Суайчыньнікі радасна віталі Бэнэдыкта, але гэта цяжка параўноўваць з энтузіязмам, які выклікаў Ян Павал ІІ у Польшчы.

Гэта была першая вялікая імша Бэнэдыкта XVI у роднай Баварыі. Нядзельнае казаньне, якое слухала больш за 250 тыс. чалавек, што сабраліся на гандлёвай тэрыторыі Neue Messe, Папа распачаў прызнаньнем: «Я цешуся, што яшчэ раз магу быць з вамі, што яшчэ раз магу наведаць блізкія мне мясьціны. Я ўдзячны Богу за гэтую цудоўную радзіму».

Самае галоўнае – гэта вера

-- У нашыя часы мы пакутуем ад таго, што недастаткова прыслухоўваемся да Бога. Мы ўжо ня здольныя Яго слухаць – у нас занадта шмат іншых частотаў у вушах. Тое, што пра Яго кажуць, падаецца састарэлымі ведамі, што не пасуюць да нашых часоў, – казаў Бэнэдыкт XVI.

Зьвяртаючыся да немцаў, ён хваліў гатоўнасьць нямецкага Касьцёлу да сацыяльнай дапамогі (менавіта ў Нямеччыне дынамічна дзейнічаюць дабрачынныя арганізацыі), аднак крытыкаваў той погляд, што пытаньні сацыяльнай дапамогі больш важныя за веру. І нагадаў, што нельга аддзяліць грамадзкія справы ад Эвангельля, а «аднаго толькі ўнясеньня людзьмі ведаў, уменьняў і веданьня тэхнікі занадта мала».

У якасьці прыкладу Папа прывёў пытаньне барацьбы са СНІДам у Афрыцы, якое трэба ўзьняць «ад каранёў гэтай хваробы». Такім чынам Папа зьвярнуўся да дыскусіі вакол спрэчак у Ватыкане пра магчымае дапушчэньне прымяненьня прэзэрватываў у выпадку сямейных параў, дзе адна асоба заражаная ВІЧ-інфекцыяй.

Бэнэдыкт XVI заклікаў да талерантнасьці і павагі да іншых культураў, што будзе магчымым толькі тады, калі хрысьціяне паглыбяць сваю веру. Разам з тым ён падкрэсьліў: «Мы нікому не навязваем гэтай веры, гэткі від празэлітызму чужы хрысьціянскім каштоўнасьцям. Мы заклікаем людзей у вольнасьці паядноўвацца з Богам. Мы не парушым павагі да іншых рэлігіяў і культураў, павагі да іх веры, калі гучна і ясна вызнаем Бога».

Цудоўна, што Ты тут з намі

Немцы прынялі Папу сардэчна, казаньне некалькі разоў перапынялі воплескі, аднак цяжка казаць пра энтузыязм, які быў у Польшчы, калі туды прыяжджаў Ян Павал ІІ.

Па абедзе Бэнэдыкт XVI паблаславіў жыхароў Мюнхену з балькону сваёй рэзыдэнцыі. – Калі я быў арцыбіскупам Мюнхена, то кожны год з нагоды пачатку сьвята піва Oktoberfest блаславіў яго ўдзельнікаў. Я цешуся, што апынуўся на старым месцы працы, – казаў ён. Аднак да спантаннага дыялёгу Папы з суайчыньнікамі справа не дайшла.

Італьянская прэса падкрэсьлівае, што Папа трымае сябе значна больш свабодна на радзіме, чым звычайна. «Прыемна было бачыць, як ён усьміхаўся ў адказ на сьмех натоўпу», – піша ў «Corriere della Sera» ватыканіст Люіджы Акатолі.

Папа зьявіўся на першых палосах усіх нямецкіх газэтаў. «Бэнэдыкт XVI, мы Цябе любім», -- вызнаў бульварны «Bild». Крытычная адносна Касьцёлу «Süddeutsche Zeitung» дае свайму артыкулу загаловак «Добра, што Ты тут з намі».

Бэнэдыкт не хаваў сваёй узрушанасьці. Ужо на борце самалёту ён прызнаўся, што хацеў бы часьцей наведваць радзіму. «Я стары чалавек. Ня ведаю, колькі часу мне яшчэ падорыць Бог».

Бэнэдыкт XVI выразна даў зразумець, што прыяжджае з пасланьнем, каб усе яго суайчыньнікі перадавалі хрысьціянскую веру наступным пакаленьням. Нямеччына – вельмі сьвецкая краіна – штогод каталіцкі Касьцёл пакідае каля 100 тыс. вернікаў.

У суботу пасьля абеду вуліцы сталіцы Баварыі, якімі праяжджала машына Папы, пачалі запаўняцца. Луналі бела-блакітныя баварскія сьцягі. Сапраўды гарачае прывітаньне Папы было падрыхтаванае на Марыйнай плошчы, дзе сабралася каля 15 тыс. чалавек. Бэнэдыкт XVI параўнаў сябе зь легендарным мядзьведзем сьвятога Карбініяна, першага біскупа Фрайзінгу. Зьвер ішоў наўючаны праз Альпы ў Рым і там быў вызвалены. «На жаль, у маім выпадку Бог вырашыў інакш», -- пажартаваў Папа.

Кардынал Мюнхена Фрыдрых Вэтэр шмат казаў пра тое, што зьвязвае Бэнэдыкта з Баварыяй, і дзякаваў, што Папа застаўся «civis bavaricus», баварцам.

А Папа ўсё ня мог расстацца з вітаючым натоўпам і спазьніўся на спатканьне з прэзыдэнтам Хорстам Кёлерам і канцлерам Ангелай Мэркель.

У размове з вока на вока спадарыня канцлер заявіла, што падчас старшынства Нямеччыны ў Эўразьвязе ў 2007 г. яна закране справу запісаньня хрысьціянскіх каштоўнасьцяў у эўраканстытуцыю. Гэтую тэму яна ўздымае ўжо другі раз – у жніўні Мэркель размаўляла пра гэта з Бэнэдыктам XVI у Ватыкане. З Кёлерам, які, гэтак жа як і Мэркель, пратэстант, Папа вёў дыскусію пра экумэнізм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?