З паслання нацыянальнаму сходу вынікае, што беларуская ўлада канчаткова развіталася са старымі марамі. Піша Віталь Сіліцкі.

Незалежныя інтэрнэт выданні дагэтуль спрачаюцца, чаму Лукашэнка так нервова адрэагаваў на апошнюю рэвалюцыю ў Кыргызстане, хаця адказ проста ляжыць на паверхні. Падзеі ў Кыргызстане выклікалі амаль дакладна тыя ж захады Масквы, якія яна апошнім часам ужывае да сваіх нелаяльных партнёраў па постсавецкай прасторы, і ў першую чаргу да Беларусі — «прагматызацыя» адносінаў у нафтагазавай сферы за палітычную нелаяльнасць, рэзкае скарачэнне нафтагазавага гранта шляхам падвышэння цэнаў і мытаў, потым зацягванне з выдзяленнем крэдыту, які мусіў кампенсаваць страты ад высокіх цэнаў на энерганосьбіты.

Па раскладах некаторых апазіцыйных беларускіх палітыкаў і аналітыкаў, у выніку аналагічных дзеянняў у адносінах да Беларусі рэжым Лукашэнкі мусіў ужо калі не сканаць, то канкрэтна «нахіліцца» (пералічваць і перапісваць г.зв. «прагнозы» 2007–2009 года проста няма часу — хто хоча можа прагугліць).

Чакалі ў Мінску, але «мара ідыётаў» здзейснілася (другі раз за пяць год) ў Бішкеку. Чаму тое, што кыргызу смерць, беларусу аказалася нават і добра (нездарма Лукашэнка ў нядаўнім пасланні парламенту прызнаў, што менавіта ўціск Крамля прымусіў беларускую эканоміку і ўлады напрагацца), паразмаўляем трошкі пазней. Пакуль зазначым, што дакладна акрэслены алгарытм дзеянняў Расіі на постсавецкай прасторы ставіць кардынальна новыя выклікі перад Лукашэнкам на чарговы этап яго панавання.

Расія публічна адмовілася ад старога прынцыпа не кантактаваць з апазіцыйнымі структурамі іншых постсавецкіх дзяржаваў і не дэстабілізаваць існуючыя ўрады эканамічным і палітычным ціскам.
У адрозненне ад 2005 года, калі Крэмль проста прызнаў дэ-факта складзеную новую ўладную канфігурацыю, у 2010 годзе Масква наўпрост спрычыніла рэвалюцыю сваімі эканамічнымі захадамі. Да новых замежнапалітычных рэалій можна дадаць і фактычны крах АДКБ (і гэта, дарэчы, за старшынствам Расіі!): цяпер відавочна, што пры ўзнікненні крызісных сітуацый постсавецкім лідэрам трэба спадзявацца толькі на сябе, ірваць адно вядомае месца на брытанскі сцяг за іхнюю скуру ніхто не збіраецца.
Аўтарытарны інтэрнацыянал постсавецкіх дыктатараў спасціг лёс усіх «прагматычных» хаўрусаў, якія не засноўваюцца на прынцыпах і каштоўнасцях — яны рассыпаюцца як картачны домік, калі свая кашуля аказваецца бліжэйшаю да цела.

Можна шукаць патаемныя прычыны таго, што Лукашэнка вывез Бакіева ў Беларусь, нейкімі ўзаемнымі інтарэсамі і сяброўствам абодвух з Беразоўскім, але тут якраз тая сітуацыя, калі наступствы нашмат важнейшыя за прычыны:

Лукашэнка канчаткова паказаў Расіі і свету што ён самастойны замежнапалітычны гулец, які не збіраецца дзейнічаць па любым сцэнары, што навяжа яму Масква.

Рэакцыя Масквы не заставіла сябе чакаць, і нельга сказаць, што Лукашэнка «пралічыўся», нарваўшыся на адмову Мядзведзева даваць зніжкі нелаяльнай Беларусі: думаю, такое рашэнне было прынятае расійскім кіраўніцтвам загадзя і Лукашэнка пра гэта ведаў. Таму ў яго ўзнікла яшчэ адна нагода «хлопнуць дзвярыма» перад тварам хаўрусніка, перад тым як канчаткова адплыць у шматвектарнасць.

