Ідэя пра Каралеўскі тракт злоўленая была на сыходзе леташняга году ў Любліне. Тагдышні супрацоўнік аддзелу спорту й турызму места Любліна Януш Капачак, які «ажывіў» старую каралеўскую дарогу, пераканаўча даводзіў беспэрспэктыўнасьць разьвіцьця новага турыстычнага вэктару Кракаў–Люблін–Берасьце–Вільня, які б дазволіў зь перасычанага гасьцямі Кракава частцы зацікаўленых турыстаў рушыць у даволі незвычайным напрамку, які перасякае тры краіны зь вялікай супольнай гісторыяй. У галаве закружылі роварныя колы, і яшчэ ня даехаўшы Берасьця ўзьнік прывабны паводле свае сутнасьці роварны праект для Беларусі. Ягоныя матывы для нашае краіны відавочныя: добрасуседзтва, прыежджы турызм і разьвіцьцё малых мястэчак і сялібаў. Калі ўладныя структуры ў Берасьці і Горадні нашую ідэю падтрымалі, за што ім залучаю вялікі турысцкі дзякуй, то, на жаль, не знайшлося аніводнай турыстычнай фірмы, ні ў Берасьці, ні ў ваколіцах, якая б патрапіла выказаць хоць бы які інтарэс да нашага роварнага праекту. Мы разумеем: лета – гэта час вывозіць людзей да цёплых мораў і далёкіх краёў, і хто дбае пра нейкіх там «закручаных» аматараў ровару. Але потым прыйдзе восень, а за ёй зіма, і хацелася б, каб да нас цяпер ехалі госьці з суседніх краінаў, але хто паедзе, калі нічога і ніхто дзеля гэтага не гатовы. Таму, памяняўшы нашыя адпускныя беларускія на канвэртаваную валюту і наняўшы «мінівэн», мы рушылі ў Кракаў з роварамі, каб здабываць нашай дзяржаве турысцкае прызнаньне.

У Польшчы

У Кракаве пра нас ведалі – дзякуючы польскім партнэрам Ядвізе Седлецкай-Сівудзе й ейнаму мужу Аляксандру, якія вырашылі падрыхтаваць даведнік пра тракт і спадарожнічаць нам на самаходзе. Але калі па малалюднай ад ранку Марыяцкай плошчы ў цэнтры старога Кракава раптам узьнікла болей тузіну прадстаўнікоў польскіх мэдыя, якія нас літаральна атачылі, мы паверылі, што гэта камусьці ўсё ж патрэбна і маршрут абавязкова адужаем. А заклікі імклівых стрыжоў, якія праціналі неба па-над плошчай, нам падаліся не такімі ўжо і безнадзейнымі.

Неабыякавы да нашай роварнай экспэдыцыі заступнік прэзыдэнта места Кракава Генрык Банткевіч зьдзіўлёна разводзіў рукамі: «Як гэта беларусы дадумаліся да такой файнай ідэі, праехаць Каралеўскім трактам на роварах, апярэдзіўшы палякаў?» І жартам ці ўзапраўды паабяцаў у наступным годзе арганізаваць праезд Каралеўскім трактам з Кракава на конных экіпажах, не забыўшыся шчыра нам пажадаць добрай дарогі.

