Супрацоўнікі найстарэйшай бібліятэкі ў Нью-Ёрку выявілі, што за першым прэзідэнтам ЗША Джорджам Вашынгтонам да гэтага часу лічацца дзве кнігі, якія ён не вярнуў у 1789 г.
У прынцыпе, за невяртанне узятых кніг у тэрмін належыць штраф – і за 220 гадоў, з папраўкай на інфляцыю, павінна было набегчы 300 тысяч даляраў.
Аднак Бібліятэка Нью-Ёркскага таварыства заявіла, што яна гатова прабачыць штраф – абы кнігі вярнулі.
Зрэшты, дзе гэтыя кнігі, зараз ніхто не ведае.
Сумленны чалавек?
Джордж Вашынгтон застаўся ў амерыканскай гісторыі як чалавек, які ніколі нікога не падманваў. Але відавочна, ён усё ж быў не пазбаўлены асобных недахопаў.
5 кастрычніка 1789 года Вашынгтон прыйшоў у адзіную ў тыя часы бібліятэку на Манхэтэне і ўзяў два тамы: трактат аб міжнародных стасунках «Права нацый» і зборнік пратаколаў дэбатаў у брытанскай палаце грамадаў.
Сам ён распісвацца ў фармуляры не стаў, але яго памочнік напісаў «прэзідэнт».
Вярнуць кнігі Вашынгтон павінен быў праз месяц. Але не вярнуў. Бібліятэкары выявілі знікненне толькі нядаўна, алічбоўваючы ўліковыя карткі таго часу.
Бібліятэка Нью-ёркскага таварыства была заснаваная яшчэ ў 1754 г. групай жыхароў горада, палічыўшы, што Нью-Ёрку неабходна публічнае кнігасховішча.
За часамі Вашынгтона яна размяшчалася на Ніжнім Манхэтэне на Уол-стрыт, але за сваю гісторыю бібліятэка змяніла некалькі адрасоў і зараз знаходзіцца куды на поўнач – у Верхнім Уэстсайдзе.
У 1789 г. Нью-Ёрк быў часовай сталіцай Злучаных Штатаў (Вашынгтон, названы ў гонар першага прэзідэнта, тады толькі будаваўся), а Бібліятэка Нью-ёркскага таварыства служыла першай бібліятэкай Кангрэса.