Дарэчы, пра шматвектарнасць.

Лёс Курманбека Бакіева дэманструе лепш за мільён словаў, якая гэта слізкая рэч і як можна зайграцца, балансуючы паміж «геапалітычнымі монстрамі» так, што потым ад самога касцей не збяруць.
У прынцыпе, Бакіеў спрабаваў рабіць тое, што нашмат раней і нашмат больш паспяхова рабілі беларускія ўлады — ён ператварыў геапалітычную лаяльнасць у тавар, які, па словам беларускага прэзідэнта, можна «выгодна прадаць». Сваё невялічкае ханства ён будаваў па схеме «грошы ў абмен на пацалункі», абяцаўшы адным за грошы выкінуць з Кыргызстана авіябазы ЗША, іншым — пакінуць.

Дайграўся да таго, што верыць перасталі і тыя і іншыя, і ў справу ўступілі рычагі сілавога ўздзеяння. Але тут Бакіеў, у адрозненне ад Лукашэнкі, аказаўся ў надзвычай невыгодным становішчы.

Кыргызстан, у адрозненне ад Беларусі, дзяржава, якая не мае хоць нейкіх фактараў устойлівасці і функцыянаваць без замежнага патранажу і фінансавай дапамогі можа вельмі нядоўга. Тут справа і ў недзеяздольнай эканомікі і ў банальных прыродных і культурных фактарах,
якія страшэнна замінаюць аднаасобнаму кантролю над усёй краінай з фармальнага палітычнага цэнтра. Наогул, усталёўваць ханскі рэжым у горнай мясцовасці і без некалькіх дзесяткаў нафтавых вышак вельмі складана. Да таго ж, Бакіеву і не было калі за пяць год будаваць дзяржаўныя інстытуты — трэба было думаць, як пераразмяркаваць рэшткі нацыянальнага багацця паміж сям’ёй і набліжанымі. У выніку яго скінула натуральна складзеная кааліцыя тых, каму не хапіла.

Гэтак, у шматвектарнасць аўтакратам лепш гуляць або калі яны маюць добрую рэсурсавую базу, або калі (як калісьці Ціта) выбудавалі больш-менш жыццяздольную мадэль унутры краіны.

Беларусь даўно прайшла праз стадыі першапачатковага назапашвання палітычнай і эканамічнай улады. У ёй збудаваныя базавыя інстытуты і няма чыннікаў, якія замінаюць палітычнаму і тэрытарыяльнаму кантролю над краінай з цэнтру.

Праўда, што змяненне ўмоваў гандлю з Расіяй не было гвалтоўным, што дало магчымасць для адаптацыі, пошуку новых гандлёвых партнёраў і крэдытораў. Аднак Беларусь застаецца і застанецца краінай з вельмі адкрытай эканомікай, а, як след, і вельмі ўразлівай для замежнага ціску. Устойлівасці беларуская эканоміка так і не набыла — імклівы рост замежнагандлёвага дэфіцыту і назапашванне замежнага доўгу паказваюць, што беларускія ўлады хутчэй адклалі рашэнне праблемаў, назапашваючы іх на будучыню.

Але нельга адмаўляць, што за апошнія два-тры гады кардынальна змяніўся менталітэт беларускай улады, прынамсі што да чаканняў ад усходняга суседа.