Ужо значна пазьней, калі мы спыніліся ля невялічкай сельскай крамкі папоўніць нашыя хутка зьнікаючыя калёрыі пасьля таго, як пераправіліся на пароме церазь Віслу, я спытаў у дзьвюх польскіх дзяўчат, якія сядзелі насупраць нас і ласаваліся смачным марозівам, прыслухоўваючыся да нашай не знаёмай для іх расейскай гаворкі: «Ці ведаеце вы краіну Беларусь?» У адказ дзяўчаты дружна адмоўна захіталі галовамі. Пра Амэрыку, канечне ж, яны ведалі. Самае дзіўнае, што імя прэзыдэнта А.Лукашэнкі ім усё ж было вядомае, што праўда, яны не адносілі яго да Беларусі. Разумею, што гэта маленькі прыватны прыклад, але дзяўчаты жывуць не за акіянам, а ў 200 кілямэтрах ад Беларусі – мы іхнія самыя блізкія суседзі. Па дарозе ад простых людзей, якія даведваліся, што мы беларусы, неаднойчы чулі мы пра страх перад Беларусьсю, які нагнятаўся прапагандай, а таксама пра іх шчырае жаданьне прыехаць у Беларусь і пабачыць усё на свае вочы. У нас склаўся трывалы погляд, што палякі, як ніхто іншы, жадаюць мець з намі, беларусамі, цесныя добрасуседзкія стасункі і супрацоўнічаць ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці. Адраджэньне Каралеўскага тракту – гэта цудоўная нагода для такой супрацы.

Як што ў Польшчы пра наш праект мясцовыя ўлады ведалі добра, дзякуючы Ядвізе Сядлецкай-Сівудзе, супрацоўніцы Польскага таварыства турызму і краязнаўства (гэтае таварыства зладзіла для нас цікавую экскурсію ў Сандаміры), дык колькі разоў на дзень нам, часам не на карысьць нашага графіку, даводзілася ссаджвацца й займацца народнай дыпляматыяй. Першае, што сьлед адзначыць, паўсюль нас прымалі шчыра, без усялякай казённасьці і са шчырай цікавасьцю да нашай роварнай экспэдыцыі. Паўсюль доўга распытвалі пра Беларусь, таму што СМІ нармалёвае інфармацыі проста не даюць і ўсе гэта добра разумеюць. Кожная гміна, кожнае мястэчка мае пра сябе дыхтоўна выдадзеную інфармацыю, а часьцяком і добрую кніжку, на гэта зь мясцовых бюджэтаў даецца дастаткова грошай. Пад’яжджаючы да Берасьця, мы ўжо мелі абсяжны багаж гэткай прадукцыі, дзякуй Богу, дома ў Берасьці можна было яе пакінуць. Запомнілася невялічкая навукова-практычная канфэрэнцыя з экалёгіі ў Востраве Любельскім, на якой мы сталі нечаканымі ўдзельнікамі. Прафэсар, які вёў канфэрэнцыю, проста заклікаў да супрацы зь беларусамі Прыбужжа: бо праблемы ж адныя і вырашаць іх супольна будзе шматкроць эфэктыўней.

Перад Люблінам у маленькім дарожным гатэліку «Хрысьціна» нас сустрэла роварная пара – Алісься Ракіцкая і ейны муж Гжэгаж. Яны во толькі вярнуліся з роварнага падарожжа па Славаччыне і вырашылі спадарожнічаць з намі да Любліну. Ехаць увачавідкі павесялела, а ўзаемны абмен поглядамі і інфармацыяй паміж намі не сьціхаў праз усю дарогу. У Земброжыцы на старым тракце працяглае прывітаньне звону надала гістарычную значнасьць нашай акцыі. Паводле перакананьня тамтэйшага ксяндза, звон гэты ёсьць равесьнікам часоў караля Ягайлы, праўда, ксёндз нязвыкла для нас кіраваў тым званом праз электронны пульт. Далей шлях раварыстам да цэнтру Любліна «ачышчала» паліцэйская машына. Калі якомусь «кіроўцу» наш роварны тэмп не пасаваў, паліцэйскі спакойным голасам нагадваў пра памер штрафу, і ўсе займалі свае месцы.

