10 верасьня на Крапівенскім полі прайшлі галоўныя мерапрыемствы фэсту ў гонар 452-й гадавіны аршанскай бітвы. Фэст наведаў лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

– У расейцаў – Кулікоўская бітва, у палякаў – Грунвальд, а ў нас – вось гэтае поле ля рэчкі Крапівенка ёсьць сымбалем вайсковае славы, – гэткімі словамі і пачаўся сьвяточны канцэрт традыцыйнага фэсту беларускай паэзіі ды аўтарскай песьні, прысьвечаны ўгодкам перамогі пад Воршай.

Бясконцыя дажджы і залевы перашкодзілі прыезду многіх сталых удзельнікаў сьвята і гасьцей. Але падчас самога фэсту, быццам разумеючы значнасьць мерапрыемства, надвор’е зьлітавалася і над навакольлем зазьзяла вялікая чыстая поўня.

Дожджык за ўвесь вечар пырскануў усяго некалькі разоў, як спэцыяльна, пад словы малітвы сьвятароў пра вечную памяць пра загінуўшых продкаў. Ля крыжа з надпісам «Героям аршанскай перамогі» адбылося дзьве імшы: спачатку айцы грэка-каталіцкай царквы – аршанец Андрэй Сідаровіч, які пасьля намётавага гарадку адсядзеў 15 сутак на Акрэсьціна, і Зьміцер Грышан зь Віцебску – маліліся ў памяць тых, хто загінуў, а потым сьвятар Беларускай аўтакефальнай царквы айцец Леанід Акаловіч узьнёс малітву ня толькі за вялікіх продкаў, але і за герояў-сучасьнікаў.

Імшу з павагай выслухалі і міліцыянты, якіх сабралося багата. Трэба аддаць належнае, галоўнай справай людзей з пагонамі быў нагляд за мясцовымі аматарамі сьпіртнога... Канешне, на пад’езьдзе да месца мерапрыемства прытрымлівалі і занатоўвалі нумары машынаў ды колькасьць людзей, здымалі прысутных на відэа. Арганізатараў зьдзівіў мікрааўтобус з амапаўцамі – такога за гады фэстаў яшчэ не было. Аднак іхняя місія зразумелася, калі нечакана прыехаў Мілінкевіч.

Лідэр аб’яднанай апазыцыі пашкадаваў, што давялося прысутнічаць на гэткім сьвяце ўпершыню і выказаў надзею, што яно стане агульнабеларускім. Ніякіх прамоваў Мілінкевіч не рабіў, паразмаўляў зь людзьмі, сьціпла сярод натоўпу выслухаў некалькі песьняў і, паскардзіўшыся на недахоп часу, непрыкметна для прысутных зьехаў. Пасьля гэтага адразу ірвануў і аўтобус АМАПа, але байцам не пашанцавала – газэль» загразла па калодкі, наступныя гадзіны тры яе выкопвалі ды ўсім гуртом выцягалі з гразі.

А на паляне перад імправізаванай эстрадай шчыравала моладзь. Бачна было, што многія адзін аднаго добра ведаюць. Як высьветлілася, значную частку складалі ўдзельнікі намётавага гарадку. Таму прапанова арганізатараў лічыць намётавы стан на Крапівенскім полі працягам плошчы Каліноўскага выклікала аднадушны энтузіязм. Пасьля гэтае прапановы хутка падцягнуўся сумаваўшы безь вялікай працы міліцыянт з відэакамэрай.

Адкрываў канцэрт у шынялі з шэўронам Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў бард Андрэй Мельнікаў, якога называюць не інакш, як бацькам фэстаў. Ягоныя патрыятычныя песьні, дарэчы, як і выступы ўсіх выканаўцаў, выклікалі гучныя воплескі.

Людзей на фэсьце было хоць і значна менш, чым летась, але ўсё ж прыкладна дзьве з паловай сотні ўдзельнікаў не параўнаць з тымі трынаццацьцю асобамі, якія сабраліся вакол адзінага вогнішча ў самым неспрыяльным 1996 годзе. Сёлета ноччу гарэлі дзясяткі вогнішчаў, вакол якіх сабраліся людзі рознага ўзросту і досьведу, але аб’яднаныя аднымі думкамі й мэтамі – зрабіць сваю Радзіму свабоднай ды шчасьлівай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?