У выніку «шэрай» дзейнасці СТА і прыватных прадпрымальнікаў, якія незаконна гандлююць запчасткамі, наша дзяржава, нават па самых сціплых падліках, губляе больш за 55 млрд рублёў. Але гэта не толькі праблема папаўнення бюджэту і пытанне эканамічнай бяспекі нашай краіны.

Якасць аўтасэрвісу і запасных частак да аўтамабіляў мае прамое дачыненне да бяспекі кожнага ўдзельніка дарожнага руху. Праверкі дзяржкантролю выявілі, што абсалютная большасць аўтааўладальнікаў пагаджаецца на гульню ў «рускую рулетку», калі купляе на аўтарынках кантрабандныя альбо няновыя запчасткі і калі карыстаецца паслугамі СТА, якія не маюць сертыфікатаў адпаведнасці і не вядуць уліковую дакументацыю.

— Па ацэнцы Камітэта дзяржкантролю, у «ценявым» абароце знаходзіцца больш за 50 працэнтаў паслуг аўтасэрвісу, якія аказваюць юрыдычныя асобы, — заўважыў на калегіі старшыня Камітэта. — Мы праверылі 135 суб’ектаў, якія аказваюць паслугі аўтасэрвісу і 272 суб’екты, якія рэалізуюць аўтазапчасткі.

Парушэнні выяўлены ва ўсіх.

Найбольш сур’ёзныя — эканамічныя. Масавая з’ява — укрыццё выручкі, кожны трэці суб’ект аказвае паслугі без сертыфіката адпаведнасці, усе парушаюць Правілы бытавога абслугоўвання спажыўцоў, тэхнічныя нормы, бухгалтарскі ўлік, заканадаўства аб цэнаўтварэнні, санітарныя правілы і іншыя. Аднак сёння мы звяртаемся да органаў дзяржаўнага кіравання: куды вы гледзіце? Чаму, нягледзячы на тое, што пытанне не аднойчы ўжо ўзнімалася, парушэнні такія сур’ёзныя і паўсюдныя? Камітэт дзяржкантролю намераны сфармуляваць канкрэтныя прапановы па змене сітуацыі і данесці іх у бліжэйшы час да кіраўніка дзяржавы. Час размоў скончыўся. Сёння кожны кіраўнік павінен персанальна несці адказнасць за сваю няздольнасць навесці парадак у той сферы, якая яму даручана.

— Калі адным словам ацаніць сітуацыю, якую мы ўбачылі падчас праверак, гэта — бедлам, — пракаментаваў журналістам вынікі праведзенай работы начальнік Галоўнага ўпраўлення кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг Камітэта дзяржаўнага кантролю Уладзімір Каленік. — Паслуга аўтасэрвісу сёння — адна з самых запатрабаваных. Летась толькі афіцыйны даход у гэтай сферы склаў больш за 500 млрд рублёў. Сёння ў нашай краіне зарэгістравана каля 3 млн аўтамабіляў, якія належаць прыватнікам. Іх тэхнічнае абслугоўванне забяспечваюць больш за 3000 станцый аўтасэрвісу, у параўнанні з 2006 годам летась аб’ём паслуг у гэтай сферы вырас амаль удвая. Рознічны гандаль запаснымі часткамі да аўтамабіляў ажыццяўлялі летась 2000 прадпрымальнікаў. І праверкі паказалі, што амаль усе яны працуюць, як хочуць, на свой розум.

У цэнтры Мінска працавала СТА, якое чатыры гады аказвала паслугі без наяўнасці сертыфіката адпаведнасці, работнікі ў штаце не лічыліся, касавы апарат адсутнічаў. І такі выпадак далёка не адзіны. На другой сталічнай СТА каля 1000 заявак на аказанне паслуг былі не зарэгістраваныя, на трэцяй — больш за 200, на чацвёртай са 115 заявак зарэгістраваныя толькі 2… Ухіленні ад выкарыстання касавых апаратаў выяўлены ўсюды.

