8 верасьня 1514 году войска гетмана Астроскага разьбіла пад Воршай утрая большыя сілы расейскіх агрэсараў. Гэта забясьпечыла мірнае жыцьцё й незалежнасьць краіны на паўтара стагодзьдзя. Біблія Скарыны, Статут Сапегі і першы «беларус» Саламон Рысінскі зьявяцца ў гэты пэрыяд, пазьней празваны «залатым векам» Вялікага Княства Літоўскага. У гонар той перамогі 8 верасьня сьвяткуецца Дзень беларускай вайсковай славы. Ці можна лічыць тую бітву самай значнай перамогай беларускай зброі?

Мікалай Сташкевіч, экс-дырэктар Інстытуту гісторыі НАН РБ, дасьледчык грамадзкага руху першай паловы ХХ стагодзьдзя: «Гэта разгром фашыстаў у Другую сусьветную вайну. Партызанскі рух. Ён найбольш поўна адлюстроўвае беларускую нацыянальную ідэю. Ніхто ніколі ў Беларусі не забудзецца на жахі той вайны. У кожнага на вайне загінуў нейкі сваяк. Сёньня я не магу зразумець, адкуль у тых людзей браўся аптымізм і патрыятызм, каб разграміць ворага».

Анатоль Сідарэвіч, публіцыст, гісторык ХХ ст.: «Найбольшыя беларускія перамогі не зьвязаныя са зброяй. Я маю на ўвазе тое, што ў 1991-м годзе Беларусь нарэшце канчаткова аддзялілася ад Расеі, а ў 1939 годзе – ад Польшчы. А калі браць рамантычнае сьветабачаньне, то гэта, канечне, Аршанская бітва».

Валеры Чарапіца, выкладчык гістфаку Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Купалы: «Перамога ў Вялікай айчыннай вайне. Гэта быў адзіны парыў беларускага народу за волю, свабоду і незалежнасьць».

Сяргей Балахонаў, настаўнік гісторыі, Гомель: «Аршанская бітва. Гэта была выдатная бітва з пункту гледжаньня вайсковай тактыкі, і грамадзкі рэзананс, які выклікала гэтая перамога войскаў Канстанціна Астроскага ў Эўропе, быў вялізны. Аршанская бітва паклала канец небясьпечнаму для Вялікага княства хаўрусу між Масковіяй і Сьвятарнай Рымскай імпэрыяй».

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы, археоляг: «Грунвальдзкая бітва. Пасьля 15 ліпеня 1410 году больш чым пяцьсот гадоў нага ўзброенага немца не ступала на беларускія землі».

Аляксандар Каваленя, дырэктар Інстытуту гісторыі НАН РБ: «У вас няправільна сфармуляванае пытаньне, таму я не зьбіраюся на яго адказваць».

Натальля Гардзіенка, дасьледніца беларускай эміграцыі: «Грунвальд. Гэтая бітва была вырашальнай для далейшага росквіту Вялікага Княства Літоўскага».

Алесь Смалянчук, выкладчык гістфаку Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Я.Купалы: «Гаварыць пра перамогу выключна беларускай зброі не выпадае, бо мы ўвесь час былі зь некім у хаўрусе. Я б назваў Грунвальдзкую бітву, але гэта не беларуская, а беларуска-польска-летувіска-ўкраінская перамога. Там жа ўдзельнічалі і татары, і чэхі, і багата хто яшчэ».

Уладзімер Ляхоўскі, гісторык, архівіст: «Аршанская бітва. Па-першае, таму што маскоўцы значна пераўзыходзілі наша войска ў сіле. А па-другое, таму што паклала канец плянам маскавітаў і немцаў па імаверным падзеле Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы».

Ігар Марзалюк, выкладчык Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова: «Грунвальд. Хоць я ня схільны гаварыць аб нейкай цывілізацыйнай барацьбе між славянскім і нямецкім народам. Перамога пад Грунвальдам стабілізавала сытуацыю ў краіне, а таксама прадвызначыла культурнае разьвіцьцё княства надоўга наперад».

Янка Запруднік, гісторык, Нью-Джэрзі (ЗША): «Аршанская перамога 1514 году, яна і сёньня паказвае беларусам, адкуль ідзе для іх найбольш значная пагроза страты нацыянальнай ідэнтычнасьці і дзяржаўнасьці».

Вольга Гарбачова, выкладніца гістфаку БДУ, дасьледніца паўстаньня 1830–1831 г.: «Аршанская бітва».

Алег Латышонак, гісторык, выкладчык катэдры беларускай культуры Беластоцкага ўнівэрсытэту: «Ворша. Гэта перамога была атрыманая ў вельмі важны час. Яна здолела затрымаць маскоўскую агрэсію, дарма, што ВКЛ выйшла з той вайны з тэрытарыяльнымі стратамі».

Генадзь Сагановіч, гісторык: «Некалі я ўжо выказваўся на гэтую тэму. З таго часу мая пазыцыя пакуль не зьмянілася, таму я называю Аршанскую бітву».

Юры Туронак, патрыярх беларускай гістарыяграфіі, Варшава: «Напэўна, Аршанская бітва».

* * *

Грунвальдзкая бітва 15 ліпеня 1410 году, Аршанская бітва 8 верасьня 1514 году і перамога ў Другой сусьветнай вайне 1945 году застаюцца найчасьцей называнымі падзеямі беларускай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?