У старажытнай Вільні — не абы якая падзея. Гаўбец у палацы Тышкевічаў зноў трымаюць два атлянты, якіх віленчукі здаўна называюць "балванамі", а сам палац — "домам пад балванамі".

У беларускую гісторыю гэты будынак увайшоў самымі слыннымі імёнамі. Тут напрыканцы ХІХ ст. часта бываў віленскі адвакат Францішак Багушэвіч, які сябраваў з Зыгмундам Нагродзкім. Нагродзкі, у сваю чаргу, гандляваў сельскагаспадарчымі машынамі і меў у палацы Тышкевічаў склады. На пачатку ХХ ст ён даваў грошы на выданьне першай беларускай газэты "Наша ніва", а пазьней і сама рэдакцыя "НН" разьмясьцілася ў "доме пад балванамі".

Сёньня ў гэтым будынку на скрыжаваньні Завальнай і Троцкай месьціцца архітэктурны факультэт Віленскага тэхнічнага унівэрсытэту. Год таму ў аднаго з атлянтаў урэзаўся на машыне нецьвярозы Маркас З. Пасьля гэтага замест скульптуры доўгі час стаяў драўляны слуп. Вінаваты сплаціў за аварыю каля тысячы даляраў і яшчэ больш за 10 тысяч — за новую скульптуру.

Сымбалічна, што "балван" вярнуўся на сваё месца акурат напярэдадні 100-гадовага юбілею "Нашай Нівы".

Фота ketrzyn.mm.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?