Адзін з распаўсюджаных спосабаў схаваць рэальны прыбытак і зменшыць падатковыя выплаты — выкарыстанне бланкаў, якія не падлягаюць строгай справаздачнасці, на якіх пазначаны даволі простыя і недарагія паслугі. На‑ самрэч праводзіцца поўнае тэхнічнае абслугоўванне альбо дарагія работы, якія павінны быць аформленыя на бланках, што падлягаюць строгай справаздачнасці. У выніку па дакументах кліент быццам бы заплаціў 200 тысяч за замену масла і рэгуліроўку развал‑схаджэння, а насамрэч ён аддаў 700—800 тысяч за зусім іншую работу.

Хрэстаматыйным парушэннем, адзначылі супрацоўнікі дзяржкантролю, аказалася выплата заробкаў супрацоўнікам СТА ў канвертах. Афіцыйны заробак аўтамеханіка ў такіх выпадках складае 280—400 тысяч рублёў.

Па матэрыялах праверак у сферы аказання паслуг аўтасэрвісу заведзена 9 крымінальных спраў, прыпынена дзейнасць 22 СТА, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 148 адказных асобаў на суму 68 млн рублёў, 89 юрыдычных асобаў — на 518 млн рублёў.

Праверкі вызначылі таксама факты нелегальных аптовых паставак запчастак. Напрыклад, прадпрыемства «Арэнасаўто» прад’явіла дакументы, згодна з якімі пастаўку запчастак яму ажыццяўлялі 6 суб’ектаў гаспадарання. На справе аказалася, што «кіраўнікі» гэтых суб’ектаў ніякага ўдзелу ў іх дзейнасці не прымалі, дагавораў не заключалі, тавараў не пастаўлялі, адпаведных бухгалтарскіх дакументаў не падпісвалі.

— Рэалізацыя запчастак з выкарыстаннем ілжэпрадпрымальніцкіх структур атрымала масавае распаўсюджванне, — паведаміў у сваім дакладзе Уладзімір Каленік. — У выніку пасля кожнай пятай праверкі ў сферы гандлю аўтазапчасткамі ўзбуджана крымінальная справа. Яшчэ адно распаўсюджанае парушэнне — адсутнасць дакументаў, якія пацвярджаюць бяспеку і якасць запчастак.

Прычынай такіх масавых парушэнняў у сферы аўтасэрвісу і гандлю аўтазапчасткамі Дзяржкантроль назваў абыякавыя і бескантрольныя адносіны да гэтых сфераў зацікаўленых органаў дзяржкіравання і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Міністэрства гандлю апошнія 9 гадоў практычна не займаецца развіццём бытавога абслугоўвання ў краіне. Дзяржкамітэт па стандартызацыі недастаткова кантралюе дзейнасць акрэдытаваных органаў па сертыфікацыі паслуг аўтасэрвісу. Выяўлены выпадкі фармальнай выдачы сертыфікатаў адпаведнасці. На калегіі прагучалі заўвагі і ў адрас міністэрстваў аховы здароўя, па падатках і зборах, працы і сацыяльнай абароны, па надзвычайных сітуацыях, фінансаў, архітэктуры і будаўніцтва.

Для навядзення парадку ў сферах аказання высокадаходных паслуг спажыўцам, уключаючы паслугі па тэхнічным абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў і рэалізацыі аўтазапчастак, калегія Камітэта дзяржкантролю рэкамендавала Савету Міністраў разам з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам прааналізаваць сітуацыю і прыняць канчатковыя меры па ўдасканаленні сістэмы аказання паслуг спажыўцам, а таксама разгледзець пытанні па ўдасканаленні заканадаўства ў гэтай сферы.

На калегіі ішла таксама размова пра стварэнне Камісіі і працоўнай групы для правядзення сістэмных праверак у сферы аўтасэрвісу і гандлю аўтазапчасткамі. Прагучалі прапановы па ўдасканаленні ўзаемадзеяння зацікаўленых дзяржорганаў. Былі выказаныя таксама меркаванні пра неабходнасць зменаў у палітыцы цэнаўтварэння, якая таксама выклікае з’яўленне «шэрых» паслуг і тавараў на нашым рынку.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?