыя ёсьць сталоўка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0