У гістарычным цэнтры Любліна, нагадаем, што роварная экспэдыцыя дасягнула яго 1 ліпеня, на гадавіну падпісаньня вядомай Люблінскай уніі 437 год таму, з усходцаў гарадзкое мэрыі прастору запоўніў надзвычай гучны голас люблінскага «клікуна» Ўладзіслава Стэфана Гржыба, які заклікаў усіх грамадзянак і грамадзянаў Любліна слухаць яго абавязкова, а трубач сваім горнам падтрымліваў тыя заклікі. Мы неўспадзеўкі акунуліся ў нейкую мажорна-рамантычную гістарычную атмасфэру мінуўшчыны. І прывітальны голас прэзыдэнта Любліна Анджэя Прушкоўскага плыў на нас, трохі змучаных сьпёкай і здарожаных, з той гістарычнай далечыні. Мы адчулі, што Люблін чакаў нас і прымае, як дарагіх і жаданых гасьцей краіны-суседкі і гораду-пабраціма. Удзел у вечаровай маляўнічай гістарычнай інсцэніроўцы ля будынку «Трыбуналу кароннага» толькі дадаў гэтай пэўнасьці, праўда і пасеяў нейкую гістарычную разгубленасьць: месца падпісаньня Люблінскай уніі засталося нявызначанае. Але гэтую акалічнасьць пакінем на сумленьне гісторыкаў.

Дзень у Любліне прайшоў хутка і цікава, а нас ужо чакала роднае Берасьце. Гэтым мы завяршылі першую частку Каралеўскага тракту. Але ды дзе там: мы адчулі нейкую добразычлівую зайздрасьць ад люблінскіх уладаў. Кампраміс знайшлі: у спартовую групу ўліваліся два супрацоўнікі мэрыі – Ганна Камінэк і Іва Вярэмка. Нас адразу стала сямёра, колькасьць ва ўсіх сэнсах добрая, і ехаць стала дынамічней і цікавей. Супрацоўнікам мэрыі належала пераадолець з намі тры сотні кілямэтраў і пабачыць усё «жыўцом», маючы наўвеце пэрспэктывы разьвіцьця турызму паміж нашымі краінамі. Паралельна з намі высаджваўся «люблінскі дэсант» у Пружанах на двох аўтобусах, каб узяць удзел у народным, яшчэ з паганскіх часоў захаваным, сьвяце Яна Купалы. Прэзыдэнт Любліна Анджэй Прушкоўскі асабіста прыйшоў да Каралеўскага замку ў Любліне, каб праводзіць нас у далейшы шлях, і ў адноўленай капліцы сьвятой Тройцы, расьпісанай яшчэ цьверскімі майстрамі пры Ягайлу на праваслаўныя матывы, пазычыў нам добрага завяршэньня задуманага праекту.

На нас чакаў яшчэ адзін вечар у Польшчы на Каралеўскім тракце, і дырэктар бюро прапановаў новых праектаў места Любліна Пётар Семянюк пашчыраваў, каб мы правялі яго на ягонай радзіме ў вёсцы Вохін, якая колісь уваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. І тады ўжо саўсім пад вечар вялікая група тамтэйшых мужыкоў і хлапцоў без рыштунку на звычайных дарожных роварах абкружыла нас і павяла за трыццаць кілямэтраў паказваць нам вялікі валун, які служыў колісь памежным знакам паміж каронай і княствам, мы конча пераканаліся, што ў нас ня толькі супольная гісторыя, у нас проста багата супольнага, і палітыкі ня здолеюць пасеяць між намі варажнечу. Цудоўны ліпеньскі вечар ў Вохіне з гарачым «огніском» гэта толькі пацьвярджаў.

...у Беларусі.

Старая каралеўская дарога, што ідзе ўпоперак дзейных цяпер магістраляў Захад–Усход, даўна страціла свой стары каралеўскі прывілей і не карыстаецца цяпер былым попытам. Нельга, што праўда, сказаць, што закінулі яе як сьлед, і ў памяці людзкой яшчэ захоўваецца яе веліч і значнасьць. А ланцужок беларускіх мястэчак і гарадкоў: Чарнаўчыцы, Камянец, Шарашова, Новы Двор, Поразава, Ваўкавыск, Ражанка, Шчучын, Радунь і інш. сваёй ёмістай гісторыяй гэта толькі пацьвярджаюць.

