Вяртацца ў родны горад для мяне з кожным разам усё цяжэй. Я не магу назіраць за тым, як ён старэе і набліжаецца да сваёй смерці ўсё хутчэй. Асабліва тужліва назіраць за існаваннем, не жыццём, а існаваннем майго старога зімой. Да ўсяго дастатковая шэрасць пачынае дапаўняцца маўклівым холадам. Горад плача, ён вые пранізлівымі вятрамі, ён дыхае сняжынкамі, якія, нібыта падаюць не толькі далоў, але і на неба, прычым гэтая дзея адбываецца сінхронна, як працэс дыхання ў чалавека.

Здаецца мне, што ў майго горада вельмі цяжкае захворванне, хварэе ён ужо даволі доўгі час і паступова праходзіць паўз усе стадыі сваіх пакут. Я разумею гэта, бо не бачу на вуліцах моладзі. Майму старому не хапае хлопцаў і дзяўчат, якія б атрымлівалі асалоду ад доўгіх блуканняў-шпацыраў у салодкім паветры, калі можаш наталяць сваю прагу жыцця наркотыкам-каханнем. Бесклапотнасць хаваецца па хатах. Людзей можна ўбачыць адно ў суботу, базарны дзень, калі местачковае торжышча, звычайна абсалютна пуста-голае па буднях, ператвараецца ў месца канцэнтрацыі жыцця з усімі яго навінамі-плёткамі і ацэньваючымі поглядамі. Здаецца, тры чацвёртыя з ліку тых, хто тусуецца паміж латкамі і лаўкамі прыходзяць сюды не дзеля таго, каб што-небудзь купіць, а каб паназіраць і зразумець, што акрамя тваіх асабістых праблемаў вакол адбываюцца нават нейкія падзеі і падзейкі-здарэнні.

А потым надыходзіць пачатак новага тыдня, і жыхары ізноў хаваюцца хто-дзе можа. Каму норкай служыць яго абрыдлае месца працы, хто можа задаволіцца сваёй хатай, крыху саромеючыся пенсіі і стамляючыся ад “заслуженного отдыха”. Другіх нават не задавальняе ані свет свайго жытла, ані твары родных, ані, нават, прыбытковая праца. Ва ўсім гэтым такім людзям бачыцца бесперспектыўны тупік, і тады “філосафы не ад добрага жыцця” пачынаюць укладаць грошы, якіх і так не хапае, ў гарэлку – маёмасць, якая можа быць заўсёды з табой. Пюць многія: мужчыны, жанчыны, падлеткі, зусім састарэлыя, - прычым могуць піць пастаянна, або толькі ў святочныя дні, а святы, як вядома, паводле календра прыпадаюць амаль на кожны адкідны-адрыўны аркуш.

У невыносную тугу-транс уводзяць нават хаты, выраз твару-фасаду якіх не прадвяшчае светлага прыёму з боку гаспадароў, што не будуць вельмі рады вашаму нечаканаму зяўленню ў жытле іх карусельнага, манатоннага жыцця.

Наогул, як можна рэагаваць на горад, калі першае, што сустракаеш, калі выходзіш на аўтобуснай станцыі з транспарту па прыезду з другога горада, гэта могілкі, якія непахісным сімвалам-крыжам, хочаш ты таго ці не, упіваюцца ў твае мазгі, настройваючы цябе на далёкую ад вясёлкавага ўспрымання рэальнасць.

Вядома, не ўсё так страшна-жудасна. У захворванні майго старога назіраюцца і рэміссіі. Яны прыпадаюць на вяснова-летне-ранневясенні перыяд. Зімовую шэрасць паступова змяняюць больш разнастайныя фарбы зеляніны травы і дрэваў, стракатасці засеяных надзелаў, разнастайнасці красак на лузе і блакітнасці возера і неба па-над ім. У горадзе зяўляецца рух. Усе пачынаюць выпаўзаць са сваіх хованак-норак насустрач сонцу і свежаму паветру. Звычайна застылае жыццё разбаўляюць прыездамі шматлікія адпачываючыя-курортнікі. Яны ж даюць небывалы прыбытак безлічы разнастайных крамак, якіх развялося ў горадзе, што грыбоў у лесе, хоць іх колькасць здзіўляе сваёй непрыстойнай непрадуманнасцю.

І ад гэтых зменаў ва ўсіх карэнных жыхароў у вачах-тварах зяўляюцца агеньчыкі надзеі на нешта лепшае ў жыцці, і горад перастае смуткаваць і журыцца.

Але лета не можа быць бясконцым. На змену яму прыходзіць восень са сваімі дажджамі-слязьмі, і кола замыкаецца, адкрываючы шлях новым праявам заняпалага здароўя майго горада.

І ад гэтых думак, нейкая маленькая скрыпачка пачынае жалосна пець у самым далёкім кутку майго сэрца, там, дзе жыве месца пачатку мяне, месца майго дзяцінства, тое месца, адкуль я вылецела птушкай з бацькоўскага гнязда ў непазнаны свет, па–здрадніцку зрабіўшы майго старога слабейшым яшчэ на адну душу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?