Уладзімір Колас адказвае Барысу Тумару.

Думаю, не варта цяпер губляць час на доказы неабходнасці кансалідацыі намаганняў дэмакратычнай часткі грамадства. Відавочна, што без іх казаць пра перамогу на будучых прэзідэнцкіх выбарах, а таксама кантролю за выбарамі і абарону сапраўдных вынікаў, немагчыма. Гэта яшчэ раз пацвердзілі «вынікі» мясцовых «выбараў».

Як гэтай кансалідацыі дасягнуць? Можна сядзець і чакаць, калі яна адбудзецца сама. Можна зларадна паціраць рукі і, чакаючы, калі ўсё ляснецца чарговы раз, зліваць свае негатыўныя эмоцыі ў інтэрнэт ці ў газеты, якія пагодзяцца выдзеліць для гэтага свае старонкі. А 

можна спрыяць дасягненню кансалідацыі. Рада інтэлігенцыі абрала апошні варыянт. З вясны мінулага года мы пачалі сустрэчы з лідэрамі партый і рухаў. Потым, на прапанову АДС, увайшлі ў групу па выпрацоўцы працэдуры выхаду на «адзінага» кандыдата. Амерыканская мадэль «праймэрыз», якая была прапанаваная ў якасці такой працэдуры, выклікала нашую крытыку.
Такія мадэлі паспяхова працуюць у дэмакратычных грамадствах, дзе людзі пакаленнямі выхоўваюцца ва ўмовах вяршэнства закону, свабоды слова, незаангажаванасці СМІ. Але капіяваць іх у Беларусі, дзе ўсе названыя ўмовы сёння існуюць з дакладнасцю да наадварот, — справа, на наш погляд, марная. І тое, што наладзіць «праймэрыз» так і не ўдалося, пацвярджае гэтую аксіёму. Але не вырашае праблемы кансалідацыі. Таму
Рада інтэлігенцыі аднавіла кансультацыі з дэмакратычнымі лідарамі, а таксама з іншымі асобамі, якія выказалі намер вылучацца ў якасці кандыдатаў.

Пра ўсе сустрэчы паведамлялася ў прэсе.

Для тых, хто чытае толькі «Нашу Ніву», паведамляю, што адбыліся сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам, Віктарам Карняенкам, Віктарам Івашкевічам, Мікалаем Статкевічам, Лявонам Баршчэўскім, Аляксеем Янукевічам, Анатолем Лябедзькам, Аляксандрам Ярашуком, Сяргеем Калякіным, Андрэем Саннікавым, Алесем Міхалевічам, Віталем Рымашэўскім, Аляксандрам Казуліным, Вольгай Карач, Уладзімірам Някляевым, Таццянай Процькай.

Магу засведчыць, што сярод гэтых асобаў ёсць сапраўды вартыя звання «адзінага» і здольныя вырашаць праблемы, з якімі сутыкнецца посттаталітарная Беларусь. Пры размове з імі, мы яшчэ раз пераканаліся, што ўсё гэта будзе магчымым, толькі калі ўсе прэтэндэнты свядома пагодзяцца спрацаваць як адна каманда, да якой далучацца ўсе тыя, хто падзяляе супольныя мэты. А калі такой каманды не будзе, пытанне вызначэння «адзінага» проста страчвае сэнс.

Практычна ўсе ўдзельнікі сустрэчаў пагадзіліся з думкай аб неабходнасці кансалідацыі і выхаду на «адзінага». Пераважная большасць пагадзілася з тым, што гэтыя праблемы павінны вырашацца як мага раней, да пачатку збору подпісаў.

Такім чынам, цяпер

удзельнікі гэтага працэсу выходзяць на варыянт «круглага стала», на якім яны самі паспрабуюць вызначыць, каму даручыць званне «адзінага». Радзе інтэлігенцыі прапанавана выконваць пры гэтым каардынацыйную ролю. А калі ўдзельнікі «круглага стала» не здолеюць дасягнуць кансэнсусу, кандыдатуру «адзінага» можна вызначыць групай экспертаў. Потым гэтую кандыдатуру можна будзе прадставіць на зацвярджэнне Кангрэсу дэмакратычных сілаў як адказнае калектыўнае рашэнне. І прапанаваць беларускаму грамадству падтрымаць гэтае рашэнне.

Безумоўна, усё гэта магчыма толькі тады, калі ўсе удзельнікі гэтага працэсу ўздымуцца да разумення адказнасці за справу, якую яны ўзяліся рабіць. Адказнасці перад Народам, Краінай, перад сваім сумленнем. Калі будуць адкінутыя ўсе кан’юнктурныя, амбіцыйныя ці карыслівыя матывы. Калі мэта будзе толькі адна — пабудова незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі.

Менавіта

на такіх пазіцыях стаяла і будзе стаяць Рада беларускай інтэлігенцыі. Паведамляю тым, хто гэтага яшчэ не ведае: сябры нашай Рады здольныя не толькі казаць пра свае намеры, але і адказваць за свае словы.
Яны засведчылі гэта канкрэтнымі вынікамі сваёй прафесійнай дзейнасці, якія прызнаныя не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Будзе недарэчна прыводзіць тут увесь спіс Рады. Але, думаю, варта назваць імёны акадэмікаў Радзіма Гарэцкага, Аляксандра Вайтовіча, Івана Нікітчанкі, паэта і грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна, мастака Алеся Марачкіна, кінадраматурга Уладзіміра Халіпа, журналістаў Анатоля Гуляева, Святланы Калінкінай, Аляксея Караля, Марата Гаравога, гісторыкаў і грамадскіх дзеячаў Валянціна Голубева і Алега Трусава, генерала і грамадскага дзеяча Валерыя Фралова, дыпламата Пятра Садоўскага. Нагадваю гэта толькі таму, што за апошнія гады ў Беларусі ўтварылася нешта накшталт моды ліць бруд на ўсіх, хто варты павагі і карыстаецца аўтарытэтам у грамадстве. Каму гэта выгадна — здагадацца няцяжка.

А што адбываецца, калі да ўлады прыходзяць асобы, якія ненавідзяць інтэлігентнасць і інтэлігенцыю, паказвае прыклад гісторыі, якую перажыла Еўропа ў ХХ стагоддзі, і якую дагэтуль перажывае Беларусь. Няўжо некаму мала?..

З павагай да чытачоў «Нашай Нівы»,

Уладзімір Колас,

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0