За Камянецкім каменным слупам, сьведкам тэй далёкай эпохі, Каралеўскі тракт паварочвае ў сваё старое, не выгладжанае і не асфальтаванае рэчышча і, перакінуўшыся праз Левае Лясное, ідзе цераз амаль зусім зачахлыя вёсачкі Чамяры, Вішню, Тарасы і Броды, якія колісь ляжалі на ім, каб прывесьці да Шарашова. Нашу роварную экспэдыцыю чакалі ў Шарашове, і да прымеркаванаму да гэтай сустрэчы старадаўняму сьвяту Яна Купалы ўсё было гатова. Але зусім нечакана раварысты раптам счэзьлі з поля зроку групы сваіх спадарожнікаў і перасталі быць дасягальнымі ў этэры сотавай сувязі, пагрузіўшыся ў несканчоны сасновы лес паміж Вішняй і Тарасамі. Разумеючы, што ўсе тэрміны і праграму сустрэчы мы ломім ушчэнт, абліваючыся потам і выпіўшы ўсю назапашаную ў Вішні на дзіва смачную ваду, мы ўпарта сьвідравалі коламі даўно ня ежджаную нікім старую каралеўскую дарогу і малілі Бога не заблукаць ў гэтым лесе. Куча бытавога хлуду ля збочыны, такая звыклая ў нашай Беларусі, падказала – жытло побач.

Кіраўнік Пружанскага раёну Аляксандар Іванавіч Юркевіч, які сам у маладосьці быў аматарам ровару і добра нас разумею, нарэшце, дазваніўшыся да нас, спакойна сказаў: «Высылаю па вас машыну». Гэта ўжо аніяк не ўваходзіла ў нашыя пляны, і астатнія 12 кілямэтраў да Шарэшава па «гравейцы» былі болей падобныя на роварнае ралі. Той машыне не было каго забіраць, нас, дашчэнту змучаных і здарожаных, цёпла і шчыра сустракалі шарэшаўцы. Пазьней Аляксандар Іванавіч прафэсійна заўважыў: «Так, прыгожа ехалі!..»

Пякучы ліпень вырашыў выпрабаваць экспэдыцыю да канца. Вялікая прастора паміж Ліхасельцамі і Новым Дваром запоўненае Дзікім балотам. Яно сапраўды дзікае і нікім не заселенае і захавала свой першасны выгляд. Тут праходзіць мяжа паміж Берасьцейскай і Гарадзенскай вобласьцю, тут праходзіць натуральны водападзел паміж басэйнамі Чорнага і Балтыйскага мораў, тут па гэтых непраходных месцах шэсьць стагодзьдзяў таму ішоў Каралеўскі тракт зь Вільні да Кракава; рэшткі гэтага шляху кружляюць і цяпер вакол новае «гравейкі». Калі так задумацца, дык паказаць і распавесьці што-кольвек госьцю на любы густ тут на Дзікім балоце ёсьць, але без элемэнтарнага сэрвісу ехаць сюды ніхто, акрамя такіх, як мы, не рызыкне. Хмары азьвярэлых і напраўду дзікіх аваднёў і сьляпнёў гэта пацьвярджалі. Рады ім давала толькі віртуозная бесьперапынная язда на ровары, і тое не заўсёды. Заіклівы фатограф са сьвіслацкай раёнкі, які сустрэў нас на мяжы дзьвюх абласьцей, доўга спрабаваў паставіць мяне, адсталага праз гэтае фатаграфаваньне ад астатняй групы, пад знак Гарадзенскай вобласьці, але гарадзенскія сьляпні былі яшчэ больш бязьлітасныя за берасьцейскіх, і ў нас не атрымаўся пастановачны кадар. Толькі мой жаласьлівы енк пазбавіў мяне ад гэтага катаваньня, і я рынуўся наўздагон за сваімі сябрамі.