З выказванняў Лукашэнкі падчас яго штогадовага паслання нацыянальнаму сходу 20 красавіка можна зрабіць выснову, што беларуская ўлада канчаткова развіталася з марамі пра вяртанне да блаславёных ельцынскіх часоў.
Шматвектарнасць для Лукашэнкі — адзіная магчымасць для выжывання, але ж шматвектарнасць па Бакіеву яму, вядома ж, не патрэбна. Ён разумее, што канфігурацыя пагрозаў і выклікаў для яго кардынальна змянілася. Стабільнасць яго ўлады залежыць не ад таго, колькі яшчэ апазіцыянераў ён кіне за краты, а ад таго, ці зможа беларуская эканоміка функцыянаваць пры высокіх цэнах на энергію, ці здолеюць беларускія прадпрыемствы прабіцца на новыя рынкі, ці зможа дзяржава забяспечыць занятасць тым, чыя прадпрыемствы ўжо ніколі не вернуць сабе страчаныя рынкі. Зараз не час да закручвання гаек для адпору «каляровым рэвалюцыям». Пятую калону Масква безумоўна стварае, але пагрозы ад яе — не больш чым ад дохлай рыбы, што пасылала асуджанаму на смерць чыкагская мафія (забівае не сама рыба, а той, хто яе паслаў, або, скажам, прафінансаваў вядомыя паштоўкі).

Пры такіх выкліках, як гэта ні парадаксальна,

галоўная контррэвалюцыйная мера Лукашэнкі — гэта акурат тая самая лібералізацыя, пра якую ён так галосна заявіў у штогадовым пасланні.
Вядома, размова ідзе пакуль пра тое, як злібералізаваць, нічога насамрэч не крануўшы. Але правалы ў інвестыцыйнай палітыцы і відавочнае назапашванне праблемаў у замежным і рэальным сектарах акрэсліваюць межы дэманстрацыйнай лібералізацыі. Відаць, гэтыя межы ўжо разумеюць і на Карла Маркса 38. Ёсць сігналы (тая ж прыватызацыя Гадзіннікавага заводу, дзе ў хуткім часе магчымыя масавыя звальненні), што ўлада пачынае пераглядваць стары сацыяльны кантракт.

Пошук устойлівасці таксама вымагае дыверсіфікацыі замежнапалітычных і замежнаэканамічных партнёраў. Партнёры бываюць розныя і з кожным трэба паводзіць асабліва — з кімсьці не пап’еш гарэлкі, нехта будзе злаваць на парушэнне правоў чалавека. Безумоўна, для беларускіх уладаў зараз магістральная мэта — знайсці ў якасці крыніцаў крэдытаў і інвестыцый тых, хто не будзе абумоўліваць грошы палітычнымі ўмовамі. Калі гэта не Расія, то найперш, вядома, Кітай. Але,

на жаль, для беларускіх уладаў, Кітай займаецца хутчэй інвеставаннем, чым спонсарствам або выдзяленнем стабілізацыйных пазыкаў. Трэба прапаноўваць інвестыцыйныя праекты, якія будуць выгодныя акурат Кітаю, замацоўваць яго пазіцыі ў рэгіёне і прасоўваць інтарэсы яго кампаній. Пакуль такіх праектаў рэалізавана няшмат і з абяцаных Беларусі інвестыцый засвоена з камарову жменю (а стары своп дагэтуль замарожаны).
Як ні круці, а нейкая лібералізацыя спатрэбіцца нават пры апоры на Кітай.

Сумуючы, можна зрабіць выснову, што

выклікі, якія сёння склаліся перад беларускімі ўладамі, вымагаюць іншых адказаў, чым тыя, якімі рэжым змагаўся з каляровымі рэвалюцыямі. Лібералізацыя эканомікі і дасягненне рэальнай шматвектарнасці абмяжоўваюць магчымасці выкарыстання рэпрэсіўных мераў унутры краіны.
Лукашэнка разумее гэта сам, прапануючы некаторым з канстытуентаў (тым жа былым «вашывым блохам») дыялог і сацыяльнае партнэрства, пры гэтым адмаўляючы, як і раней, у легітымнасці іншым (апазіцыі). Стратэгія выжывання беларускай улады на бліжэйшыя чатыры-пяць год — гэта не аўтарытарная мадэрнізацыя, а дэкансалідацыя сістэмы, якая склалася на пачатку 2000-х. Працэс гэты вымушаны і кантраляваны, але, відаць, незваротны.

* * *

Віталь Сіліцкі — дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (Вільня).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0