У ліпеньскім нумары нядаўна створанага часопісу «Спецназ» зьмешчаны артыкул Юр’я Сівакова «Аб гонары». У ім аўтар раіць беларускім байцам, сярод іншага, зьвярнуцца да кодэксу гонару афіцэра, напісанага Адольфам Гітлерам. Над якімі ж пастулятамі Гітлера, паводле Ю.Сівакова, варта задумацца беларускаму афіцэру?

Найбольшую цікавасьць уяўляюць наступныя:

«Любоў да фюрэра, народу і айчыны па-над усім. Таму афіцэр павінен дакладна аддзяліць сябе ад тых, хто стаіць наўзбоч ад германскага шляху і барацьбы».

«Яго блізкія абавязаны прытрымлівацца тых самых перакананьняў, што і ён. Калі жонка афіцэра дазваляе сабе выказваньні, якія могуць пацягнуць за сабой крымінальнае пакараньне за «падбухторваньне», то гэта ніяк ня робіць яму гонару...»

Часопіс «Спецназ» заснаваны ГА «Беларуская асацыяцыя вэтэранаў падразьдзяленьня спэцыяльнага прызначэньня войскаў МУС «Гонар» (старшыня асацыяцыі Ю.Сівакоў). На старонках друкуецца камандзір брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў Дзьмітры Паўлічэнка. Байцы яго брыгады даўно прысягаюць у першую чаргу прэзыдэнту, а ўжо потым народу і краіне. Аднак гаворка вядзецца пра «вернасьць фюрэру». Ці ня цягнуць рэкамэндацыі былога міністра МУС на прапаганду фашызму? Камэнтуе праўнік Валянцін Стэфановіч: «У беларускім праве няма вызначэньня «прапаганда фашызму», таму за гэтыя выказваньні Сівакова немагчыма асудзіць юрыдычна. Але гэта папросту амаральна, і Сівакоў варты маральнага асуджэньня. У Беларусі рэкультывуецца вобраз Сталіна, і тут жа дзяржаўныя асобы вышэйшага рангу дазваляюць сабе цытаваць Гітлера. Гэта, мабыць, агульная тэндэнцыя ўзьвялічваньня таталітарных каштоўнасьцяў».

У застаўцы выкарыстанае фота photo.bymedia.net. На фота — Юры Сівакоў..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?