Загнаны ў кут Бакіеў паведаміў 15 красавіка, што не скарыстаўся, аднак, жэстам беларускага кіраўніка: ляці, маўляў, у Мінск, будзеш як дома!

Ён аддаў перавагу дапамозе з боку грандаў, найперш ЗША ды Расіі, што ўзброіліся гуманітарнымі меркаваннямі (карацей, каб не дайшло да румынскага варыянта).

Зрынутага калегу прыняў сусед Назарбаеў. Такі ж аўтарытарны, як і нязменны беларускі прэзідэнт, кіраўнік Казахстана, аднак, не стаў педаляваць матыў «салідарнасці дыктатараў» (што многія ўбачылі ў прамове Лукашэнкі на Прыпяці), а скарыстаў як дах старшынёўства сваёй краіны ў АБСЕ.

Выглядае на тое, што няўклюдная дыпламатыя беларускага начальства зноў пацярпела фіяска.

Прапануючы прытулак Бакіеву, Лукашэнка, магчыма, не ведаў, што ў кулуарах саміта ў Вашынгтоне Абама, Мядзведзеў ды Назарбаеў ужо распрацавалі план, як ратаваць няўдалага вылучэнца колішняй рэвалюцыі цюльпанаў ад паўтарэння лёсу Чаўшэску.

Апошнімі днямі тутэйшае кіраўніцтва ўсяляк спрабуе стаць на дыбачкі, паказаць сваю значнасць у міжнародным маштабе. Прамова на Прыпяці была прасякнута крыўдай на амерыканцаў акурат за тое, што не запрасілі на саміт па ядзерным раззбраенні. Між тым як і згаданыя Мядзведзеў з Назарбаевым, і толькі што абраны Януковіч, і нават армянскі прэзідэнт Саргсян, і яшчэ хто-кольвек з калег па СНД запрашальнікі атрымалі. І нават слоўца не замовілі — сябры, называецца!

Сенсацыйная заява пра сотні кэгэ фактычна збройнага ўрану ў нашых сховах якраз і мела на мэце паказаць свету кузькаву маці. Мінск спрабуе самасцвярджацца, дэманструючы комплексы тынэйджэра. Мы вам, блін, не бананавая рэспубліка, мы — крутыя!

Тут, канечне, шмат рысоўкі перад сваім электаратам. Але не толькі.

Зараз высвятляюцца цікавыя дэталі. Паводле Naviny.by, у інстытуце «Сосны» пад Мінскам навукоўцы сапраўды выкарыстоўваюць для доследаў узбагачаны ўран. Усё, канечне, пад кантролем МАГАТЭ.

Між тым сусветныя ядзерныя гранды, трэба разумець, дзейнічаюць паводле прынцыпу «беражонага бог беражэ». Так, Расія на саміце ў Вашынгтоне ўзяла на сябе абавязак вывезці сёлета адпрацаванае высокаўзбагачанае ўранавае паліва з шэрагу краін: Украіны, Польшчы, Германіі, Сербіі і — увага! — Беларусі.

Падсякаеце фішку?

Ці не Мядзведзеву перад майскай сустрэчай найперш быў пасланы месэдж з берага Прыпяці? Кшталту: не здымеш мыта на нафтапрадукты — атрымаеш ад мёртвага асла вушы.

Зрэшты, каліва таго доследнага ўрану — гэта матэрыял хіба дзеля дробнага шантажу.

А цяпер

уявіце сябе, што Мінск меў бы сёння ядзерныя ракеты. Ахмадзінеджад мог бы, мусіць, адпачываць.

Гэта да пытання пра тое, ці прайграла Беларусь па вялікім рахунку (пра нюансы можна дыскутаваць), згадзіўшыся аддаць ядзерныя бразготкі падчас «вакханаліі нацыяналістаў» — акурат перад пачаткам слаўнай прэзідэнцкай эры.

P.S.Паводле Інтэрфакса, Бакіеў 17 красавіка вылецеў з Казахстана ў Мінск. Сочым за сюжэтам. Ва ўсякім разе, беларускі афіцыйны бок гэтага пакуль што не пацвярджае. А новыя кіргізскія ўлады тым часам папярэдзілі, што будуць мець сур’ёзныя пытанні да любой краіны СНД, калі тая дасць прытулак зрынутаму кіраўніку.

P.P.S. Беларускія службовыя асобы дружна абвяргаюць версію аб прылёце сюды Бакіева. Сапраўды, зараз тутэйшаму начальству толькі і не ставала дражніць цэлую чараду розных гусей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?