Каля 100 чалавек, у ліку якіх ёсць беларускія грамадзяне, не змаглі вылецець 17 красавіка з аэрапорта Абу-Дабі ў Мінск з-за вулканічнага воблака, якое накрыла тэрыторыю Беларусі.

Як паведаміў адзін з пасажыраў, рэйс адкладзены на няпэўны час.

Сярод пасажыраў — прыкладна пяцёра беларускіх дзяцей, удзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных, якая праходзіла на Балі.

Паводле слоў крыніцы, пасажыры адкладзенага рэйса забяспечаныя гарачым харчаваннем, часова размешчаныя ў VIP-зале, вырашаецца пытанне аб браніраванні для іх месцаў у гасцініцы. Асноўная праблема — у часовых візах, дзеянне якіх заканчваецца.

У пасольстве Беларусі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах сітуацыю каментаваць адмовіліся.

У Нацыянальным аэрапорце «Мінск» БелаПАН паведамілі, што самалёт з Абу-Дабі па графіку павінен прыляцець у 13.50.

Намеснік начальніка аддзела аэрапортаў, наземных сродкаў і аэранавігацыі дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Аляксандр Акуленка пацвердзіў, што рэйс з Абу-Дабі адкладзены. Паводле яго слоў, з 00 гадзін 17 красавіка Нацыянальны аэрапорт «Мінск» прымае толькі асобныя рэйсы ўсходняга напрамку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?