8 верасьня рада РГА «Беларускі ПЭН-Цэнтар» на сваім паседжаньні прыняла дзьве заявы наконт унясеньня зьменаў у «Правілы артаграфіі і пунктуацыі» і заяву «Аб мове выкладаньня гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі».
Аб унясеньні зьменаў у «Правілы артаграфіі і пунктуацыі»
Выклікае зьдзіўленьне і занепакоенасьць інфармацыя дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі аб хуткіх зьменах у дзейныя «Правілы артаграфіі і пунктуацыі».
Ажыцьцяўленьне рэформы фактычна даручана асобам і ведамствам, якія пазьбягаюць карыстаньня беларускай мовай і маюць дачыненьне да яе выцясьненьня з усіх сфэраў грамадзкага жыцьця.
Правапісная рэформа ажыцьцяўляецца без належнай у такіх выпадках навуковай экспэртызы і дыскусіі. Між тым, у 1926 годзе праблеме рэфармаваньня беларускай мовы была прысьвечаная міжнародная канфэрэнцыя з удзелам вядомых эўрапейскіх мовазнаўцаў.
Лічым неабходным склікаць міжнародную канфэрэнцыю з папярэднім шырокім грамадзкім абмеркаваньнем праекту рэформы правапісу.
Аб мове выкладаньня гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі
З афіцыйных дакумэнтаў Міністэрства адукацыі стала вядома, што з новага навучальнага году выкладаньне гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі ў сярэдніх адукацыйных школах фактычна пераводзіцца на расейскую мову.
РГА «Беларускі ПЭН-Цэнтар» лічыць гэта парушэньнем моўнага раўнапраўя і чарговым крокам, скіраваным на выцясьненьне беларускай мовы са сфэры адукацыі.