Крапівенскае поле чакае ўдзельнікаў і гасьцей традыцыйнага фэсту беларускай аўтарскай песьні, прысьвечанага чарговым угодкам бітвы пад Воршай. Першы фэст арганізавалі мясцовыя актывісты якраз 15 гадоў таму. Адбыўся ён каля месца ўпадзеньня невялікай рэчкі Крапівенкі ў Дняпро. З таго моманту амаль кожны год сюды зьбіраюцца натоўпы беларускіх патрыётаў.

Шчыра кажучы, само поле гістарычнай бітвы, дзе ў верасьні 1514 году 30 тысячаў ваяроў Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваньнем Канстанціна Астрожскага разграмілі ўшчэнт 80-тысячнае маскоўскае войска, як вынікае з плянаў мясцовасьці і мапаў, знаходзіцца крыху бліжэй да Воршы — паміж вёскамі Пашына і Шугайлава. А ў рэчцы Крапівенцы расейскія захопнікі тапіліся, калі ўцякалі на ўсход. Але на гэтым месцы цяпер лецішчы аршанцаў ды і пры апісаньнях маглі наблытаць.

Усё гэта неістотна для людзей, якія шануюць сваю Радзіму і ейную вайсковую славу. Таму і зьбіраюцца яны, таму і гучаць тутака ўсю ноч старажытныя і сучасныя сьпевы. Таму і лічаць за гонар выступіць перад гэтымі людзьмі лепшыя барды Беларусі — Віктар Шалкевіч і Зьміцер Бартосік, Алесь Камоцкі і Андрэй Мельнікаў, Лера Сом і Зьміцер Сідарэвіч ды многія-многія іншыя.

Сёлетні фэст таксама зьбярэ багата ўдзельнікаў і гасьцей. Дождж, па прагнозе, абяцае ў ноч з суботы на нядзелю зрабіць перапынак. Мясцовыя актывісты, як заўжды, падрыхтуюць пляцоўкі для намётаў і дровы для вогнішчаў. Застаецца сабрацца, прыехаць і разам з аднадумцамі адсьвяткаваць знамянальны Дзень беларускай вайсковай славы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?