Напярэдадні 65-годдзя Перамогі ў жыхароў Езярышча, што на Віцебшчыне, зусім не святочны настрой — яны пратэстуюць супраць вывазу з пасёлка савецкага танка.

 Танк Т-70 у Езярышчы, такіх у свеце засталося толькі тры.

Танк Т-70 у Езярышчы, такіх у свеце засталося толькі тры.

«У людзей слёзы на вачах, ветэраны плакалі, калі пра гэта даведаліся. Зрабіць такое акурат да 65-годдзя Перамогі — проста злачынства!» — жыхары пасёлка Езярышча ледзь стрымліваюцца ад абурэння.

На мінулым тыдні ў пасёлак прыехала спецыяльная тэхніка, каб дэмантаваць з цэнтральнай плошчы танк-помнік. Да 9 мая яго збіраюцца перавезці ў Віцебск, каб усталяваць на Алеі Славы.

Жыхары мястэчка хутка арганізаваліся: за дзень-два было сабрана больш за 300 подпісаў (пры агульнай колькасці насельніцтва каля 1700 чалавек, з якіх каля 1200 — дарослыя — НН). «Мы і больш сабралі б, тут любы за наш танк падпішацца, але спяшаліся, каб хутчэй яго абараніць,
— кажа мясцовы жыхар. Ён просіць не называць ягонае прозвішча, бо на зборшчыкаў подпісаў, па яго словах, ужо націснулі з раёна, заявіўшы, што справа танка кантралюецца на ўзроўні аблвыканкама. — Старшыня пасялковага савета сказала, што гэтае пытанне не падлягае абмеркаванню — танк у любым выпадку вывезуць з Езярышча».

Замест танка Т-70 на пастаменце збіраюцца ўсталяваць муляж гарматы, якую прывязуць з музея Міная Шмырова з Віцебска. Мясцовыя называюць гэта здзекам:

«Побач з танкам пахаваны камандзір 117-й танкавай брыгады Сямён Хайдукоў, які загінуў тут, у часе бою, вызваляючы нас ад фашыстаў. А яны хочуць над танкістам гармату паставіць!»

Амаль штогод у Езярышча прыязджае дачка камбрыга, збіраецца быць тут і сёлета.

Сабраныя подпісы жыхары Езярышча перадалі ў Гарадок, Віцебск, у адміністрацыю Лукашэнкі. «Для нас гэта святое месца. Тут усе афіцыйныя і неафіцыйныя мерапрыемствы ладзяцца — ад 9 Мая, да выпускных у школе і вяселляў», — кажуць месцічы.

Акрамя таго, танк, па іх словах, выконвае і эканамічную функцыю — у пасёлку практычна больш няма нічога, што магло б прывабіць сюды турыстаў.
А яны сюды і едуць толькі дзякуючы Т-70, бо ў захаваным стане такіх танкаў засталося ўсяго тры — адзін стаіць у Маскве, другі — у Будапешце. «Наш пасёлак і так вымірае, і гэты ўнікальны помнік — ці не адзінае, што прыцягвае да нас увагу».

«Ведаю на ўзроўні чутак»

Пацвердзіць або абвергнуць словы жыхароў Езярышча ў пасялковым савеце пакуль не ўдалося — тэлефон старшыні Надзеі Рамнёвай не адказвае. У аддзеле культуры Гарадоцкага райвыканкама сітуацыю таксама не прасвятлілі. «Дык сёння ж «Звязда» пра гэта пісала», — сказала загадчыца аддзела Вольга Каўрыга. І дадала, што інфармацыяй пра лёс танка-помніка не валодае, толькі на ўзроўні чутак.

* * *

Езярышча — гарадскі пасёлак у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці, насельніцтва 1,7 тыс. чалавек (па стане на 2009 г.) Знаходзіцца за 41 км ад Гарадка, чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Невель.

Сямён Паўлавіч Хайдукоў — савецкі камбрыг, нарадзіўся ў Вяцкай губерні. Загінуў 15 снежня 1943 пры вызваленні Езярышча ў часе аперацыі «Гарадоцкая». Над яго магілай быў усталяваны пастамент з танкам Т-70.

Танк Т-70 — савецкі лёгкі танк перыяду Другой сусветнай вайны. Распрацаваны восенню 1941 на Горкаўскім аўтазаводзе. Вытворчасць Т-70 працягвалася да чэрвеня 1943, усяго быў выраблены 8231 танк гэтага тыпу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?