У кароткай справаздачы не распавядзеш пра ўсе пэрыпэтыі нашага няпростага падарожжа. Былі розныя сустрэчы на нашай зямлі беларускай: ад пытальных – «А нашто ім гэта?» – да зусім нядобразычлівых, як, напрыклад, гэта здарылася ў Мастах, дзе тамтэйшы чыноўнік ад спорту й турызму, якому даручылі былі нас сустрэць і паказаць месца абеду, нас не сустрэў і доўга не адказваў на нашыя тэлефанаваньні. Дык ён проста, ужо засьпеўшы нас сваім запозьненым тэлефанаваньнем на Нёмане, паслаў нас усіх к чорту, а выслухаць гэта давялося жанчыне – Ірыне, якую сьпёка мучыла болей ад усіх. Мы надоўга пагрузіліся ў халаднаватыя воды Нёмана, каб адмокнуць ад гэткага чортавага пасланьня, а за нязьедзены абед выслалі зь Берасьця грошы паштовым пераказам, каб суняць «неўтаймоўнага мастоўскага змагара за правы». Але гэта былі баржджэй прыкрыя выняткі. Зусім адваротнае надарылася ў Шчучыне. Дзеля той самай невыноснай сьпёкі мы праехалі Ражанку, дзе мусілі былі павячэраць. Загадчыца ідэалягічнага аддзелу Шчучына, якая сустрэла нас, так шчыра праз тое перажывала, што, нягледзячы на сваю стому, мы павярнулі назад і прыемна зьдзівіліся сапраўдным эўрапейскім сэрвісам у Ражанцы ў мясцовай кавярні. І ўсё стала зразумела: тут, у Ражанцы, гаспадар на месцы. Збольшага ж для дарожнікаў у Беларусі ніякага сэрвісу няма, акрамя прыдарожных сельскіх крамак. Дый саміх дарожнікаў таксама. Пра іншаземцаў гаворка ўвогуле ня йдзе. І ці будзе кім-небудзь і калі-небудзь гэтае моцнае кола ў Беларусі разарванае – таксама рана покуль казаць. Гэтая індустрыя ўязнога і нутранога турызму покуль застыгла ў моцным аморфным сьне, і што там ёй мроіцца, можна толькі варажыць.

У Радуні нас сустрэў дырэктар мясцовага дзіцячага прытулку, прапанаваўшы нам пераначаваць і распавёўшы багата зьвестак зь мясцовае гісторыі. Тамтэйшы энтузіяст Іван Іванавіч, катораму нас перадаручылі, быў гатовы гаварыць аб сваім краі дзень, ноч і яшчэ дзень, абы яго слухалі, столькі многа радунскай сапраўды цікавай гісторыі трымала ягоная галава, але ў нашых галовах «сядзелі» літоўскія візы, каторых дзеля рознай сур’ёзнай драбязы мы дагэтуль не атрымалі, а гэта значыла, што астатні этап Каралеўскага тракту да Вільні нам зачынены. За нашыя візы перажывала і само Генэральнае літоўскае консульства ў Горадні і, нарэшце, наўпрост на беларуска-літоўскую мяжу а пятай гадзіне вечара наступнага дня галоўны рэдактар «Вечернего Гродно» даставіў нам візы. Стары Каралеўскі тракт для нас адчыніўся, і можна было даехаць маршрут да канца. Усім, хто нам у гэтым дапамагаў, вялікі дзякуй! Да Вільні заставалася 90 кілямэтраў, да захаду сонца некалькі гадзінаў – ехаць кілямэтры трэ было вельмі хутка.

...у Літве.

