Па ўсім свеце растаўлены дзесяткі тысяч веб-камер, якія дазваляюць сачыць у онлайн-рэжыме за чымсьці цікавым.
З іх дапамогай можна і сябе паказаць, і на людзей паглядзець. Прычым не абавязкова людзей — у інтэрнэце наладжаны розныя трансляцыі. Ад віда Эйфелевай вежы да клеткі з пацукамі… Варта дабрацца да хуткага інтэрнэту, утаропіцца ў манітор і глядзець, напрыклад, на бясконцы рух транспарту ў Сан-Францыска ці Ніягарскі вадаспад.

Якія веб-камеры ўсталяваныя ў Беларусі, і што на іх можна ўбачыць? «Наша ніва» налічыла сем дзейсных інтэрнэт-трансляцый з беларускіх гарадоў.

Мінск

Сталіца Беларусі — самы багаты горад па колькасці веб-камер.

Часцей за ўсё ў інтэрнэце згадваецца від Нацыянальнай бібліятэкі.
Карцінка паказвае сам дыямент і праспект Скарыны ў ніжнім куце.

Трансляцыя ідзе і з будынка Мінскага гарвыканкама. Пад прыцэлам камеры — Плошча Незалежнасці з Домам Урада.

Плошча Незалежнасці.

Плошча Незалежнасці.

Па тым жа адрасе можна знайсці яшчэ адну трансляцыю. Сваю камеру займеў адзін з раённых выканкамаў — Заводскі. Яна паказвае гатэль «Турыст», універмаг «Беларусь» і пірамідку, надта падобную на луўраўскую ў Парыжы.

Санаторый «Юнацтва», што знаходзіцца ў 15 кіламетрах ад сталіцы на беразе Мінскага мора, таксама меў сваю веб-камеру. Яна працавала з верасня 2008 да жніўня 2009 года, але цяпер адключана.

Брэст

Праспект Машэрава ў Брэсце можна ўбачыць праз камеру "Белтэлекама" На экране — від на ЦУМ, аўтастаянку і дарогу.

Якасць карцінкі проста шыкоўная — фактычна можна глядзець відэа!
Але гледачам, якія хочуць ашчадзіць трафік, трэба быць асцярожнымі, каб патраціць свой месячны ліміт інтэрнэта за пацяь хвілін назірання за Брэстам.

Гродна

Як выглядаў Стары мост праз Нёман 30 лістапада 2008 года — вось і ўсё, што можна даведацца пра Гродна. Веб-камера адключылася ў 23.00 — і больш не ўключылася ніколі. Для аматараў даўніны засталіся архіўныя здымкі «Стары мост у розны час сутак», ад раніцы да вечара.

Магілёў

У гэтым абласным цэнтры працуюць ажно дзве камеры. Першая, якая называецца «Гарадская ратуша», пастаянна варушыцца. На ёй з’яўляюцца то магілёўскае неба, то мікрараёны на заднім плане. Другая ж, «Першамайская, 28», усталявана на будынку гарвыканкама.

Ні ў Гомелі, ні ў Віцебску, на жаль, веб-камер не ўсталявана

Бабруйск

Адзіным неабласным горадам, які гатовы паказаць сябе свету, аказаўся Бабруйск. У камеру мясцовага гарвыканкама патрапілі аўтастаянка і супермаркет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?