Трагедыя ў небе над Смаленскам, у якой загінуў прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, стала далёка не першай авіякатастрофай з удзелам кіраўнікоў дзяржаў.

Найбольш значнай у сусветным маштабе палітычнай фігурай, якая стала ахвярай авіякатастрофы, быў генеральны сакратар Арганізацыі аб'яднаных нацый швед Даг Яльмар Агнэ Карл Хамаршэльд. Самалёт, у якім знаходзіўся палітык, разбіўся 18 верасня 1961 года, калі ляцеў у Дэмакратычную Рэспубліку Конга.

У 1969 годзе ў арганізаванай авіякатастрофе загінуў прэзідэнт Балівіі Рэнэ Бар'ентас Артуньё.

Прэзідэнт Эквадора Хайме Рольдас Агілера загінуў пры нявысветленых абставінах 24 мая 1981 года. Паводле чутак, быў здзейснены замах на яго жыццё.

19 кастрычніка 1986 ў небе на мяжы ПАР, Мазамбіка і Зімбабвэ пацярпеў катастрофу самалёт з прэзідэнтам Мазамбіка Саморам Машэлам на борце. Мяркуецца, што прычынай катастрофы стала дыверсія паўднёваафрыканскіх спецслужб.

17 жніўня 1988 года з групай суправаджаючых асобаў дыктатар Пакістана, генерал Зія-уль-Хак Махамад на вайсковым самалёце выляцеў на вайсковую базу. На адваротным шляху смалёт упаў і разбіўся.

Увосень 1994 года ў раёне Вялікіх афрыканскіх азёраў паўстанцы збілі самалёт, у якім знаходзіліся прэзідэнт Бурундзі Кіпрыен Натрыяміра і прэзідэнт Руанды Жувеналь Хаб’ярымана. Гэта было вынікам змовы, мэтай якой было вынішчэнне племені тутсі.

Першая авіякатастрофа з удзелам кіраўніка краіны на тэрыторыі Еўропы адбылася 26 лютага 2004, калі загінуў прэзідэнт Македоніі Барыс Трайкоўскі. Здарэнне адбылося пры надзвычай дрэнным надвор'і на тэрыторыі Герцагавіны. Кіраўнік Македоніі ляцеў на эканамічную канферэнцыю ў Боснію.

Польскі прэзідэнт стаў восьмым у трагічным спісе прэзідэнтаў, што загінулі ў выніку авіякатастроф.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?