Каралеўскі тракт ад Эйшышак ідзе на Руднікі, каб скончыцца ў Вільні. Дарога ідзе зазвычай лесам, мясцовасьць узгорыстая і маляўнічая і збольшага заселеная тут этнічнымі палякамі. Першая дзяўчынка-раварыстка Сабіна, якую мы напаткалі ў Літве, паведаміла нас, што навучаецца ў польска-літоўскай школе. Праўда, пазьней бабуля-полька, якая частавала нас вадой, наракаючы на сваё няпростае жыцьцё, прыкмеціла, што дзеці яе ўжо даўно «зьліцьвініліся». У Літве сапраўды ўсе гавораць па-літоўску, але два выпадковыя суразмоўцы, якія ахвотна гаварылі з намі і па-польску, і па-расейску, патлумачылі нам, што любая афіцыйная папера пішацца толькі па-літоўску, а вось скаргу на чыноўніка грамадзянін можа пісаць на любой зручнай для яго мове, і тую скаргу мусяць разглядзець. Такая вось выходзіць эўрапейская дэмакратыя.

У Вільні я ня быў 20 год, хоць зь Віленскім унівэрсытэтам была зьвязаная адна важная прафэсійная падзея – абарона дысэртацыі. Вільня ў цэнтры прыметна зьмянілася і ўсім сваім абліччам прэтэндуе на эўрапейскую сталіцу. Аб нашай акцыі ў мэрыі ведалі, і віцэ-мэр Вільні Вітас Карцыаўскас разам з прэсай прыязна сустрэлі нас ля сучаснага будынку мэрыі, далікатна распытваючы нас пра мэты роварнае экспэдыцыі. Выслухаўшы нас, віцэ-мэр пагадзіўся, што кантакты зь Беларусяй сёньня перажываюць свой заняпад, і ідэя з Каралеўскім трактам у гэтым сэнсе выглядае дужа пэрспэктыўна. А пачуўшы ад нас, што ўчастак дарогі да Эйшышак вельмі цікавы для раварыстаў, неўдавана ажывіўся, заўважыўшы, што ў Літве і ў Вільні ў прыватнасьці багата ўвагі надаецца разьвіцьцю роварнага руху, асабліва сярод моладзі, і нашая ідэя з трактам знойдзе тут сваё месца. На знак падзякі за наш унёсак у роварны рух горад зладзіў нам працяглую экскурсію па старой Вільні, якая скончылася ў сутарэньнях катэдральнага сабору сьвятых Станіслава і Ўладзіслава ў каралеўскай крыпце, дзе захаваны прах нашае зямлячкі каралевы Барбары Радзівіл, які даставілі туды ў 1551 г. Каралеўскім трактам з Кракава ў Вільню.

На Літву прыпаў і найдаўжэйшы дзённы этап у нашым падарожжы – 137 кілямэтраў, на якім мы адзначылі 1000-ны кілямэтар сваёй экспэдыцыі. З свайго досьведу добра ведаю, найскладаней праехаць на ровары першую тысячу, далей можна ехаць вельмі доўга, было б па што. Мы вярталіся ў родную Беларусь, затрымаўшыся ў Друскенінках, якія колісь былі зручным найбліжэйшым суседам Горадні. Цяпер усё дужа памянялася, і ў Друскенінкі проста папіць вадзіцы не паедзеш. Заступнічка мэра курортных Друскенінак проста зачаравала нас зьмястоўным дакладам пра разьвіцьцё свайго гораду, яна не аднойчы добрым словам згадвала і суседзяў-беларусаў. І мы зразумелі, што па досьвед ня варта ехаць далёка, ён тут побач, у суседзяў, але дзеля гэтага і самім сьлед што-кольвек мяняць, пачынаючы ад добрасуседзкіх стасункаў. На літоўска-беларускай мяжы звыклай для нас па Варшаўскім мосьце ў Берасьці пра чаргу і ня згадкі. Дый прычынаў для чаргі не было. Самотныя падарожнікі, накшталт нас, зрэдзьчас парушалі дрымотную цішу на мяжы. Ці надоўга?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?