Калі нарвэскі Нобэлеўскі камітэт аддасьць сёлетнюю Прэмія міру беларусу, гэтая кніга адразу стане бэстсэлерам. Бо яе аўтар – Алесь Бяляцкі, першы беларус, які на тую прэмію вылучаны. Беластоцкія беларусы выпусьцілі кнігу беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера» (Беласток, 2006). Кніга складаецца зь некалькіх дзясяткаў эсэ, напісаных падчас шматлікіх замежных падарожжаў і ў часе працы на Бацькаўшчыне.

У эсэ, што дала кнізе назву, адчуваецца лёгкі прысмак шпіёнскага раману: вядзецца пра тое, як беларускі праваабаронца на чарговай сэсіі Камісіі па правах чалавека ААН у Жэнэве спрыяў прыняцьцю адмысловай рэзалюцыі па Беларусі. Увесь час па яго сьлядох ішлі чальцы афіцыйнай дэлегацыі з выпраўкай супрацоўнікаў КДБ і выпярэджвалі кожнае ягонае дзеяньне і сустрэчы.

Алесь Бяляцкі за апошнія гады пабываў ва ўга колькіх пераплётах. У адным Азэрбайджане аўтар правёў гарачыя дзянькі дзьвюх выбарчых кампаній у асяродку тамтэйшай дэмакратычнай апазыцыі, стаўшы сьведкам дзьвюх нязьдзейсьненых рэвалюцый. Двое сутак праседзеў у двухпакаёўцы апазыцыйнага кандыдата Ісы Гамбара, сьцерагучы яго ад арышту. «Прабежкі» ілюстраваныя фатаздымкамі зь месца падзеяў – Баку, Кракава, Беластоку...

Пішучы пра становішча з правамі чалавека ў розных краінах, дзе давялося назіраць за выбарамі, стваральнік праваабарончага цэнтру «Вясна» заўсёды параўноўвае яго зь беларускімі рэаліямі. Так, А.Бяляцкі выказвае цікавую думку наконт таго, што вайна ў Чачэніі адцягнула ўвагу Расеі ад Беларусі. На ягоную думку, гэта ўратавала нас ад анэксіі ў 1990-я. Вось ён, кантэкст беларускай палітыкі.

Няясна, праўда, чаму пад адной вокладкай злучаныя падарожныя нататкі і артыкульчыкі «на злобу дня». Том выходзіць таўсьцейшы, але зблытаны. Падкачала й карэктура: пісьменьнік павінен-такі правільна пісаць назву краіны Кот-д’Івуар ці Шырын Эбадзі.

Але як жанр кнігі падарожных эсэ беларускай літаратурай добра падзабыты з часоў, калі савецкіх пісьменьнікаў прэміравалі паездкамі на сэсіі ААН і ў круізы па Брахмапутры, то на дробныя ляпсусы не зважаеш, бо кніга чытаецца лёгка, а пасьля яе доўга думаецца. А што яшчэ трэба ад добрай кнігі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?